Галасаваць за сваю будучыню
25 красавіка адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 26 склікання. Што думаюць жыхары Маларытчыны пра гэтую палітычную падзею? Ці маюць намер прыняць у ёй удзел? З такімі пытаннямі карэспандэнты газеты звярнуліся да жыхароў раёна.
Людміла Мірчук, в.Хаціслаў:
-Я пайду галасаваць абавязкова. Для гэтага ёсць сур’ёзная падстава: Уладзімір Смаль, дэпутат сельскага Савета, узяўся аказаць пасільную дапамогу ў рамонце дома, у якім жыву. А наогул дэпутаты – нашы першыя і надзейныя памочнікі, дарадцы, прадстаўнікі ўлады на месцах. Да каго, як не да іх, у першую чаргу звяртаешся за вырашэннем набалелых праблем і пытанняў, што ўзніклі. Кожны раз, як узнікаюць праблемы, не паедзеш у Брэст ці Мінск. На жыццё трэба глядзець рэальна. За дапамогаю “кінешся” да таго, хто бліжэй. А яшчэ праз дэпутатаў, думаецца, кожны з нас ускосна ўдзельнічае і ў кіраванні раёнам, вобласцю.
Надзея Бірыла, в.Хаціслаў:
-Для мяне не ўзнікае пытанне: ісці альбо не ісці на выбары. Гэта, мне здаецца, рытарычнае пытанне і для многіх жыхароў нашага сельсавета, раёна, вобласці, бо галасаваць трэба ісці адназначна. Яны, як той каталізатар, правяраюць кожнага чалавека на грамадзянскую свядомасць. Калі чалавек не ідзе на выбарчы ўчастак – значыць яго не на ўсе 100% можна лічыць грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны… Я пераканана, дэпутаты клапоцяцца пра якасць нашага жыцця, імкнуцца яго палепшыць. На выбары проста неабходна пайсці, каб выбраць “свайго”, годнага прадстаўніка ад народа на розных узроўнях улады.
Людміла Лаўрэенка, г. Маларыта:
-25 красавіка — трэція выбары ў маім жыцці. Прагаласаваць – мой абавязак як законапаслухмянага грамадзяніна. Пераканана: людзі майго ўзросту (моладзь) не могуць быць абыякавымі да свайго лёсу і лёсу краіны, у якой жывуць. А неяк змяніць недалёкае будучае да лепшага можна толькі праз абранага дэпутата. Выбары – магчымасць выбраць сваю будучыню. Яна ў нашых руках. Выбары – важны палітычны працэс, да якога нельга ставіцца як да нечага неістотнага, другараднага, непатрэбнага. Яны ў маіх інтарэсах. Гэта адназначна павінна зрабіць я, кожны жыхар Маларытчыны, як і ўсёй Беларусі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота Алега Крэмянеўскага.