УСПОМНІЦЕ ПРА СВАЮ КАРТКУ

Каму давядзецца датэрмінова перааформіць дагавор да банкаўскай карткі?
Новая рэдакцыя Банкаўскага кодэкса Беларусі, якая ўступіла ў сілу 22 студзеня г.г., прынесла значныя змяненні ў сферу безнаяўных разлікаў. У прыватнасці, з абноўленага кодэкса выключылі тэрмін “карт-рахунак”, а тэрмін “банкаўская пластыкавая картка” замянілі на “банкаўская плацёжная картка”. У сувязі з гэтымі змяненнямі ўсім фізічным і юрыдычным асобам, якія маюць карт-рахункі, а таксама індывідуальным прадпрымальнікам давядзецца ў 2013 годзе звярнуцца ў банкі для перазаключэння дагавораў да сваіх плацёжных картак.
Даведацца, які рахунак адкрыты да вашай карткі, можна, зазірнуўшы ў дагавор, заключаны з банкам. Для гэтага трэба патэлефанаць у кантакт-цэнтр банкаўскай установы, а таксама па тэлефону, указанаму на адваротным баку карткі, ці звярнуцца непасрэдна ў банк. Акрамя таго, самі банкі таксама прыступілі да інфармавання сваіх кліентаў, размясцілі ўказанні, як дзейнічаць, на сайтах і разаслалі іх у электронным выглядзе.
У выпадку, калі адкрыты карт-рахунак, чалавеку неабходна звярнуцца з пашпартам у аддзяленне банка, дзе была аформлена картка. Там яму прапануюць заключыць дадатковае пагадненне да дагавора карт-рахунку, прыняўшы да ўвагі, што ён быў перааформлены банкам на бягучы рахунак згодна са змяненнямі ў Банкаўскім кодэксе, якія ўступілі ў сілу. Пры гэтым пераважна ніякіх змяненняў ва ўмовах выкарыстання свайго рахунку кліент не адчуе.
Гэтая працэдура не патрабуе змены карткі і дадатковых затрат. Пры гэтым раней выдадзеная плацёжная картка будзе функцыянаваць да канца свайго тэрміну. Адзіны нюанс — выканаць указаныя дзеянні неабходна да канца 2013 года, бо затым рахунак будзе закрыты, а выдадзеная да яго банкаўская картка, адпаведна, стане несапраўднай.
Нягледзячы на вялікі аб’ём работы для банкаў, гэта бу­дзе зусім звычайная аперацыя, адзначаюць у саміх банкаўскіх установах. Да таго ж праходзіць яе давядзецца не ўсім уладальнікам плацёжных картак. У некаторых банках карткі для фізічных асоб выпускалі адразу да бягучых рахункаў. Такая сітуацыя, да прыкладу, у ААТ “БанкБелВЭБ”. Што датычыць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, дык аб парадку і неабходнасці пераафармлення дагавораў да карт-рахункаў яны былі праінфармаваны банкам загадзя.
У ААТ “Белінвестбанк”, які ўваходзіць у лік лідараў па эмісіі плацёжных карт у Беларусі, да працэдуры пера­афармлення дагавораў таксама падышлі з усёй адказнасцю. Заключыць дадатковыя пагадненні ў гэтым банку давядзецца не толькі юрыдычным асобам і ІП, але і ўсім фізічным асобам. Цяпер банк задзейнічаў праграмнае забеспячэнне, якое пры падключэнні кліентам нейкага сэрвісу, што датычыць карткі, ці ажыццяўлення іншых падобных дзеянняў прапаноўвае яму заключыць новую форму дагавора з улікам усіх змяненняў, якія ўступілі ў сілу з 22 студзеня. Таксама кліенты праінфармаваны на сайце банка пры дапамозе электронных пісьмаў, сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.
У Нацыянальным банку неабходнасць змяненняў тлумачаць імкненнем уніфікаваць работу банкаў з кліентамі, забяспечыць аптымальную колькасць адкрываемых кліентам рахункаў, а ў будучым зменшыць колькасць заключаемых банкамі асобных дагавораў з кожным з кліентаў, аказваць ім у рамках аднаго дагавора поўны комплекс паслуг па аддаленаму доступу да рахунку ў банку. Прасцей кажучы, банкіры такім чынам хочуць зменшыць колькасць рахункаў на карысць пашырэння інструментаў для ажыццяўлення аперацый з імі.
Раней для адлюстравання аперацый з дапамогай банкаўскіх картак фізічнай ці юрыдычнай асобе трэба было адкрыць спецыяльны карт-рахунак. Цяпер жа развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій дазваляе перадаваць плацёжныя інструкцыі кліента ў банк не толькі з выкарыстаннем картак, але пры дапамозе такіх сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, як Інтэрнет-банкінг, Мабільны банкінг, СМС-банкінг і ТВ-банкінг, калі такая магчымасць прадугледжана дагаворам паміж банкам і кліентам. “Улічваючы, што рэжым функцыянавання карт-рахункаў і бягучых рахункаў аднолькавы, неабходнасць у заключэнні асобнага дагавора карт-рахунку цяпер адсутнічае”, — тлумачаць у Нацыянальным банку.
Пры эмісіі банкам плацёжнай карткі з кліентам будзе заключацца дагавор бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку, дагавор банкаўскага ўкладу (дэпазіту) альбо крэдытны дагавор. Адной з умоў такіх дагавораў будзе вызначана магчымасць распараджэння грашовымі сродкамі з выкарыстаннем плацёжнай карткі. Калі па жаданні кліента банк выпускае ў абыходжанне плацёжную картку да рахунку кліента, які ёсць у банку, з кліентам будзе заключацца дадатковае пагадненне да існуючага дагавора разліковага банкаўскага рахунку альбо дагавор банкаўскага ўкладу (дэпазіту).
БелТА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий