Олтушскія стралкі на пазіцыі лепшых

У раёне пачаўся месячнік выхаваўча-патрыятычнай работы, прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны і 95-годдзя Узброеных Сіл РБ. Праводзіцца месячнік у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “ДТСААФ: слаўнае імя мацуй справамі сваімі”, прысвечанай 14-му з’езду ДТСААФ.
Усе мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца ў час месячніка, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, нацэлены звярнуць увагу маладога пакалення на тое, што побач з намі, у адным горадзе ці вёсцы, жывуць тыя людзі, хто перажыў цяжкасці вайны, хто ваяваў, не шкадуючы сіл і жыцця для таго, каб будучыя пакаленні жылі ў міры, а яшчэ, каб напомніць, што ёсць такая прафесія – абараняць радзіму. Як старшыня прызыўной камісіі, ён пажадаў юнакам набірацца сіл і адказна рыхтавацца да армейскай службы.
Пра тое, якімі цяжкімі былі вогненныя 40-ыя гады мінулага стагоддзя, расказаў школьнікам ветэран Вялікай Айчыннай вайны маларытчанін Іван Шыцікаў.
— Я б ніколі не хацеў, каб вы адчулі тое, што выпала на нашу долю, калі мы, 18-гадовыя юнакі, апранулі шынялі, атрымалі ў рукі зброю і пайшлі ваяваць. Вораг не шкадаваў нікога, і трэба было выстаяць, ачысціць ад фашыстаў сваю зямлю, — гаварыў Іван Емяльянавіч.
Для яго, чалавека, які бачыў усю жорсткасць вайны, слова патрыятызм гучыць асабліва. Важны сэнс яго ветэран пастараўся данесці да юнакоў, заўважыўшы, што радзіма ў нас адна, і вельмі важна ўмець яе абараніць.
Менавіта ад моладзі залежыць будучыня краіны, падкрэсліла, вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Надзея Пстыга. Школьнікаў, як адзначыла яна, у лютым будзе чакаць нямала цікавых мерапрыемстваў. Гэта і сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, і ўрокі мужнасці, і “Рыцарскі турнір”, і агляды-конкурсы строю і песні, і аўтапрабег па месцах баявой славы, і конкурсная праграма для падлеткаў “Армейская школа”, і першынство раёна па міні-футболу, і шматлікія канцэртныя праграмы, і многае іншае.
Інструктар Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянціна Козак, акрэсліваючы галоўныя задачы месячніка, назвала прозвішчы старшынь пярвічных арганізацый устаноў адукацыі раёна, якія за асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўных задач былі ўзнагароджаны граматамі.
…Гучыць гімн. Прадстаўнікі олтушскай каманды, пераможцы мінулагодніх спаборніцтваў па кулявой стральбе, узнімаюць дзяржаўны флаг. Месячнік выхаваўча-патрыятычнай работы адкрыты. І юнакоў чакае першынство па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Паспаборнічаць у трапнасці на гэты раз вырашылі 13 каманд з агульнаадукацыйных устаноў раёна. У спартыўнай зале разгарэлася сапраўдная барацьба за перамогу. У атмасферы спартыўнага саперніцтва кожны са стралкоў імкнуўся быць лепшым. Па колькасці трапных выстралаў вызначыліся пераможцы ў асабістым заліку. У стральбе з апорай на стол лепшымі сталі Дзмітрый Холапаў з Олтушскай СШ (І месца), Віктар Яўтушык з Ляхавецкай СШ (ІІ месца), Максім Шчыкаў з раённай гімназіі (ІІІ месца). У стральбе стоячы роўных не знайшлося Дзянісу Цыганчуку з Ляхавецкай СШ (І месца), Івану Крэню з Олтушскай СШ (ІІ месца) і Аляксандру Рачкоўскаму з раённай гімназіі (ІІІ месца). У практыкаванні “Стральба з калена” самымі трапнымі былі Артур Крэнь з Олтушскай СШ (І месца), Леанід Курдзюк з Ляхавецкай СШ (ІІ месца) і Іван Лук’янчук з Гвозніцкай СШ (ІІІ месца).
У камандным заліку пераможцамі зноў, як і летась, сталі стралкі з Олтушскай СШ, на другую прыступку пашаны паднялася каманда Ляхавецкай СШ, трэцяе месца занялі прадстаўнікі раённай гімназіі. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, а трэнер каманды-пераможцы Анатоль Алесік за добрую падрыхтоўку юных стралкоў атрымаў грамату.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час адкрыцця месячніка выхаваўча-патрыятычнай работы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий