САКРЭТЫ ЖЫРОЎКІ

Як вядома, з 1 лютага дзейнічаюць дыферэнцыраваныя тарыфы на паслугі газазабеспячэння. Якія асаблівасці аплаты за газ па-новаму? Колькі і хто цяпер будзе плаціць за спажытае блакітнае паліва? Як пазбегнуць праблем пры аплаце за газ? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае начальнік Маларыцкага цэха МВУ “Кобрынміжрайгаз” Яўген Лук’янчук.
— Яўген Ксенафон­тавіч, давайце рас­тлумачым нашым чытачам, што такое дыферэнцыраваныя тарыфы, для чаго яны ўведзены, для якіх катэгорый насельніцтва?
— Дыферэнцыраваныя тарыфы на паслугі газазабеспячэння – гэта трохступенчатая сістэма тарыфаў у залежнасці ад аб’ёмаў спажывання. Мэтай увядзення іх з’яўляецца стымуляванне насельніцтва эканомна расходаваць газ. Яны распаўсюджваюцца толькі на абанентаў, якія маюць газавае ацяпляльнае абсталяванне (катлы). Прычым не важна, дзе яны будуць устаноўлены, у індывідуальным доме ці ў шматпавярховым з пакватэрным ацяпленнем. На тых абанентаў, у якіх не ўстаноўлены газавыя катлы, тарыфы не распаўсюджваюцца. Не датычацца яны і шматдзетных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, сямей, дзе выхоўваюцца дзеці і дзе абодва бацькі ў поўнай сям’і (ці адзіны бацька ў няпоўнай сям’і) з’яўляюцца інвалідамі І і ІІ груп. Тарыфы не распаўсюджваюцца таксама на сем’і, у якіх адзін з бацькоў, калі сям’я поўная, з’яўляецца інвалідам І групы, а другі даглядае за ім і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам; а таксама на няпоўныя сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда.
— У чым асноўныя асаблівасці дыферэн­цыраваных тары­фаў?
— Асноўным з’яўляецца тое, што цяпер пры вызначэнні цаны на газ будзе ацэньвацца колькасць газу, спажытага абанентам з пачатку года. Згодна з Пастановай Саўміна № 52 ад 23.01.2013 г. устаноўленая закана­даўствам сацыяльна арыентаваная цана на газ будзе прымяняцца толькі да таго часу, пакуль абанент не спажыве з пачатку года 3000 куб. метраў газу. Пасля перавышэння гэтага аб’ёму да цаны на газ будзе прымяняцца павышаючы каэфіцыент, роўны 1,3. Гэта значыць пасля таго, як абанент спажыве ўказаную колькасць газу з пачатку года, расходаваны звыш гэтай колькасці газ для яго падаражае на 30%. Калі спажывец зрасходуе з пачатку года больш за 5500 м. куб. газу, то з гэтага моманту і да канца года цана газу, спажытага звыш названай лічбы, для яго стане роўнай той, што забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат. Такім чынам, для тых спажыўцоў, якія зрасходуюць на працягу года не больш за 3000 м куб. газу, цана на яго павялічвацца не будзе.
— Яўген Ксенафон­тавіч, спажыўцам, відаць, будзе цікава даведацца, як правільна аплаціць за зрасходаваны газ, калі, напрыклад, на першае чысло пэўнага месяца аб’ём, спажыты з пачатку года, складзе 2900 м куб., а за гэты месяц будзе спажыта 300 кубаметраў?
— У такім разе за 100 м куб. газу трэба заплаціць па дзеючай у гэтым месяцы цане без прымянення павышаючага каэфіцыента, а за астатнія 200 м куб. — з прымяненнем каэфіцыента 1,3.
— Якія цэны на газ дзейнічаюць у 2013 го­дзе?
— З 1 студзеня 2013 г. на прыродны газ устаноўлены наступныя цэны. Так, кошт 1 м куб. газу для абанентаў, якія карыстаюцца катламі і маюць прыборы ўліку расходу газу, у ацяпляльны перыяд складае 358,8 руб., а ў летні – 933,6 руб. Пры адсутнасці прыбораў уліку цэны на газ для абанентаў, у якіх устаноўлены катлы, залежаць ад агульнай плошчы і складаюць у ацяпляльны перыяд 2044 руб., у летні – 766,5 руб. за 1 кв. метр агульнай плошчы. Цана газу для абанентаў, у якіх ёсць прыборы ўліку і няма газавых ацяпляльных прыбораў, складае 933,6 руб. за 1 м куб. на працягу ўсяго года.
Для абанентаў, у якіх няма прыбораў уліку і газавых ацяпляльных прыбораў, цана залежыць ад таго, колькі чалавек жыве ў кватэры, і будзе наступнай на працягу года:
— пры наяўнасці газавай пліты і цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння ці індывідуальнага воданагравальніка, за выключэннем газавага, — 7468,8 руб. на 1 чалавека ў месяц;
— пры наяў­насці газавай пліты і газавага воданаграваль­ніка, калі адсутнічае цэнт­ралізаванае гарачае водазабеспячэнне, – 21472,8 руб. на 1 чалавека;
— пры наяўнасці газавай пліты і адсутнасці цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і газавага воданагравальніка – 12136,8 тыс. руб. на 1 чалавека.
Цана, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, складае 2095,1 руб. за 1 куб. метр газу.
— З якога часу ўводзяц­ца дыферэнцыраваныя тарыфы?
— Яны пачалі дзейнічаць з 1 лютага г.г., лічыць гадавы расход за гэты год трэба з 1 студзеня 2013 г. Аднак для абанентаў, што маюць газавыя ацяпляльныя прыборы і ў якіх няма прыбораў уліку расходу газу, цана на газ з 1 ліпеня 2013 г. стане роўнай цане, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, ці 2095,1 руб. за 1 куб. метр незалежна ад аб’ёму спажывання.
— Яўген Ксенафон­тавіч, ці шмат абанен­таў спажываюць прыродны газ у аб’ёмах, якія перавышаюць 3000 м. куб. у год?
— Аналіз спажывання блакітнага паліва па Брэсцкай вобласці ў 2012 годзе паказвае, што са 115 тысяч абанентаў, якія маюць ацяпляльнае абсталяванне, 83 тысячы, ці 72%, спажылі да 3000 м куб., а 30 тысяч абанентаў, ці 26%, расходавалі ад 3000 да 5500 м куб., і 2600, ці 2%, спажылі больш за 5500 м куб. Пры гэтым трэба памятаць, што абаненты, якія спажывуць больш за 3000 м куб. газу на працягу года, далёка не ўвесь газ будуць аплачваць па павышанай цане. За першыя 3000 м. куб. яны аплацяць па дзеючых цэнах без павышаючага каэфіцыента, наступныя 2500 м куб. – з павышаючым каэфіцыен­там, роўным 1,3, і толькі астатні газ (звыш 5500 м куб.) па цане, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, альбо 2095,1 руб. за 1 м куб. Па выніках мінулага года 84,1% спажытага ў вобласці газу аплачвалася б без павышаючых каэфіцыентаў, 14,1% — з каэфіцыентам 1,3, і 1,8% — па цане 2095,1 руб. за 1 м куб.
— Што трэба ведаць абаненту, каб не ўзнікалі праблемы з аплатай за газ?
— У першую чаргу спажывец павінен аплачваць за газ штомесячна, своечасова да 25 чысла, і ў тым аб’ёме, які сапраўды спажыты на працягу месяца. Тады не ўзнікне пытанняў налічэння пені за несвоечасовую аплату, і не будзе спрэчак пра тое, што абаненту газавікі налічылі за газ не з той разбіўкай па месяцах, як яму хацелася б. Па-другое, з увядзеннем новых тарыфаў абаненту трэба кантраляваць аб’ём газу, спажытага з пачатку года, аналізаваць яго, беражліва расходаваць паліва і не дапускаць яго спажывання звыш сапраўды неабходнага. Па-трэцяе, абанентам, у каго няма прыбораў уліку расходу газу, трэба іх устанавіць. У гэтым выпадку аплачваць за спажытае паліва яны будуць у адпаведнасці з сапраўдным аб’ёмам, а не згодна з нормамі. І апошняе, што хацеў бы сказаць. З увядзеннем дыферэнцыраванай аплаты прадугледжваецца павышэнне адказнасці за правільную аплату. У выпадку выяўлення заніжэння аб’ёмаў спажытага паліва розніца паміж аплачанымі і выяўленымі аб’ёмамі спажытага газу аплачваецца па ўстаноўленых заканадаўствам цэнах на газ, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат.
***
Больш падрабязную інфармацыю па пытаннях аплаты за газ можна атрымаць па тэл. 2-70-63 у рабочыя дні з 8.00 да 12.00 і з 13.00 да 17.00.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: на­чаль­нік Маларыцкага цэха МВУ “Кобрын­міжрайгаз” Яўген ЛУК’­ЯНЧУК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 13.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


автополив hunter

здесь np.com.ua

читать дальше sledoc.com.ua