Грунтоўна аб поспехах і праліках

На справаздачны сход, каб падвесці вынікі мінулагодняй працы, сабраўся ўвесь вялікі калектыў прыватнага прадпрыемства “Савушкіна”. У сваім дакладзе старшыня гаспадаркі Пётр Яцура грунтоўна, на канкрэтных прыкладах аналізаваў работу ў галінах, параўноўваў лічбы, звяртаў увагу на прабелы ў рабоце, называў прычыны іх, засяроджваў увагу на тым, што трэба зрабіць, каб палепшыць тыя паказчыкі, якія аказаліся ў мінусе.
Большасць з пастаўленых на 2012 год задач, як адзначалася ў справаздачы, былі выкананы. Атрымалася захаваць тэмпы росту вытворчасці малака, фактычна яны склалі 112,4%, валавая вытворчасць малака за год дасягнула 14396 тон, яго таварнасць — 90,3%. Прадпрыемства займае пятае месца ў вобласці па сярэднясутачных прыбаўленнях ў вазе на дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, прыбаўленні складаюць 813 грамаў, па выніках 9 месяцаў мінулага года “Савушкіна” было ўдастоена дыплома за 3 месца ў спаборніцтве сярод арганізацый, якія атрымалі самыя высокія вынікі ад рэалізацыі мяса на 100 бала/гектараў сельгасугоддзяў. Сярод дасягненняў гаспадаркі — першае месца ў раёне па нарыхтоўцы кармоў.
Але кіраўнік у сваім выступленні гаварыў не толькі пра пазітыўнае. Пётр Пракопавіч адкрыта закрануў і тыя праблемы, якія прывялі да мінусаў у пэўных паказчыках вытворчасці.
Ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства “Савушкіна” атрымала летась выручку ў 3 мільярды 411 мільёнаў рублёў. Але ў сувязі з тым, што ўраджайнасць азімага рапсу і кукурузы на зерне была невысокай, а з ростам затрат на вытворчасць іх сабекошт значна павялічыўся, фінансавы вынік атрымаўся адмоўны. З запланаваных 9 тысяч тон збожжа, хоць ураджайнасць зерневых была 36,9 цэнтнера з гектара, удалося сабраць толькі крыху больш за 6 тысяч тон. Сваю ролю тут адыграла засушлівае надвор’е, якое не дало магчымасці назапасіць патрэбную колькасць кармоў з траў для пагалоўя, што павялічылася летась на 662 і складае 6432 галавы (2334 з іх – каровы). Таму на кукурузны сілас давялося адводзіць лепшыя ўчасткі пасаджанай у гаспадарцы кукурузы. Але ў гаспадарцы, спасылаючыся на прыродныя ўмовы, прызнаюць і свае недапрацоўкі. Летась не атрымалася пад поўную патрэбу ўнесці на палі азот, у выніку расліны не набылі столькі сіл, каб устаяць перад засухай. Кукуруза, як адзначаў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Гусак, проста “гарэла” на корані.
Не ўсё было добра і ў галіне жывёлагадоўлі. Прадуктыўнасць дойнага статка ў цэлым па гаспадарцы склала 6866 кілаграмаў малака ад каровы.Вынік, здавалася б, нядрэнны. Але “Савушкіна” “мінусавала” ў параўнанні з папярэднім годам на 123 кілаграмы. На фермах прадпрыемства, як канстатаваў Пётр Яцура, створаны такія ўмовы для вытворчасці малака, якіх няма ў іншых гаспадарках раёна, а новая ферма ўвогуле па абсталяванні і тэхналогіях адзіная ў рэспубліцы, назапашаны якасныя кармы, але выніку, які павінен быць, пакуль няма. Параўноўваючы паказчыкі розных падраздзяленняў, кіраўнік пераконваў, што многае залежыць менавіта ад чалавечага фактару. Прычым, калі на ферме “Лазіца”, дзе рэнтабельнасць малака складае 94,8%, многае яшчэ залежыць ад аператараў машыннага даення, іх сумленных адносін да сваёй справы, дык на ферме “Новай”,дзе працуюць ужо па суперсучасных тэхналогіях, галоўная роля адводзіцца спецыялістам. Менавіта іх недапрацоўкі прыводзяць да выбыцця кароў, а значыць, і да недаатрымання прадукцыі.
— Малако – лакмусавая папера работы ўсяго калектыву, — заўважыў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, які прысутнічаў на сходзе. – Да атрымання гэтага прадукту маюць дачыненне ўсе – і агранамічная служба, якая забяспечвае кармамі, і зоаветэрынарная, і самі жывёлаводы. І калі няма выніку, значыць, недзе недапрацавалі ўсе. Важна знайсці прычыны “мінусаў”, прааналізаваць іх.
Называючы ў сваім дакладзе лічбы, да якіх трэба імкнуцца, Пётр Яцура асобна спыніўся на пытаннях эканоміі і беражлівасці, бо менавіта абыякавасць прыводзіць да лішніх затрат. Прычым беражлівым, як адзначыў кіраўнік, трэба быць і ў адносінах да сваёй заработнай платы. Недаатрымаўшы малака, гаспадарка згубіла грошы, якія пайшлі б у тым ліку і на павелічэнне заработнай платы, і на дадатковыя прэміі.
І ўсё ж калектыў, як падкрэсліў кіраўнік прадпрыемства, папрацаваў нядрэнна. А таму і заслужыў словы падзякі.
Вялікая група перадавікоў гаспадаркі была ўшанавана прэміямі, у гонар іх быў дадзены канцэрт.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Пётр Яцура ўручае Грамату Алене Лямачка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.02.2013 г.

Добавить комментарий


www.sweet-smoke.com.ua

teplostar.kiev.ua

www.fashioncarpet.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!