Чалавечы фактар ніхто не адмяняў

Частая змена кіраў­нікоў у СВК “Ля­хаўцы”, а цяперашні старшыня Юрый Ківачук за справаздачны год тут трэці, вядома ж, не магла не адбіцца на рабоце кааператыву. Таму і правалы ў выкананні прагнозных заданняў па большасці паказчыкаў у нейкай ступені аб’ектыўныя. Хаця цяперашні кіраўнік СВК Юрый Ківачук бачыць прычыны гэтага і ў іншым. І найперш, у чалавечым фактары, які ніхто не адмяняў.
Скажам, не на належным узроўні ў гаспадарцы арганізацыя працы, у час вясенніх палявых работ не захоўваюцца тэхналагічныя патраба­ванні, не ўсе са спецыя­лістаў валодаюць доб­рымі ведамі, многіх спецыялістаў не хапае, не ўсе з работнікаў аднолькава адносяцца да выканання сваіх абавязкаў.
— Сама па сабе карова дае малако экстра-класа, — гаварыў старшыня, — але высокія якасці яно страчвае ў працэсе вытворчасці.
Летась СВК “Ляхаўцы” не прадаў дзяржаве ні адной тоны малака экстра-класа. Значыць, не ўсе, хто быў задзейнічаны ў працэсе яго вытворчасці, аднолькава добрасумленна выконвалі свае абавязкі, што, у рэшце рэшт, вылілася ў вялікія страты для гаспадаркі. З-за нізкай гатунковасці малака СВК недаатрымаў больш за 1 мільярд рублёў.
У Ляхаўцах аказалася і самая нізкая ў раёне прадуктыўнасць дойнага статка: крыху больш за 4 тысячы кілаграмаў малака ад каровы. Хаця адна з даярак, Марыя Касянюк, змагла атрымаць па 4922 кілаграмы ад кожнай каровы ў сваёй групе, што лішні раз пацвярджае: “надвор’е” ў любой галіне, у любой сферы, на любым участку “робяць” людзі.
І калі гаварыць у цэлым, менавіта ад іх будзе залежаць, ці ўдасца СВК “Ляхаўцы” выйсці з прарыву.
На сходзе гаварылася і пра недахоп тэхнікі, і пра зношанасць той, што ў гаспадарцы ёсць, і г.д. Вядома, роля сучаснай тэхнікі вялікая. Але можна перапоўніць ёю гаспадарку, толькі мала што зменіцца, калі кожны з працаўнікоў СВК не будзе гаспадаром на сваім працоўным месцы, на сваім участку, калі не будзе выконваць грамадскую работу так, як дома сваю.
Аб’ектыўным і ана­літыч­ным быў даклад Юрыя Ківачука. Ён супастаўляў дасягнутыя паказчыкі з паказчыкамі ў іншых гаспадарках, прыводзіў у прыклад кааператывы, дзе навучыліся эфектыўна гаспадарыць. Вось, скажам, СВК “Дарапеевічы”. Рэнтабельнасць вытворчасці летась тут склала 34,7%, а ў Ляхаўцах – 9,2%. Прадуктыўнасць дойнага статка ў Дарапеевічах – 6620 кілаграмаў малака, а ў Ляхаўцах – 4183. На 142 мільёны рублёў выраблена прадукцыі на аднаго работніка ў Дарапеевічах, у Ляхаўцах – на 81. Можна прыводзіць і іншыя паказчыкі, якія пацвярджаюць, што працаўнікам СВК “Ляхаўцы” трэба старацца і старацца працаваць, каб дасягнуць таго ўзроўню вытворчасці, якога сёння дасягнулі лепшыя гаспадаркі раёна.
Ды ад старання залежыць і зарплата. Сёння яна ў ляхавецкіх хлебаробаў і жывёлаводаў нізкая: не дасягае і 2 мільёнаў рублёў…
***
Прыемна, што ў гаспадарцы пры вялікіх фінансавых цяжкасцях знайшлі магчымасць заахвоціць грашовымі прэміямі не толькі лепшых працаўнікоў, але і пенсіянераў, якія ахвотна дапамагаюць СВК у сезон-пік.
Сярод узнагароджаных і малады слесар Міхаіл Самасюк (на здымку).
У рабоце сходу прынялі ўдзел і выступілі першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік райсельгасхарчу Вяча­слаў Федзюковіч, старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Губей, дырэктар Ляхавецкай школы Сяргей Касцевіч і старшыня Макранскага сельвыканкама Барыс Самасюк.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий