Жыццё – у марках

11-15 лютага ў раённым вузле паштовай сувязі экспанавалася філатэлістычная выстава. Тут былі прадстаўлены канверты першага дня спецгашэння, паштовыя маркі і карткі з прыватнай калекцыі Вячаслава Зезюкова (в.Олтуш).Вячаслаў Мікалаевіч маркі збірае з 12-гадовага ўзросту. Спачатку гэта была звычайная гульня, а пазней – сур’ёзнае захапленне. Сёння ў яго калекцыі ёсць маркі рознай тэматыкі і з розных краін свету. Іх толькі па прыблізных падліках налічваецца недзе 12 тысяч, у тым ліку амаль 4 тысячы – часоў існавання СССР. Патрэбныя маркі Вячаслаў Зезюкоў набывае ў аддзяленнях паштовай сувязі і на аўкцыёнах. Ён таксама з’яўляецца ўдзельнікам і дыпламантам многіх выстаў, што праводзіліся не толькі на тэрыторыі Беларусі.
На ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства ў РВПС прыйшлі: Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама; Сяргей Строк,начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама; Ірына Федчык, намеснік начальніка аддзела адукацыі; Вік­тар Копаць, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Брэсцкі саюз філатэлістаў”; Леанід Турын, член савета БрАА ГА “Брэсцкі саюз філатэлістаў”.
Вольга Мыкалаенка, начальнік аддзялення паштовай сувязі, спачатку расказала пра гісторыю ўзнікнення паштовай маркі, пазнаёміла вучняў устаноў адука­цыі горада, якія прысут­нічалі, з этапамі яе развіцця. Затым Вячаслаў Зе­зюкоў, праводзячы экскурсію, цікава расказваў пра сваё захапленне і прад­стаўленую калекцыю.
На выставе было на што паглядзець. Тут экспанавалася амаль 900 марак не толькі былога СССР, але і Беларусі, Ліберыі, Гвінеі, Кубы, Польшчы, В’етнама, Карэі, Манголіі, Венгрыі, Бурундзіі, Маўрытаніі, Кітая…
— Вячаслаў Мікалаевіч, якая самая старая марка ў вас?
— На выставе – 1913 года. Гэта серыя (12 штук), якая выпушчана да 300-годдзя Дома Раманавых. Тут таксама можна ўбачыць маркі, выдадзеныя ў розных краінах свету ў 1960-1990 гады ХХ стагоддзя. Яны прадстаўлены па невялікіх тэматычных групах. Напрыклад, “Першыя савецкія маркі”, “Маскі”, “Рытуальныя танцы”, “Прыгоды”, “Мішкі”, “Жывёлы”, “Хатнія жывёлы”, “Жывапіс”, “Вялікія людзі Беларусі”, маркі 40-х гадоў і ваеннага часу…
Асаблівую цікавасць выклікалі стэнды з маркамі “Пчалярства” (распрацоўваецца з 2011 г.) і “Птушкі возера Олтуш і яго ваколіц”.
— Апошнюю калекцыю перадаў унучцы Надзеі Дземядзюк, вучаніцы 3 класа Олтушскай СШ, — кажа Вячаслаў Зезюкоў. –Над яе папаўненнем зараз працуем разам.
Надзея таксама збірае маркі. Ужо 2 гады. У яе прыватным зборы пакуль што амаль 500 калекцыйных марак. Унучка толькі вучыцца. Яна асвойвае асновы філатэліі, выбірае тэму для збору.
— Мне падабаецца гэтым займацца, — гаворыць Надзея. – Чаго не ведаю, падказвае дзядуля. Зараз папаўняю асабістую калекцыю пра космас. Мяне гэтая тэма асабліва зацікавіла. Мару, каб у мяне было ў клясерах столькі марак, як у дзядулі.
— Адна з мэт выставы, — кажа Вячаслаў Зезюкоў, — дапамагчы дзецям выбраць занятак даспадобы. Збіраць маркі – занятак цікавы, захапляльны, які пашырае кругагляд. Калі з’явяцца жадаючыя, то ў Маларыце можна бу­дзе арганізаваць гурток юных філатэлістаў. Дапамагу ўсім, чым змагу. З задавальненнем адкажу на любыя звязаныя з філатэліяй пытанні, калі яны ўзнікнуць.
* * *
З рук Віктара Копаця маларыцкія калекцыянеры марак Вячаслаў Зезюкоў і Надзея Дземя­дзюк атрымалі дыпломы ад ГА “Беларускі саюз філатэлістаў”. Вячаслаў Мікалаевіч – за развіццё філатэліі на Маларытчыне.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час адкрыцця філатэліс­тычнай выставы ў РВПС.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 23.02.2013 г.

Добавить комментарий


свадебные салоны киева

https://citroen.niko.ua

металлочерепица цена
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!