АХ, ЯК ХОЧАЦЦА ВЯРНУЦЦА Ў БЕЛАРУСЬ!

1. Душа адпачывае там, дзе ёй камфортна
У свой час давялося быць і адпачываць і ў Фінляндыі, і ў Сірыі, але скажу шчыра: нідзе так добра і ўтульна не было, як у роднай Беларусі. Хаця і ў названых краінах нас, рускіх (а была я і ў Сірыі, і ў Фінляндыі ў часы Савецкага Саюза), гасцінна прымалі і арабы, і фіны, наладжвалі для нас цікавыя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, частавалі стравамі нацыянальнай кухні, сваімі нацыянальнымі прысмакамі, вазілі на экскурсіі ў знакамітыя месцы і г.д. Але праходзіла дзён 5-6 і хацелася дамоў, у Беларусь, дзе і паветра, здаецца, больш чыстае і свежае, і сонца больш лагоднае, і прырода самая прыгожая.
А гэта без сумнення так! Некалькі тыдняў таму назад вярнулася з санаторыя, дзе пашчасціла правесці палову свайго чарговага водпуску. Адпачывала ў “Сасновым бары”, што за Радашковічамі, непадалёк ад Маладзечна. Там я была ўжо ў другі раз. Праўда, першы раз – вясною. Але і цяпер уражанні засталіся самыя найлепшыя, бо санаторый размешчаны непасрэдна ў хваёвым лесе, тут цудоўная прырода, маляўнічыя пейзажы, якія не сапсавала і зіма, хутчэй наадварот, яна падкрэсліла, што наша беларуская прырода, нашы беларускія лясы і азёры прыгожыя і непаўторныя ў любы час года.
Добрае марознае над­вор’е спрыяла больш насычанаму адпачынку: можна было ўзяць напракат лыжы і ездзіць на іх, колькі хочаш; можна было (хто таго хацеў) паспытаць рыбацкую ўдачу на невялікім вадаёме, пакатацца на каньках па трывалым лёдзе; можна было проста пасядзець на ўлонні прыроды і паназіраць за дзікімі качкамі, лебедзямі, якія аблюбавалі сабе для зімоўкі месца больш блізкае да людзей. А можна было цэлымі днямі гуляць па рэдкай прыгожосці хваёваму лесу, узбагачаць арганізм чыстым кіслародам і, забыўшы пра ўсё і ўся, адпачываць душою. У той час яна была, як кажуць, на месцы. Яе перапаўнялі толькі станоўчыя эмоцыі. Але не пра гэта я хацела сказаць, калі збіралася пісаць матэрыял.

2. “Шануйце тое, што маеце…”
Немалы працэнт тых, хто ў “Сасновым бары” папраўляў сваё здароўе, – расіяне. Былі і прыбалты, у прыватнасці, літоўцы, і ўзбекі. З многімі з іх размаўляла, бо як журналіста цікавіла, што яны думаюць пра нашу краіну, а многія з іх у Беларусі былі ўпершыню, пра нас, беларусаў.
Большасць з гасцей шчыра прызнаваліся, што ў нашу краіну яны ехалі не толькі, каб паправіць здароўе ў нашых санаторыях, вельмі даступных па цане, але і каб сваімі вачыма пабачыць Беларусь, яе славутыя мясціны, пра якія шмат чыталі і ведаюць.
Дык што яны могуць сказаць пра нашу рэспубліку, упершыню ўбачыўшы яе? Меркаванні ў кожнага з іх былі амаль аднолькавыя: госці ў захапленні ад нашай краіны, ад нашага Прэзідэнта, ад утульнасці і чысціні на нашых дарогах, у нашых гарадах і вёсках, на вуліцах, ад нашай беларускай гасціннасці і шчырасці.
— На вакзале ў Мінску мяне сустракаў прадстаўнік турыстычнага агенцтва, пры дапамозе якога я трапіла ў “Сасновы бор”, — дзялілася Ніна Краўчанка з г. Раменскае Маскоўскай вобласці. – Ехалі па Мінску, па аўтамабільнай трасе, што вядзе да санаторыя, назірала за прыродай, за горадам і вёскамі, ля якіх праязджалі, і мне здавалася, што тут, у Беларусі, дзе я першы раз, мяне чакалі ўсе, што ўсе гатовыя абняць мяне, як самага дарагога госця.
Забягаючы наперад, скажу, што Ніна Краўчанка, мая суседка ў сталоўцы, аказалася вельмі цікавым субяседнікам. І калі гаварыла так добра пра Беларусь, яна сапраўды была шчырай. Яе лічбавая фотакамера ледзьве ўмясціла мноства фотаздымкаў, зробленых у Мінску, у Радашковічах, у касцёле, што ў гэтым невялікім гарадку, на рынку тут жа, на розных мерапрыемствах у санаторыі, пейзажных замалёвак, якія Ніна рабіла для таго, каб паказаць сваім родным і блізкім, сябрам беларускія карцінкі, ад якіх сама была ў захапленні.
А Зінаіда Краўцова з Пярмі, з якой пазнаёміліся ў час прагулкі, нават дала свой наказ:
«Шануйце, беларусы, тое, што маеце! Беражыце свайго “бацьку”, ён – патрыёт, ён шчыра любіць Беларусь і вас, беларусаў. І гэтая любоў творыць цуд! У вас выдатныя не толькі санаторыі і лячэбная база ў іх. Сама ваша краіна цудоўная, у ёй ёсць гаспадар, у ёй парадак, у ёй утульна кожнаму, хто б сюды ні прыязджаў.
Вы можаце ганарыцца сваімі таварамі, — працягвала Зінаіда, — сваімі натуральнымі смачнымі прадуктамі, сваімі традыцыямі і сваёй багатай гісторыяй. Я ў захапленні ад гасціннасці, ветлівасці, добразычлівасці, шчырасці беларусаў. Шануйце сваю незалежнасць і сваю краіну!»
У якасці падарункаў, як і многія, напэўна, іншыя госці, Зінаіда павезла родным, сябрам і знаёмым тавары беларускай вытворчасці, купленыя ў Мінску, Радашковічах. А любяць расіяне і прадстаўнікі іншых краін і нашы трыкатажныя вырабы, і нашу касметыку фірмы “Беліта”, і наш абутак, і нашу кераміку, і нашы кандытарскія вырабы, і нашу малочную прадукцыю, і нашы каўбасныя вырабы і г.д. І перш за ўсё, што яны якасныя.

3. Аздаравіліся духоўна
Зрэшты, у сталіцу Беларусі госці, як заўважыла, робяць не толькі шоп-туры. Суседкі па сталоўцы, даяркі з Падмаскоўя Ларыса і Фаіна, разам з нашымі беларусамі і сваімі землякамі пабывалі і ў тэатры музыкальнай камедыі на спектаклі “Юнона і Авось”, і ў тэатры оперы і балета на “Рамэа і Джульета”, не прапусцілі ніводнага канцэрта артыстаў беларускай філармоніі (ў санаторый яны прыязджалі 2 разы на тыдзень), ні адной экскурсіі па знакамітых і гістарычных месцах. Былі ў Брэсцкай крэпасці, Хатыні, у Белавежскай пушчы, у аквапарку ў г. Маладзечна і іншых вядомых мясцінах, адкуль прывезлі шмат уражанняў.
Словам, госці ў Беларусь едуць не толькі паправіць сваё здароўе ў санаторыях, але і ўвачавідкі пераканацца, што наша краіна – сапраўды незвычайны край, пабываўшы ў якім, атрымаеш не меншае задавальненне, чым у іншай краіне.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано в «ГЧ» 27.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


ценные бумаги виды

profvest.com/

monaliza.kiev.ua/catalog/krivoy-rog/