Смачнае «хобі»

Ларыса Дэйнак, успа­мінаючы, як маленькай дзяўчынкай “чаравала” на кухні, не перастае здзіўляцца цярплівасці сваёй матулі. Не адзін раз кандытарскі “шэдэўр” дачкі, як першы блін, якому, як гаворыцца, наканавана стаць “камяком”, адпраўляўся з духоўкі не на стол, а ў вядро. Маці падказвала, вучыла і чакала, пакуль, спрабуючы зноў і зноў, дзяўчынка асвоіць няпростае, але такое цікавае для яе кандытарскае майстэрства. І ў гадоў трынаццаць Ларыса ўжо добра ўмела пячы пірагі, смак якіх быў знаёмы з дзяцінства, бо некалі яе бабуля вельмі добра пякла і з задавальненнем частавала ўсіх духмянымі печанымі прысмакамі.
— Мне заўжды было цікава асвойваць новыя рэцэпты. Далёка не кожная здоба, якую хацелася спячы, атрымлівалася. Але мне заўжды цікава дабіцца таго, што не атрымліваецца. Некаторыя рэцэпты даводзілася выпрабоўваць, можна сказаць, дзясяткі разоў, пакуль, у рэшце рэшт, не атрымліваўся той вынік, якога чакала, — прызнавалася Ларыса.
Колькі рэцэптаў знайшлі сваё месца на старонках чатырох яе хатніх кулінарных сшыткаў, умелая гаспадыня нават сама не ведае. Многія з іх былі “апрабаваны” ўсяго па некалькі разоў, а потым проста забыліся. Але ёсць каля сотні тых, што сталі любімымі і ў дзяцей Ларысы, якіх у сям’і трое, і ў родных, знаёмых, калег. Гэта і ватрушкі, і пірагі з рознымі начынкамі, і торты, і многае-многае іншае.
— Зараз знайсці новы рэцэпт – не праблема. Ёсць шмат часопісаў, кніг, дапамагае інтэрнэт, у якім можна адшукаць нават пакрокавае прыгатаванне любой стравы. Але мне больш падабаецца выпякаць па рэцэптах, якія бяру ў знаёмых, пачаставаўшыся той ці іншай стравай. Калі ты ведаеш, якім павінен быць вынік, сам працэс прыгатавання ідзе зусім інакш, — заўважае Ларыса.
Між іншым, у кандытарскай справе, як прызнаецца гаспадыня, ёй падабаецца менавіта сам працэс, калі з рознага набору самых простых прадуктаў – мукі, цукру, яек — з дапамогай фантазіі “нараджаецца” шэдэўр. Нярэдка на прыгатаванне яго ідзе некалькі гадзін. Але час, праведзены на кухні, яна не лічыць страчаным. Менавіта тут Ларыса адпачывае ад іншых клопатаў, збіраецца з думкамі.
— Гатаваць – маё хобі, — смяецца жанчына.
І растлумачвае, маўляў, нехта любіць вязаць, вышываць, шыць, а для яе самы любімы занятак — рабіць з цеста розныя прысмакі. Не адзін выхадны дзень не праходзіць у яе без выпечкі. Для Ларысы самая прывычная справа — замясіць адно за другім два-тры віды цеста: на пірагі, на піцу, на торт. Пакуль спраўляецца з адным, другое падспявае. А праз некалькі гадзін сям’я частуецца смачненькім.
Навучыцца добра гатаваць, як лічыць Ларыса, можа і павінна кожная жанчына. А вось у кандытарскай справе ўсё залежыць ад жадання і настойлівасці. Менавіта апошняя дапамагае ёй спраўляцца з самымі складанымі рэцэптамі, дабівацца, каб смак таго ці іншага вырабу сапраўды быў ідэальны. А смачнай любая страва, асабліва вырабленая з цеста, атрымліваецца тады, калі ў яе ўкладзена цяпло рук і душа гаспадыні. Вось чаму не прызнае Ларыса сучасныя хлебапечкі. Яны зручныя, але выраб, як заўважае яна, атрымліваецца “без душы”.
Сваімі рэцэптамі кан­дытар-аматар ахвотна дзеліцца з іншымі і цытуе словы аднаго з мудрацоў: “Настаўнік не той, хто дасягнуў дасканаласці, а той, хто перадаў вопыт іншым”. Прычым даць проста рэцэпт, лічыць Ларыса, значыць нічога не даць, бо пры прыгатаванні стравы ў кожнай гаспадыні ёсць свае сакрэты. Таму, рэкамендуючы спячы торт ці пірог, яна абавязкова “раскладвае ўсё па паліцах”, робіць заўвагі, папярэджвае аб цяжкасцях. З чытачамі “раёнкі” гаспадыня таксама падзялілася рэцэптам торта, які носіць назву “Спартак”:
Для прыгатавання цеста патрэбна ўзяць 3 яйкі, 1 шклянку цукру, узбіць, дадаць 50 грамаў сметанковага масла пакаёвай тэмпературы, крыху солі і 2 сталовыя лыжкі мёду. Усё перамяшаць і, паставіўшы на вадзяную лазню, давесці да кіпення, затым дадаць 1 чайную лыжку негашанай соды. Калі перамешаная маса пачынае пеніцца і падымацца, дабавіць перамешаную з мукою (па 2 чайныя лыжкі) какаву і засыпаць каля трох шклянак мукі. Цеста павінна быць такім, якое можна скатаць у шар і пакласці ў халадзільнік на працяглы час (не менш чым на 2 гадзіны). Затым падзяліць цеста на кавалачкі, раскатаць і выпечы 12-13 каржоў. Іх змазаць крэмам з 2 шклянак смятаны, 1 шклянкі цукру і ваніліну. Зверху упрыгожыць крошкай, арэхамі ці шакаладам.
НА ЗДЫМКУ: Ларыса Дэйнак.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 27.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.