Сапраўдны майстар

Спорт Аляксандр Сезік любіў яшчэ са школьных гадоў. З задавальненнем займаўся бегам, наведваў трэнажорную залу. Аднойчы, было гэта ў 1995 годзе, тады Аляксандр адслужыў ужо армейскую службу, знаёмы прапанаваў яму паспрабаваць сябе ў гіравым спорце. Першыя спробы, хоць гэта была немалая нагрузка на арганізм, юнаку спадабаліся. Так пачаліся трэніроўкі, а потым і ўдзел у спаборніцтвах, дзе ўдалося перамагчы.
Але займацца гіравым спортам прафесійна Аляксандр пачаў, калі прыйшоў на службу ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях. На занятках у Брэсцкім вучэбным цэнтры абласнога ўпраўлення МНС у 2001 г. яго заўважыў трэнер Уладзімір Сігневіч. Менавіта ён дапамог Аляксандру паверыць у свае сілы і выконваць спартыўныя практыкаванні так, каб быў вынік. Вынікаў доўга чакаць не давялося. Амаль кожныя спаборніцтвы прыносілі прызавыя месцы. У раёне, ды і, можна сказаць, у вобласці, не было яму роўных. Добра выступаў пажарнік-спартсмен і на спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню. У яго скарбонцы 11 медалёў і больш за 30 грамат і дыпломаў за перамогі ў разнастайных спаборніцтвах. Пастаянныя трэніроўкі, работа над сабою дапамаглі Аляксандру Сезіку выканаць нарматыў і атрымаць у ліпені 2011 года званне майстра па гіравым спорце. Прычым, калі ў некаторых іншых відах спорту перамогі могуць быць выпадковымі, тады, да прыкладу, калі спартсмену патрапіў слабы сапернік, дык у гіравым — ролю іграе толькі асабісты вынік. Каб заслужыць званне майстра, Аляксандру давялося ні многа, ні мала зрабіць 40 рыўкоў гіры ў 32 кілаграмы левай рукою і 47 – праваю.
У гіравым спорце галоўны залог поспеху – сілавая вынослівасць. Тут важна не толькі падняць немалую вагу, але і вытрымліваць нагрузку на працягу пэўнага часу. Менавіта гэты від спорту, як лічыць Аляксандр, самы блізкі да прафесіі выратавальніка-пажарнага, бо ў час пажару трэба спрытна спраўляцца з рукавамі, у кожным з якіх па 40 літраў вады, а сам пажарны экіпіраваны ў касцюм, вага якога 15-16 кілаграмаў.
Быць заўжды ў форме, па-ранейшаму перамагаць на спаборніцтвах, а апошнія праводзіліся ў вобласці ў студзені г.г., і на іх заняў Аляксандр Сезік другое месца, дапамагаюць пажарнаму-спартсмену пастаянныя трэніроўкі. У райаддзеле па надзвычайных сітуацыях абсталявана спартыўная зала, ёсць усё неабходнае для заняткаў, акрамя таго, майстар спорту знаходзіць час, каб наведаць трэнажорную залу ў спартыўным комплексе. А значыць, можна разлічваць на тое, што асабістую скарбонку спартыўных поспехаў Аляксандра папоўняць яшчэ нямала ўзнагарод за перамогі.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Сезік.

Опубликовано в «ГЧ» 27.02.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!