Калі прафесія і захапленне — адно цэлае

Бісерапляценне, якое для многіх проста прыемнае і карыснае захапленне, для Святланы Луцык — прафесія. Кожны дзень з маленькіх пацерак яна складае прыгожыя кветкі і дрэвы, вучыць гэтай цікавай справе хлопчыкаў і дзяўчынак.
— Некалі, выбіраючы далейшы шлях, я нават не думала пра прафесію настаўніка ці выхавальніка, бо была ўпэўнена, што работа з дзецьмі не для мяне, — шчыра прызнаецца Святлана.
Але жыццё ўсё размеркавала па-свойму. І, адклаўшы ўбок дыплом бухгалтара, Святлана прыйшла ў Цэнтр народнай творчасці. Такія змяненні ў яе прафесійнай біяграфіі адбыліся выпадкова і нечакана. Для заняткаў з дзецьмі ў Цэнтр патрэбны быў кіраўнік гуртка бісерапляцення. А Святлана ў той час знаходзілася ў водпуску па догляду за дзіцяці і якраз спрабавала вучыцца бісерапляценню. Гэты занятак яе так зацікавіў, што жанчына зразумела – работа з бісерам менавіта яе справа. З таго часу яна не толькі сама стварае чароўныя рэчы, але і перадае сваё ўмельства дзяўчынкам, якіх на занятках пераважная большасць, і хлопчыкам, якія таксама не цураюцца плесці з пацерак прыгожыя сувеніры.
…Пяшчотныя беластволыя бярозкі, у пышнай ружовай квецені прыгажуні-гліцыніі, быццам казачны бансай, схіліўшыя галаву вербы замілоўваюць вока. Колькі іх, нанізваючы на дроцік дробненькія пацерачкі, зрабілі рукі Святланы, яна нават і падлічыць не бярэцца, бо на кожную з выстаў, якія праводзяцца ў розных гарадах, рыхтуюцца новыя вырабы, якія ахвотна раскупляюцца. Развітвацца з прыгожымі сувенірамі, у якія ўкладзена нямала працы, Святлане не шкада. Майстру наадварот прыемна, што зробленыя ёю вырабы штодня радуюць нечае вока. Тым больш, што ў кожную сваю работу ўкладвае яна душу, быццам ажыўляючы дрэва ці кветку.
— Без жадання, цярплівасці і душы з бісерам працаваць не будзеш, — заўважае Святлана. – Можна не задумваючыся нанізваць пацеркі, а вось сабраць ў адно цэлае сотні галінак і пялёсткаў, надаць ім форму жывога дрэва без цікавасці да справы, без фантазіі проста немагчыма.
Святлана, якая нарадзілася ў вёсцы Перавое, у акружэнні непаўторнай лясной прыгажосці, заўжды зачароўвалася прыродай. Таму і любіць яна выплятаць з пацерак менавіта дрэвы. Назіральнасць і прыроджанае пачуццё гармоніі дапамагаюць рабіць іх быццам жывымі. У кожнага яе дрэва свая постаць, свой настрой і характар, якія праяўляюцца праз колер пялёсткаў.
Як і ў любога майстра, у Святланы ёсць свае любімыя вырабы, на якіх заўсёды спыняецца вока. А яшчэ яна, як шавец без ботаў, ніяк не можа стварыць сваю калекцыю сувеніраў з пацерак дома. У Святланы, мамы траіх дзяцей, пасля работы знаходзіцца шмат іншых спраў, ды і адпачываць ад прафесійнай работы з пацеркамі, зноў прысеўшы за пляценне, не заўжды ёсць жаданне. А “ствараць” без настрою і душэўнага імкнення яна нават і не спрабуе, бо ведае: прыгожая рэч можа атрымацца толькі тады, калі ёсць натхненне.
На заняткі да Святланы Сцяпанаўны прыходзіць 15 дзяцей. З кожным са сваіх гуткоўцаў яна чаруе над асобным шэдэўрам. Дзеці з задавальненнем працуюць з пацеркамі, бо іх натхняюць прыгожыя вырабы настаўніцы, якіх на паліцах у кабінеце нямала. Да дзяцей нярэдка далучаюцца іх бацькі. А таму ў Цэнтры народнай творчасці плануюць праводзіць майстар-класы для дарослых, бо такой справе, як бісерапляценне, лічыць Святлана Луцык, вучыцца ніколі не позна.
НА ЗДЫМКУ: Святлана Луцык.

Опубликовано в «ГЧ» 27.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.kamod.net.ua

там topobzor.info

tokyozakka.com.ua/