Аператыўны талент падпалкоўніка Лемяшэўскага

Што такое служба, Юрый Лемяшэўскі даведаўся ў арміі. А прызваны быў ва ўнутраныя войскі. Маладога юнака вабілі дысцыплінаванасць, сіла волі, іншыя станоўчыя якасці, што выхоўвае армія. Таму, калі яго запрасілі на службу ў міліцыю, а за плячыма ў той час былі не толькі армія, але і вучоба ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце, Юрый ахвотна згадзіўся. Ва ўпраўленні ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама маладому супрацоўніку прапанавалі Маларыцкі райаддзел міліцыі, пасаду ўчастковага. Так Юрый Лемяшэўскі ў 1998 годзе папоўніў рады маларыцкіх вартавых правапарадку.
Раён быў незнаёмы (сам Юрый з Іванаўшчыны), гэта стварала пэўныя цяжкасці ў рабоце. Але толькі ў пачатку яе. Малады ўчастковы хутка не толькі асвоіўся, але і добра ведаў усе праблемы на ўчастку, што абслугоўваў, бо безадкладна пабываў у сем’ях тых, хто, на думку старэйшых калег, дастаўляў найбольш турбот, быў не ў ладах з законам.
— Шлях да сэрца кожнага жыхара ляжыць праз участковага, — шчыра дзеліцца Юрый Яўгенавіч Лемяшэўскі, — і па яму будуць меркаваць грамадзяне аб усёй міліцыі ў цэлым.
Але паказваць прыклад іншым, калі на плечы кладуцца такія функцыі, як выяўленне, папярэджанне, раскрыццё і прафілактыка злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў, вырашэнне канфліктаў, — нялёгка. Тым больш, калі яшчэ вопыту мала. Аднак участковы выдатна спраўляўся са сваімі абавязкамі, больш таго, не забываў пра прафесійнае ўдасканаленне. Юрый завочна паступіў вучыцца ў школу міліцыі.
Выкрывальнасць злачынстваў на ўчастку Юрыя Лемяшэўскага была адной з самых высокіх, амаль 100-працэнтнай. І ў многім дзякуючы падтрымцы насельніцтва, якое бачыла ў ім абаронцу сваіх інтарэсаў і законных правоў.
— Заваяваць давер нялёгка, — кажа Юрый Яўгенавіч. – Каб зрабіць крок насустрач людзям, аднаго дня ці якой-небудзь акцыі мала, патрэбны гады. І адносіны да работы таксама павінны быць адпаведныя.
Аднакарэнным словам да сваёй пасады Юрый называў не “ўчастак”, а “участие”, уменне выслухаць і дапамагчы, у якой бы складанай сітуацыі ні аказаўся чалавек. Нехта затапіў жыллё суседа ці ўстанавіў металічныя дзверы так, што перашкаджаюць гаспадарам суседняй кватэры — быццам бы, дробязі, і не абавязаны супрацоўнік міліцыі разбірацца ў тым, што не з’яўляецца правапарушэннем. Але з такімі пытаннямі, як гаварыў Юрый Яўгенавіч, да ўчастковага найчасцей прыходзілі пенсіянеры, старыя людзі, якія не ўяўлялі, куды звярнуцца. І ўчастковаму хацелася ім дапамагчы па-чалавечы. Ды і акуплялася такая дапамога ўдвая. Хто, як не старыя і пенсіянеры, лепш ведае, чым у іхнім пад’ездзе народ заняты, куды заходзяць падазроныя асобы, а дзе, да прыкладу. учора выпівалі. У гэтым жа і заключаецца адна з асноўных задач участковага – валодаць сітуацыяй у падведамасным раёне, каб весці прафілактыку правапарушэнняў.
2 гады праслужыў Юрый на пасадзе ўчастковага. Але і гэтага часу хапіла, каб у райаддзеле заўважылі добрасумленнасць маладога супрацоўніка, які падаваў вялікія надзеі. У хуткім часе Юрыю прапанавалі новую пасаду – старшага інспектара аддзела прафілактыкі і аховы грамадскага парадку, а затым – паспрабаваць свае сілы ў блоку крымінальнай міліцыі на пасадзе оперупаўнаважанага службы крымінальнага вышуку. Крыху пазней Юрый быў назначаны старшым оперупаўнаважаным гэтай службы, а праз некаторы час яму даверылі ўзначаліць яе. І трэба сказаць, што ў многім дзякуючы аператыўнаму таленту Юрыя Лемяшэўскага як сышчыка і кампетэнтнасці як кіраўніка супрацоўнікам гэтай службы ўдавалася аператыўна вырашаць многія задачы. Маларыцкія сышчыкі займалі перадавыя пазіцыі ў вобласці па выкрывальнасці злачынстваў.
Два гады таму назад Юрыя Яўгенавіча ў чарговы раз павысілі на пасадзе (ён быў назначаны першым намеснікам начальніка райаддзела міліцыі) і ў службовым званні – цяпер ён падпалкоўнік.
І сёння, хоць пасада Юрыя Лемяшэўскага лічыцца больш кабінетнай, яго цяжка знайсці на месцы. Ён на выездах то разам з супрацоўнікамі ДАІ, то разам з аператыўнікамі, то разам з супрацоўнікамі АБЭЗ, то разам з некім з участковых.
15-гадовы міліцэйскі стаж, цяпер ужо добрае веданне раёна, яго “хворых” месцаў, праблемных участкаў, ну і, вядома ж, цесны кантакт з насельніцітвам дапамагаюць і яму як супрацоўніку райаддзела міліцыі, і райаддзелу ў цэлым дабівацца нядрэнных вынікаў.
Юрый Яўгенавіч не без гонару адзначаў, што па выніках работы за мінулы год інспекцыя па справах непаўналетніх Маларыцкага райаддзела міліцыі была лепшай у вобласці, яе супрацоўнікаў узнагародзілі пераходным кубкам.
Нашы сышчыкі – зноў жа на трэцім месцы.
Складанасць і напружанасць рабочага графіка міліцэйскай службы, безумоўна, не дазваляюць удзяляць блізкім столькі ўвагі, колькі б хацелася. Але калі з’яўляецца такая магчымасць, адцягнуць увагу ад штодзённай мітусні дапамагае сумесны з сям’ёй адпачынак на прыродзе, у тым ліку заняткі спортам, ад якіх ніколі не адмаўляецца 14-гадовы сын Яўген, экскурсіі па знакамітых месцах Беларусі.
У нашым горадзе цяпер добра ведаюць Юрыя Яўгенавіча Лемяшэўскага. І мала хто проста праходзіць міма. Людзі спяшаюцца павітацца, папрасіць парады, падзяліцца набалелым. І нікому ён не адмаўляе. Кожны новы дзень Юрый Яўгенавіч успрымае як шанц працягнуць руку дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу, стаць на бок дабра, змяніць жыццё і свет да лепшага.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: першы намес­нік начальніка райаддзела міліцыі падпалкоўнік Юрый ЛЕМЯШЭЎСКІ.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 2.03.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://artma.net.ua

http://medicaments-24.net

читать далее 3kovra.com.ua