Па маршруту “Маларыта-Лукава-Старое Забалацце”

У рамках месячніка выхаваўча-патрыятычнай работы і акцыі “ДТСААФ: славім імя справамі сваімі” ў раёне прайшоў традыцыйны аўтапрабег “Памяць”. Інструктар Маларыцкай міжраённай структуры ДТСААФ Валянціна Козак, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Надзея Пстыга, начальнік аддзела па справах моладзі Аляксандр Галоўчык, прадстаўнік грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Наталля Галавій, а таксама старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Андрэевіч Бойка і былая партызанка Марыя Пятроўна Струк адправіліся па маршруту Маларыта-Лукава-Ст. Забалацце, каб наведаць мясціны, дзе некалі ішлі баі, сустрэцца са школьнікамі і правесці “Урок мужнасці”, ускласці кветкі да помнікаў загінуўшым воінам і знішчаным мірным жыхарам.
Вучні Лукаўскай СШ, да якіх завіталі ўдзельнікі аўтапрабегу, з цікавасцю слухалі расказ пра жыццё Маларытчыны напярэдадні вайны, пра першыя гадзіны ўжо не мірнага, а ваеннага жыцця, калі выбухі бомб і гул варожых самалётаў парушыў мірны сон людзей ваеннага пакалення. Усё гэта памятае былая партызанка Марыя Пятроўна Струк. На пачатку вайны ёй не было яшчэ і шаснаццаці гадоў. Але дзяўчына хацела змагацца з ворагам. Яна знайшла магчымасць звязацца з партызанскім атрадам, выконвала заданні, доўгі час была сувязной, а потым, калі адважнай Марыі пачала пагражаць небяспека, адправілася ў лес, да партызан, дзе была і поварам, і медсястрою, а ў час нямецкіх аблаў брала ў рукі зброю.
Марыя Пятроўна пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам ніколі не ведаць, што такое вайна, і захоўваць памяць пра тых, хто стараўся з усіх сіл, нярэдка цаною свайго жыцця, прагнаць з роднай зямлі ворага, каб дзеці, унукі і праўнукі маглі жыць у міры і спакоі.
Старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка напомніў вучням, што вельмі важна акружыць клопатам і цеплынёй тых людзей, якія прайшлі ваеннымі сцежкамі. Іх, як адзначыў Уладзімір Андрэевіч, засталося побач з намі вельмі мала. У раёне зараз жыве крыху больш за 50 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Аб патрыятычнай рабоце, якая праводзіцца з моладдзю раёна грамадскім аб’яднаннем “БРСМ”, распавяла, прадэманстраваўшы фотапрэзентацыю самых цікавых мерапрыемстваў, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Надзея Пстыга. А інструктар Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянціна Козак уручыла новым членам пярвічнай арганізацыі добраахвотнага садзейнічання арміі авіяцыі і флоту Лукаўскай СШ членскія білеты.
Лукаўскія школьнікі ў падарунак гасцям падрыхтавалі вялікую канцэртную праграму.
Каб ушанаваць памяць аб загінуўшых воінах і мірных жыхарах, школьнікі і госці адправіліся да помніка, дзе ўсклалі кошыкі з кветкамі.
Апошнім прыпынкам аўтапрабегу “Памяць” стаў помнік у спаленай немцамі вёсцы Старое Забалацце.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час аўтапрабегу “Памяць”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.03.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.