ПАМОЧНІКІ Ў СПРАВЕ АХОВЫ ПАРАДКУ

9 гадоў назад, з мэтай стварэння сістэмы ўзаемадзеяння структур аховы правапарадку з маладзёжнымі арганізацыямі, у рэспубліцы былі створаны першыя маладзёжныя атрады аховы правапарадку. Добры вопыт хутка распаўсюдзіўся па ўсіх рэгіёнах краіны. Ідэю арганізацыі дружыны, якая будзе дапамагаць педагогам і выхавальнікам у навядзенні парадку на тэрыторыі навучальнай установы, а супрацоўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў – на вуліцах горада, падтрымалі ў дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Са снежня 2005 года тут афіцыйна пачаў сваю работу маладзёжны атрад аховы правапарадку, якому было прысвоена імя былога выпускніка ліцэя Івана Такарчука, воіна-інтэрнацыяналіста, які загінуў у Афганістане. Актыўна дзейнічае атрад, які аб’ядноўвае больш за 25 юнакоў, і сёння. Члены мала­дзёжнага атрада разам са сваім камандзірам Вячаславам Бабурам праводзяць патруляванне, прафілактычныя акцыі, ахоўваюць парадак на тэрыторыі ліцэя і вуліцах горада, імкнуцца данесці прававую інфармацыю да сваіх равеснікаў, вядуць прафілактычную работу з праблемнымі сем’ямі, займаюцца спортам, вучацца самаабароне і развіваюць свой кругагляд.
На мінулым тыдні члены маладзёжнага атрада аховы правапарадку сталі гасцямі раённага аддзела ўнутраных спраў. Карысную інфармацыю аб задачах маладзёжнага праваахоўнага руху, рабоце розных падраздзяленняў міліцэйскай службы, планах па ўзаемадзеянні атрада і інспекцыі па справах непаўналетніх данеслі да юнакоў начальнік аддзела па справах моладзі Аляксандр Галоўчык, намеснік начальніка РАУС, начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку Эдуард Паўлаў, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Святлана Даманская. 13 юнакам, якія папоўнілі рады МААП, урачыста ўручылі пасведчанні членаў маладзёжнага атрада – бэйджы. Супрацоўнікі райаддзела падрыхтавалі для юнакоў цікавую экскурсію ў райаддзеле міліцыі. Эксперты-крыміналісты прадэманстравалі, як у рэальнасці праводзіцца працэдура пастаноўкі на відэа- і фотаўлік, як запаўняюцца дактыласкапічныя карты, па якіх лёгка выявіць злачынцу. Юныя памочнікі міліцыі змаглі прымераць бронежылет, патрымаць у руках баявую зброю, пазнаёміцца з экіпіроўкай і дзейнасцю супрацоўнікаў Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы, пераканаўшыся, што служба тых, хто ахоўвае парадак у горадзе і раёне, вельмі складаная і адказная.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: маладзёжны атрад у гасцях у супрацоўнікаў РАУС.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 2.03.2013 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!