Час Лукава

Як адно імгненне, праляцеў 2012-ы год. Што прынёс ён працаўнікам СВК “Чырвоны партызан”? Некалькі прызавых месцаў у вобласці і раёне па вытворчасці сельгаспрадукцыі як гаспадаркі ў цэлым, так і асобных механізатараў у індывідуальным спаборніцтве, павелічэнне ў 2 разы выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, павелічэнне прадуктыўнасці кароў і г.д. У сваім дакладзе старшыня Сяргей Сцепанюк называў нямала лічбаў, параўноўваў, аналізаваў, і калектыву адразу станавілася зразумелым, дзе пастараліся, а дзе недапрацавалі. У выступленні гучала шмат прозвішчаў тых, хто за мінулы год дабіўся пэўных поспехаў, і ва ўнісон гэтаму на слайдах дэманстраваліся здымкі перадавікоў. Такая форма правядзення сходу надавала асобую цікавасць. Да прысутных раз-пораз звяртаўся Сяргей Яфімавіч, дзякуючы за працу, за старанне, за адданасць зямлі. І не толькі дзякаваў, але і патрабаваў дасягнутае не знізіць і сёлета.
— Вынікі маглі б быць лепшымі, — гаварыў кіраўнік, калі б не дапускаліся пралікі ў вытворчасці, калі б спецыялісты менш памыляліся ў тэхналогіі, калі б кожны больш адказна выконваў работу. Бо вельмі складана жыць у матэрыяльным свеце, калі наш духоўны свет будзе пусты, — гаварыў старшыня.
Сёння СВК “Чырвоны партызан” – адна з гаспадарак, якая дынамічна развіваецца. І аграгарадок “Лукаўскі” — адзін з лепшых у раёне. Сюды прыйшоў газ, тут сучасныя школа і Дом культуры, цудоўнае возера. У лукаўчан самыя камфортныя ўмовы жыцця. Тут створана ўсе для плённай працы.
— Таму хацелася б, каб рэйтынгавая планка СВК “Чырвоны партызан”у вобласці была вышэй сярэдняга ўзроўню, на якім цяпер знаходзіцца гаспадарка, – сказаў намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі, які прымаў удзел у рабоце сходу. Ён падзякаваў працаўнікам за працу, без якой не абысціся нікому. Дасягнуць сёлета паказчыкаў, вышэйшых за леташнія, пажадаў калектыву і старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Справаздачны сход – гэта не толькі падвядзенне вынікаў у сельскай гаспадарцы, гэта вынікі жыццядзейнасці ўсёй вёскі. У ім удзельнічаюць і сельвыканкам, і школа, і духавенства. Ганна Анішчук, кіраўнік мясцовай улады, давяла да вяскоўцаў інфармацыю пра дэмаграфічную сітуацыю, якая, на жаль, не радуе: за 2012 год на тэрыторыі сельсавета памерла 23 чалавекі, нарадзілася ж – толькі 11. Асноўны прырост насельніцтва – за кошт прыезджых. Яна адзначыла, што не знімаюцца з парадку дня пытанні добраўпарадкавання, падкрэсліўшы, што навядзенне на могілках і ля помнікаў парадку стала для сяльчан ужо нормай. Ганна Міхайлаўна заклікала жыхароў з надыходам вясны думаць пра кветкавае афармленне сваіх падворкаў.
Аграгарадок сёння – гэта не толькі створаная інфраструктура. Куды больш важна цяпер, які ён, жыхар аграгарадка, чым жыве, цікавіцца, які лад жыцця вядзе? Больш на гэта ў сваіх выступленнях звярталі ўвагу іерэй айцец Сергій і дырэктар школы Тамара Сцепанюк. Тамара Мікалаеўна падзякавала бацькам выдатнікаў вучобы, лепшых спартсменаў і актывістаў, фотаздымкі якіх прайшлі на слайдах. 123 вучні на сённяшні дзень у Лукаўскай школе, якіх навучаюць 25 педагогаў. За мінулы год школа прызнана лепшай у раёне, калектыў яе ўзнагароджаны дыпломам І ступені. Вельмі прыемны факт адзначыла дырэктар: у школе няма дзяцей са шкоднымі звычкамі, ніводны школьнік не стаіць на ўліку як цяжкі падлетак, у аграгарадку няма ніводнай сям’і, якая б знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ёсць сем’і праблемныя, але з імі педагогі працуюць.
Такая маральна здаровая аўра і павінна панаваць у аграгарадку. Гэта, мабыць, самае галоўнае складаемае вёскі з такім статусам.
Справаздачны сход – яшчэ і свята. Многіх працаўнікоў узнагародзілі Ганаровымі граматамі, грашовымі прэміямі за добрасумленную штодзённую працу, за добрыя вынікі. І не толькі за гэта. Старшыня заахвоціў загадчыцу фермы Старое Забалацце Настассю Кібак за кветкавае афармленне вытворчага ўчастка, што яшчэ раз пацвердзіла: у аграгарадку жывуць не толькі хлебам адзіным. Настрою жыхарам Лукава надаў і заслужаны самадзейны калектыў з вёскі Навасёлкі суседняга Кобрынскага раёна.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: старшыня СВК “Чырвоны партызан” дзякуе перадавікам; канцэрт заслужанага самадзейнага калектыву з в. Навасёлкі Кобрынскага раёна.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 6.03.2013 г.

Добавить комментарий


посмотреть

вода в офис

www.yarema.ua/materiali/shtori-dlya-gostinnoy
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!