Рэалізавала сябе і як педагог

Многія ў нашым горадзе добра ведаюць сям’ю Зінаіды Віктараўны і Івана Маркавіча Кулічыкаў. Ён усё жыццё прапрацаваў у сістэме райспажыўтаварыства, яна ўсё жыццё аддала педагагічнай справе. У 1966 г. у працоўнай кніжцы Зінаіды Віктараўны з’явіўся першы запіс – прынята на работу ў якасці настаўніка пачатковых класаў у Маларыцкую школу-інтэрнат. Гэты запіс стаў адзіным у працоўным дакуменце настаўніцы, бо ў сярэдняй школе № 2, дзе некалі размяшчалася школа-інтэрнат, Зінаіда Віктараўна працавала больш за 40 гадоў. Яна стала для настаўніцы другім домам, а выхаванцы – сваімі дзецьмі. Бо любіла яна іх так, як родных.
Зрэшты, у сям’і Кулічыкаў было двое сваіх дзяцей – добрых, чулых, простых, сціплых і прыстойных. Сына Міхаіла, ужо, на жаль, сярод нас няма, але ў сэрцах тых, хто яго добра ведаў, ён не памёр. Бо жывуць добрыя справы Міхаіла, якіх ён нямала зрабіў і для сваіх родных, і для сям’і, і для калег, і для сяброў па спорту, і для бліжняга.
А пра дачку Зінаіды Віктараўны і Івана Маркавіча Кулічыкаў Ірыну Іванаўну хацелася б расказаць асобна.
Зінаідзе Віктараўне, вядома ж, хацелася, каб Ірына пайшла па яе слядах, стала педагогам. Але не заўсёды ў жыцці бывае так, як нам таго хочацца. Аднаго бала Ірыне не хапіла, каб яна стала студэнткай педуніверсітэта. Дзяўчына дарэмна год вырашыла не марнаваць і падала дакументы ў Маларыцкае кааператыўнае вучылішча, якое закончыла з адзнакай. Гэта давала ёй права на прысваенне І разраду па спецыяльнасці “прадавец”. Але Ірына вырашыла вучыцца далей, паступіла ў Гродзенскі тэхнікум (цяпер Гродзенскі гандлёвы каледж). Пасля заканчэння яго пайшла працаваць у магазін “Гарачы хлеб”, што пры Маларыцкім хлебазаводзе. Ірына разумела і на практыцы пераканалася, што новы час патрабуе і новых ведаў, новых навыкаў у рабоце з людзьмі. Вучоба ёй давалася лёгка, таму Ірына паступіла завочна вучыцца ў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі па спецыяльнасці эканаміст-менеджар.
Давялося ў хуткім часе пера­ехаць у Брэст, бо выйшла замуж. Там ёй прапанавалі і новую пасаду – таваразнаўца ў Брэсцкім райспажыўтаварыстве, затым — начальнік гандлёвага аддзела. Цяпер Ірына Валеева начальнік аддзела опту прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”. Пад яе кіраўніцтвам на прадпрыемстве працуе 18 чалавек, большая частка з якіх – моладзь.
Нядаўна газета «Вести потребкооперации», штотыднёвае выданне Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, расказвала пра Ірыну Валееву, як пра аднаго з лепшых работнікаў гэтага прадпрыемства.
— Ірына – першакласны спецыяліст, — піша газета. — Яна перадае свой вопыт маладым. І па-ранейшаму працуе над сабой. Не так даўно яна прайшла навучанне ў Андрэя Рублёўскага, бізнес-трэнера і паспяховага прадпрымальніка. Цяпер яе задача – выступіць у ролі бізнес-трэнера для сваіх падначаленых, перадаць ім атрыманыя веды.
Значыць, Ірына, як і тата, знайшла сябе ў спажывецкай кааперацыі, пры гэтым змагла ажыццявіць і маміну мару – рэалізавала сябе як педагог, настаўнік для маладых спецыялістаў.
Знаходзіць час Ірына Іванаўна і каб заняцца сваімі любімымі справамі – вышыўкай, якой захапілася яшчэ са школьных гадоў, вязаннем, любіць пачытаць добрую кнігу. Не абдзяляе ўвагай і сваю сям’ю. Усе разам часта адпачываюць на ўлонні прыроды. І абавязкова наведвае родных, якіх вельмі любіць.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Ірына ВАЛЕЕВА.
Фота з сямейнага альбома.

Опубликовано в «ГЧ» 6.03.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.