Аптэкарскі бухгалтар

— Зінаіда Кандарэвіч працуе вядучым бухгалтарам, — кажа Наталля Ганчарэнка, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 14, і неяк душэўна, удзячна дадае: — Без перабольшання, яна з’яўляецца нашым надзейным тылам. Бо супрацоўніка больш незаменнага, чым бухгалтар, напэўна, не існуе. Праца яго спецыфічная, не ўсім зразумелая. Бухгалтар як “баец нябачнага фронту”: заўсёды ў цені, заўсёды за кадрам, але ад яго належыць многае, калі не ўсё. Праз рукі бухгалтара праводзяць усе гаспадарчыя аперацыі.
— Гэта так, — згаджаецца Зінаіда Сцяпанаўна. – Бухгалтар у поўным сэнсе і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Ён павінен ведаць грамадзянскае і працоўнае права, кантрольную, дагаворную і прэтэнзійную работу… Але найперш – дасканала бухгалтэрыю. Бухгалтару патрабуюцца веды з розных галін жыццядзейнасці чалавека. Адным словам, ён павінен быць тры ці нават чатыры ў адным.
Зінаіда Кандарэвіч – майстар сваёй справы, прафесіянал. У штаце цэнтральнай раённай аптэкі яна з 1986 года.
— Як уладкавалася, так і да гэтага часу на адным месцы нязменна працую, — кажа Зінаіда Іванаўна. –У іншай сферы сябе не бачу. Лічбы – мая стыхія.
Зінаіда Кандарэвіч родам з Бярозаўскага раёна. Пасля заканчэння школы некаторы час працавала начальнікам аддзялення паштовай сувязі, затым – на іншых пасадах. Потым было замужжа.
— Я ж як дзекабрыстка, — гаворыць мая субяседніца. – Пасля заканчэння ВНУ Івана Гардзеевіча, мужа, накіроўваюць ў Камянецкі раён. Вырашыла паехаць за ім. У 1984г. мужа пераводзяць на пасаду галоўнага інжынера ў калгас “1 Мая”. Сабраўшы рэчы, пераехалі ў в. Радзеж. Я ўладкавалася ў гаспадарку бухгалтарам па раслінаводству, а пазней паступіла вучыцца. Затым на нашай жыццёвай сямейнай дарозе з’явілася Маларыта.
Іван Гардзеевіч стаў працаваць галоўным інжынерам у сельгастэхніцы, а Зінаіда Іванаўна шукала занятак даспадобы. Таня, сястра мужа, падказала, што ў аптэцы райцэнтра ёсць вакансія бухгалтара. У канцы жніўня жанчына пайшла на прыём да загадчыка аптэкі Паўла Клімука. Хоць трошкі было страшнавата, але адважылася пераступіць парог кабінета. Пагаварыўшы, Павел Пятровіч адразу прапанаваў пасаду старшага бухгалтара. Зінаіда Кандарэвіч дала згоду. Пазней пра гэта ні разу так і не пашкадавала.
— Павел Клімук адразу “заразіў” прафесіяналізмам. У любым пытанні ён дэманстраваў сваю кампетэнтнасць. Мне хацелася быць падобным на яго. У прафесійным сэнсе Павел Пятровіч для мяне стаў ідэалам. Хацелася б узгадаць і Марыю Данілаўну Наўрось, якая да майго прыходу ў аптэцы многа гадоў працавала бухгалтарам. Яна таксама дапамагала парадамі, падказкамі.
— Зінаіда Іванаўна, зараз усё камп’ютарызавана. Ці сябруеце вы з камп’ютарам?
— А як жа! Аднаго звядзення дэбета з крэдытам ужо даўно недастаткова. Аб’ём работы змяніўся. Каб усё ў час увязаць, каб у разліках сышлася капейка з капейкай, трэба аператыўна ўключыцца ў работу. У гэтым надзейным памочнікам стаў камп’ютар. На ім сама працую з 2004 г. За 27 гадоў прагрэс зрабіў значны крок наперад. Я працу пачынала на вялікіх драўляных лічыльніках. Памятаю, якім шчасцем стала з’яўленне ў аптэцы першага калькулятара.
Зінаіда Кандарэвіч заўжды імкнулася адносіцца да работы добрасумленна, адказна. Таму ў працоўнай кніжцы — не адна падзяка за дасягнутыя вынікі ў працы. У тым, што раённая аптэка не раз узнагароджвалася Чырвоным Сцягам, таксама ёсць заслуга і Зінаіды Іванаўны.
Мая субяседніца лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Добрая і любімая праца, павага і аўтарытэт сярод калег, сямейны ачаг, у якім гарыць агеньчык кахання і шчырасці. Радуюць дочкі, старэйшая Наталля і малодшая Алена. Дарэчы, першая пайшла па слядах маці. Яна набыла прафесію бухгалтара. Другая звязала жыццё з медыцынай: працуе гінеколагам у адной з устаноў абласнога цэнтра. Асаблівая радасць для Зінаіды Іванаўны – унучка Сафія.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Зінаіда Кандарэвіч, вядучы бухгалтар цэнтральнай раённай аптэкі №14.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.03.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий