ПАДЛІЧЫЛІ. ПРААНАЛІЗАВАЛІ. ЗАПЛАНАВАЛІ

Вынікі сваёй дзейнасці за 2012 год падвялі нядаўна работнікі спажывецкай кааперацыі раёна. У сваім грунтоўным дакладзе старшыня праўлення райспажыўтаварыства Алена Цімашэнка, прыводзячы лічбы, распавяла аб тым, што з задуманага на 2012 год удалося рэалізаваць і што засталося толькі ў планах. Паколькі сістэма райспажыўтаварыства шматгаліновая, Алена Аляксандраўна падрабязна спынілася на дзейнасці кожнага з падраздзяленняў.
Аб рабоце гандлю — асноўнай галіны спажывецкай кааперацыі — людзі мяркуюць, зыходзячы са сваіх уражанняў пасля наведання гандлёвых аб’ектаў. А таму прыярытэтная задача апошніх — якаснае абслугоўванне. Праз 72 гандлёвыя прадпрыемствы, 45 з якіх знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, а таксама тры аўтамагазіны, што абслугоўваюць 47 малых населеных пунктаў , прададзена летась насельніцтву тавараў на суму больш за 116 мільярдаў рублёў. Тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 98,6%. Па тавараабароту на 1 жыхара раёна Маларыцкае райспажыўтаварыства заняло сёмае месца ў вобласці .
Аналізуючы прычыны, якія перашкодзілі дасягнуць прагнозных паказчыкаў, кіраўнік гандлёвай сферы раёна заўважыла, што мінулы 2012 год у параўнанні з 2011-ым характарызаваўся супрацьлеглай тэндэнцыяй у развіцці кан’юнктуры спажывецкага рынку. Цэнавы дыспарытэт з суседнімі краінамі (Украінай і Польшчай) па асноўных таварных групах быў не на карысць айчыннаму тавару, што садзейнічала ўвозу у Беларусь больш танных прадуктовых і непрадуктовых тавараў. У выніку знізілася рэалізацыя гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў, віна, піва, ювелірных вырабаў, будаўнічых матэрыялаў. Але ўдасканаленне гандлёва-тэхналагічнага працэсу і правядзенне шэрагу мерапрыемстваў па пашырэнні ўнутрыгрупавога асартыменту і зніжэнні рознічных цэн за кошт змяншэння гандлёвых надбавак дазволіла павялічыць рэалізацыю садавіны, мяса птушкі, рыбных і многіх іншых тавараў, а таксама верхняга адзення, бялізны і мэблі.
З мэтай зацікавіць пакупніка ў гандлёвых кропках раёна праводзіліся акцыі “Шчодрая зіма”, “Нашым любімым”, “Вясенні настрой”, “Асенні цэнапад”, “Прывітанне, школа!”, у час якіх было прададзена тавараў па зніжаных цэнах на суму 2900 млн. рублёў. Каб актывізаваць продаж дарагіх тавараў, прыняты льготныя ўмовы прадастаў­лення крэды­таў. А для стымулявання спажывецкай здольнасці летась у раёне адкрыліся 4 дыскаунтары па гандлю прадуктовымі таварамі і два (у магазінах “Гаспадарчыя тавары” і “Тэхніка”) — па гандлю непрадуктовымі таварамі.
Важнай падзеяй года мінулага і для прадпрыемства спажывецкай кааперацыі, і для ўсіх жыхароў раёна стала адкрыццё ў горадзе магазіна новага фармату “Родны кут”. Акрамя таго, пасля рэканструкцыі летась быў адкрыты ўнівермаг “Родны кут”, аддзел “Мэбля” – брэнд-секцыя BRW, магазін “Еўрапейскі стыль” і магазін “Кнігі”.
У галіне грамадскага харчавання рознічны тавараабарот склаў 6881,7 млн. рублёў, тэмп росту — 103,6%. Свае паслугі маларытчанам прадастаўляе 12 прадпрыемстваў грамадскага харчавання з агульнай колькасцю 488 пасадачных месцаў. Ад выпуску ўласнай прадукцыі (паўфабрыкатаў, кандытарскіх, здобнабулачных, кулінарных вырабаў і вэнджаніны) атрымана 3355,3 млн. рублёў.
Рэнтабельна спрацавала летась і прамысловасць спажывецкай кааперацыі. Тэмп росту па аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 126,3% пры прагнозе 106%. За 2012 год укаранёна ў вытворчасць 59 найменняў новых хлебабулачных вырабаў, 31 — кандытарскіх вырабаў і 12 — паўфабрыкатаў. Больш за 42% вырабленай прадукцыі адпраўляецца за межы гандлёвай сеткі райспажыўтаварыства.
Нарыхтоўшчыкі райспажыў­таварыства закупілі летась у насельніцтва сельгаспрадукцыі і сыравіны на суму 4,5 мільярда рублёў. Нягледзячы на аб’ёмы нарыхтоўчага абароту, прагнозны паказчык па закупках ад насельніцтва выканаць не атрымалася. З плануемых 17 відаў нарыхтоўваемай прадукцыі прырост быў забяспечаны толькі па 7. Аб’ём рэалізацыі сельгаспрадукцыі і сыравіны склаў 5,5 мільярда рублёў. Дзяржаўны заказ па пастаўцы перапрацоўчым прадпрыемствам лому чорных металаў распажыўтаварыства выканала на 157 %, лому каляровых месталаў – на 110%. А вось заданні па пастаўцы макулатуры, поліэтылену, шклабою і другасных тэкстыльных матэрыялаў выкананы не былі.
У справаздачным дакла­дзе не засталася без увагі і знешнеэканамічная дзейнасць райспажыўтаварыства, якая ў апошнія гады стала адной з важных крыніц фінансавых даходаў. Знешнегандлёвы абарот за 2012 год склаў 74,6 тысячы долараў ЗША, тэмп росту 401, 1%.
Алена Цімашэнка ў сваім выступленні нямала ўвагі надала тым планам і задачам, якія ставіць перад сабой спажывецкая кааперацыя раёна на 2013 год, заўважыўшы, што змяняць паводзіны на спажывецкім рынку няпроста, але ў цяперашніх умовах неабходна. Важна шукаць новыя формы арганізацыі сваёй работы, быць бліжэй да пакупніка, прапанаваць найбольшы спектр тавараў і паслуг, якасную і даступную прадукцыю.
Больш падрабязна спыніўшыся на рабоце кожнай асобнай галіны райспажыўтаварыства, даклад старшыні праўлення дапоўнілі кіраўнікі і спецыялісты падраздзяленняў. Свой погляд на гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ў сельскай глыбінцы, станоўча ацаніўшы работу аўтамагазінаў і вясковых гандлёвых кропак, выказаў старшыня Олтушскага сельвыканкама Адам Бідзюра.
Удзел у сходзе прыняў намеснік старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўтаварыства Дзмітрый Глушынскі. Ён пажадаў калектыву ўмела вытрымліваць канкурэнцыю, што, дарэчы, задача не з лёгкіх, калі ў раёны прыходзяць гандлёвыя гіганты.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сходу.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 13.03.2013 г.

Добавить комментарий


лучший протеин
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!