У атмасферы цудоўнага

Цікавае мерапрыемства адбылося нядаўна ў абласным грамадска-культурным цэнтры г. Брэста. Тут праходзіла абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”. Прысутныя мелі магчымасць паглядзець абласны тур ХIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, святочны канцэрт творчых калектываў і асобных выканаўцаў вобласці, выставы работ народнай творчасці, сустрэцца з дзеячамі культуры і мастацтва. На працягу дня гледачы знаёміліся з музыкай, песнямі, танцамі, урыўкамі са спектакляў па мастацкіх творах, напісаных ў розныя часы класікамі і сучаснымі беларускімі аўтарамі. І, акунуўшыся ў атмасферу цудоўнага, можна было сапраўды пераканацца, якая наша мова ўсё ж такі багатая, мілагучная, простая.
У разнастайных мерапрыемствах свята прымалі ўдзел самадзейныя артысты нашага раёна. Перш за ўсё гэта салістка гарадскога Дома культуры Вольга Бярчук, якая заўсёды з задавальненнем і даволі паспяхова ўдзельнічае ў раённых, абласных святах і конкурсах. На гэты раз яна, праспяваўшы беларускія песні “Каля майго цераму” і “Каліна”, заваявала заслужаную сімпатыю гледачоў і журы конкурсу.
Пасля святочнага канцэрта адбылося яшчэ адно, вельмі незвычайнае мерапрыемства: так званая фальклорная этнадыскатэка. Згадзіцеся, назва незразумелая, але вельмі інтрыгуючая. Самы непасрэдны ўдзел у ёй прымалі і ўдзельнікі знакамітага дзіцячага клуба аматараў фальклору “Крынічка” Хаціслаўскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Галіны Хомік. Чытач ужо знаёмы з гэтым калектывам, дыпламантам рэспубліканскага конкурсу фальклорнага мастацтва “Берагіня”. На гэты раз калектыў праводзіў на этнадыскатэцы, калі можна так сказаць, своеасаблівы майстар-клас народных побытавых танцаў. Вядома ж, мы дрэнна ведаем гэтыя танцы. На вечарынках, вяселлях танчаць звычайна польку, кракавяк, падыспань. А ці чулі вы пра такія, як “матлет”, “какетка”, “ночка”? Напэўна, і назваў такіх не ведаеце, не тое што танцаў. Дык вось з некаторымі з іх і пазнаеміліся прысутныя на дыскатэцы. А было ўсё так.
Вядучая Марына Бяльчук расказвала пра танец, “Крынічка” дэманстравала рухі, і потым, ужо засвоіўшы іх кожны ўдзельнік гурта выбіраў сабе партнёра з ліку прысутных. Паверце, гэта было такое цікавае відовішча! Аўдыторыя была рознаўзроставая, ад малых да старых, і гэта надавала імпрэзе асаблівую цікавасць. Былі тут нават студэнты-негры, якія з задавальненнем танчылі разам з “Крынічкай”. А калі яшчэ ўлічыць, што акампаніраваў ансамбль у складзе Галіны Хомік, Віктара Галавія, Святланы Бяльчук і Вячаслава Краўчука, дык наогул нельга было ўсядзець на месцы. Такім чынам, вывучылі той самы “матлет”, “ночку”, а яшчэ пагулялі з прысутнымі ў цікавую мясцовую гульню “Явар”. Дарэчы, на адной пляцоўцы з нашымі артыстамі выступалі ўдзельнікі ўзорнага ансамбля фальклорнага танца “Ліпачка” з Драгічынскага раёна і маладзёжнага фальклорнага гурта “Жэмерва” м. Бельска-Падляшскага з Польшчы.Наогул, нам было вельмі цікава пазнаёміцца з самабытнай культурай нашых суседзяў, а ўдзельнікі гэтага этнаграфічнага “шоу” набылі пэўны вопыт у папулярызацыі мясцовай танцавальнай культуры. Што ж, дзякуем арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства і спадзяемся, што такія сустрэчы будуць наладжаны і ў нашым раёне. Запрашайце, калі ласка, “Крынічку”, і яна пазнаёміць вас з багатымі духоўнымі каштоўнасцямі сваіх бабуль і дзядуль. Не сумнявайцеся, хаціслаўцы нямала ведаюць і шмат чаму навучаць.
Наталля Галавій, дырэктар раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры.

Опубликовано в «ГЧ» 13.03.2013 г. 

Добавить комментарий


www.pills24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!