Для духоўных патрэб

14 сакавіка адзначаецца Дзень праваслаўнай кнігі. Ён быў зацверджаны ў 2009г. Сінодам Рускай праваслаўнай царквы. Свята прымеркавана да выхаду першай на Русі друкаванай кнігі Івана Фёдарава “Апостал”, якая пабачыла свет 1 сакавіка 1564г.(па старому стылю).
Праваслаўная кніга сёння даступна кожнаму, у каго ёсць жаданне яе ўзяць у рукі і пачытаць. Для задавальнення попыту на праваслаўную кнігу, які ў апошні час вырас, у бібліятэчнай сістэме Маларытчыны таксама робяцца пэўныя захады. ЦБС, напрыклад, ужо некалькі гадоў супрацоўнічае з выдавецтвам Беларускага Экзархату. Дзякуючы гэтаму, закуплена больш за 2 тысячы экзэмпляраў кніг для бібліятэк-філіялаў раёна.
Але сапраўднай скарбніцай духоўнага слова для прыхаджан з’яўляецца бібліятэка пры Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты, якая існуе з 1995 г. Каштоўнасць і багацце бібліятэкі — гэта яе фонд. Сёння ён налічвае амаль 4 тысячы экзэмпляраў, з якіх 800 – для дзяцей. Некаторыя кнігі ёсць у некалькіх экзэмплярах. Увесь фонд згрупаваны па 16 асноўных раздзелах.
— У нас зарэгістравана 416 чытачоў, — кажа Ірына Сезік, бібліятэкар, — але на самой справе іх значна больш. Многія, узяўшы тую ці іншую кнігу, даюць яе пачытаць родным, знаёмым.
Бібліятэка працуе кожную нядзелю толькі з 11.00 да 12.30. За гэты час бібліятэка выдае ў сярэднім 30-40 кніг, іншы раз – і па 100-120.
— Бібліятэку наведваюць людзі рознага ўзросту, — гаворыць Ірына Аляксееўна. — Яны бяруць пачытаць не толькі мастацкую літаратуру, але і розныя нарысы, кнігі філасофскай, царкоўна-гістарычнай і богаслужэбнай накіраванасці, жыціі і жыццеапісанні сучасных падзвіжнікаў набожнасці, духоўна-пазнавальныя творы і ўспаміны айцоў царквы. У бібліятэцы можна знайсці кнігі на маральную тэматыку, аб праваслаўнай сям’і і выхаванні дзяцей, павучанні пра духоўнае жыццё манахаў і вернікаў, праваслаўныя энцыклапедыі, тлумачэнні Евангелля, царкоўна-славянскія слоўнікі, малітоўнікі, акафістнікі…
У чытальнай зале бібліятэкі можна таксама пазнаёміцца з перыядычнымі выданнямі праваслаўнай царквы. Да ўвагі чытачоў, напрыклад, газеты (“Преображение”, “Воскресение”, “Духоўны веснік”, “Царкоўнае слова”), часопісы (“Брестские епархиальные ведомости”, “Минские епархиальные ведомости”, “Ступени”, “Нескучный сад”, “Православная беседа”, “Фома”, “Поколение”, “Врата небесные”, “ Славянка”, “Лампада”), часопісы для дзяцей (“Шишкин лес”, “Свечечка”, “Божий мир”)… Акрамя таго, напракат можна ўзяць аўдыя-, відэакасеты і DVD-дыскі.
Бібліятэка папаўняецца літаратурай на сродкі прыхаджан. Некаторыя вернікі кнігі і часопісы дораць.
— Ірына Аляксееўна, навошта патрэбна прыходская бібліятэка? Кніжак розных шмат выдаецца і прадаецца. Можна і набыць сабе любую.
— Бібліятэкі пры праваслаўных храмах, на мой погляд, трэба, каб былі. Чаму? Кнігі сёння шмат каштуюць. Таму не кожны вернік можа сабе купіць тое, што хоча. Часта бывае, што чалавек набыў кнігу, а яна не адпавядае яго чытацкім густам. Што тады з ёю рабіць? У сучасным свеце разнастайнай друкаванай прадукцыі з’арыентавацца цяжка. Бібліятэкар жа заўсёды параіць, што можна прачытаць па тэме, якая цікавіць. Таму людзі і ідуць у прыходскую бібліятэку. У кожнага наведвальніка свой шлях да яе. Між іншым, многія чытачы часта просяць: “Дайце якую-небудзь кніжку, на ваш погляд, добрую”.
— Царкоўная бібліятэка сёння – гэта…
— На мой погляд, своеасаблівы духоўна-інфармацыйны цэнтр як прыходу, так і ўсяго благачыння. У бібліятэку пасля заканчэння літургіі прыходзяць прыхаджане для таго, каб прадоўжыць духоўную радасць зносін. Людзям трэба суцяшэнне, размова з аднадумцамі. Чаго не хапае, прыхаджане знаходзяць часта ў кнігах. Таму бібліятэрапія, лячэнне кнігай – неабходны і важны ланцужок для еднасці з Усявышнім, для разумення Божых законаў. Усё гэта, у рэшце рэшт, змяняе чалавека і настаўляе на шлях змянення свайго жыцця.
На здымку: Ірына Сезік рэкамендуе пачытаць новую кнігу Юрыю Лукомскаму, аднаму з частых наведвальнікаў царкоўнай бібліятэкі.

Опубликовано в «ГЧ» 13.03.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


материалы для крыши

eurobud.com.ua/montazh/

webterra.com.ua