З добрым сэрцам і… падарункамі

прыехалі да членаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку прадстаўнікі абласной арганізацыі БелТІЗ
Акцыя “З добрым сэрцам у кожны дом” прывяла ў Маларыту прадстаўнікоў абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. З падарункамі прыехалі яны да жанчын–членаў таварыства, якія выхоўваюць дзяцей з поўнай ці частковай стратай зроку.
— Вам выпаў нялёгкі крыж, які трэба несці па жыцці, — гаварыла, звяртаючыся да ўдзельніц сустрэчы, што адбылася ў тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старшыня абласной арганізацыі БелТІЗ Ірына Юрэня. – Але вы павінны ўсведамляць, што гэта не гора, а проста праблема. Гора, калі губляеш дарагога чалавека назаўжды, а вашы дзеці, хоць у іх ёсць праблемы са здароўем, побач з вамі, яны натхняюць і радуюць вас і чакаюць пастаяннай любові і клопату. Спраўляцца з любымі цяжкасцямі лягчэй разам, таму і аб’ядноўвае вас усіх адна арганізацыя – таварыства, кожны член якога прайшоў праз падобныя выпрабаванні і добра ведае, як цяжка жыць са стратай зроку.
Раённая арганізацыя таварыства інвалідаў па зроку, узначальвае якую ўжо шмат гадоў чулы і апантаны жыццём таварыства чалавек — Вера Сцяпанаўна Косік, аб’ядноўвае 89 чалавек, 5 з іх – жанчыны, якія выхоўваюць дзетак-інвалідаў па зроку. Таварыства стараецца добрым словам, паштоўкай, невялікім, але прыемным (бо зроблены ад душы), падарункам падтрымаць кожнага свайго члена. Сюрпрызам для жанчын-маці на гэты раз сталі прадуктовыя наборы, кветкі і цацкі, якія сабрала для іх абласная арганізацыя.
Адчуваць клопат, як пры­знаецца Галіна Анішчук з вёскі Лукава, заўжды вельмі прыемна. Галіна Адамаўна – мнагадзетная мама, у якой чацвёра дзетак. Яе сыны – блізняты Дзіма і Дзяніс – малодшыя ў сям’і. У Дзімы праблемы са зрокам з самага нараджэння. Бацькі стараюцца выкарыстоўваць любую магчымасць, каб дапамагчы сыну. У сваіх клопатах і праблемах яны не адзінокія. Вось ужо два гады Галіна Адамаўна з’яўляецца членам таварыства інвалідаў па зроку. Яна ахвотна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах і сустрэчах, у час якіх пазнаёмілася з іншымі матулямі, у якіх падобныя з ёй праблемы. Даведацца пра тое, як змагаюцца з гэтымі праблемамі іншыя,падзяліцца сваім жыццёвым вопытам, пачуць у падтрымку добрае слова – лічыць яна, як і многія іншыя члены таварыства, самым каштоўным.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 16.03.2013 г.

Добавить комментарий


читайте здесь

читайте здесь www.kamod.net.ua

low cost quadcopters
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!