Духоўны шлях да Вялiкадня

У праваслаўных вернікаў з 18 сакавіка па 4 мая – Вялікі пост. З чатырох шматдзённых пастоў Вялікі з’яўляецца асноўным, самым працяглым і строгім. Ён доўжыцца 40 дзён, таму яшчэ называецца Чатырохдзясятніцай.
З пункту гледжання царквы пост – асаблівая форма аскетызму. Ён патрабуе ўстрымання і духоўнага, і цялеснага. Духоўны пост прадугледжвае абмежаванне знешніх уражанняў і задавальненняў. Калі чалавек рыхтуецца накіравацца ў падарожжа, ён павінен ведаць мэту. Так і з постам. Гэта – галоўным чынам духоўнае падарожжа, а яго мэта – Вялікдзень.
Сваімі думкамі з нагоды Вялікага посту карэспандэнт рэдакцыі папрасіў падзяліцца іерэя Віктара Паляцілу, благачыннага Маларыцкай царкоўнай акругі, кандыдата багаслоўскіх навук, настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы райцэнтра.

— У гэтыя вясеннія дні ўся паўната праваслаўнай царквы ўступіла ў асаблівы перыяд гадавога кола богаслужэнняў святой Чатырохдзясятніцы. Многія падзвіжнікі называюць гэты час вясной душы. Як уся прырода вясной прачынаецца ад зімовага сну, так у час посту душа чалавека заклікана прачнуцца ад грахоўнага стану і пачаць узыход да вяршынь святасці.
Мы вельмі часта бываем ленаватымі да духоўнай справы. Любім адкладваць усё на потым. “Зараз няма калі думаць пра душу, таму што многа турбот пра іншае, — часта гаворым мы самі сабе. – Мы клапоцімся пра тое, што паесці і што папіць, што апранаць, у якіх палацах жыць і на якой мэблі сядзець, на якіх машынах ездзіць… Вось потым, разважаем, калі стану старым, выйду на заслужаны адпачынак, буду пасціцца, хадзіць у царкву, рабіць добрыя справы”.
Аднак няўмольна пралятаюць гады, і чалавек набліжаецца да старасці. Ужо і хацеў бы памаліцца і кнігі духоўныя чытаць, але за пастаянным праглядам тэлевізара і “пасядзелак” за камп’ютарам так сапсаваў зрок, што не можа доўга чытаць. А ў памяці не трымаюцца малітвы. Хацеў бы хадзіць у храм, ды ногі сталі слабымі і непаслухмянымі. Ды і спіна баліць. А ся­дзець у царкве быццам бы сорамна. Лепш дома пабыць. Хацеў бы папасціцца, але баляць страўнік, ныркі, селязёнка, пячонка. Яны сталі капрызнымі, бо “сапсаваліся”, перанасы­ціліся ў маладосці. Цяпер жа не ўсякую ежу прымаюць. Хацеў бы рабіць добрыя справы, але стаў стары. Ужо самому патрэбна дапамога іншых. Заканчваецца зямное жыццё, і чалавек аказваецца не пад­рыхтаваным да пераходу ў вечнасць, таму хвалюецца і дрыжыць, але нічога ўжо не можа зрабіць. Час упушчаны назаўсёды.
Каб не трапіць у такі стан, царква шматразова напамінае кожнаму з нас пра важнасць клопату пра душу. Асабліва гэта праяўляецца ў час посту. На жаль, для многіх з нас пост – толькі строгая дыета. Не спажываю мяса, малака – значыць, пашчуся. Але гэта далёка не так. “Не мните, братия, яко не ядение мяса приближает нас к Богу” и “пост не ошаяние (воздержание) брашен точию совершим, но всякия греховныя страсти отчуждение:да на нас мучительствующую плотьпоработивше, достойны будем причастия, Агнца за мир закланного…”
Таму з асаблівым стараннем узброімся на любы грэх у нашым жыцці. А ўсё тое, да чаго нас заклікае царква ў час посту, няхай будзе нам памочнікам у дасягненні галоўнай мэты.
“Прииде пост, мати целомудрия, обличитель грехов, проповедник покаяния, жительство ангелов и спасение человеков. Вернии возопиим: “Боже, помилуй нас”, — спяваецца ў царкве за богаслужэннем на першым тыдні Вялікага посту для нашага павучання. Калі мы ўдумаемся і ўнікнем у глыбіню гэтых слоў, то будучыня ўяўляецца не такой ужо змрочнай, цяжкай, безна­дзейнай. У нас узнікне жаданне здзейсніць духоўныя подзвігі, каб змяніць сваё жыццё, зрабіць яго больш светлым. Царква заклікае пасціцца постам прыемным, які прымае Госпад. Сапраўдны пост ёсць “злых отчуждение, воздержание языка, ярости отложение, потохей отлучение, оглаголания, лжи и клятвоприступления. Сих оскуднение, пост истинный есть и благоприятный”.
На богаслужэнні ў час посту штодзень шматразова гучыць кароткая па змесце малітва найпадобнейшага Яфрэма Сірына: “Господи и Владыко живота моего, дух праздности, уныния, любоначалия и празднословия не даждь мне. Дух же целомудрия, смиренномудрия, терпения и любви даруй мне, рабу твоему. Ей, Господи, Царю, даруй мне зрети моя прегрешения и не осуждати брата моего.” Калі гэтыя словы святога стануць для нас дэвізам жыцця не толькі ў дні Вялікага посту, але і заўсёды, то мы будзем мець магчымасць быць нашчадкамі царства, што на нябёсах. Няхай дапаможа нам усім Хрыстос, які пасціўся 40 дзён перад выхадам на сваё служэнне, прайсці і гэтыя святыя і выратавальныя дні з карысцю для душы і цела.
Раздумваючы над пры­ведзенымі ўрыўкамі і параўноўваючы сваё жыццё з евангельскім вучэннем, паспрабуем пераадолець поснае падарожжа ў здароўі цялесным, радасці духоўнай, ачысціўшыся ад граху. Тады дасягнем радаснага свята – Вялікадня, светлага Хрыстова Уваскрэшання.
Час ляціць вельмі хутка. Не паспеем азірнуцца, як апынемся на парозе перадвелікоднага тыдня і саміх святочных дзён. Будзем спяшацца рабіць добрыя справы, праз якія праяўляецца наша вера. Няхай кожны крок будзе пранізаны любоўю, без якой у гэтым свеце ўсё нішто.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: іерэй Віктар Паляціла.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.03.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


granit-sunrise.com.ua

https://progressive.ua

https://babyforyou.org