РЭАБІЛІТАЦЫЯ ПРАЗ ТВОРЧАСЦЬ

Напярэдадні Вялікадня пры Свята-Мікалаеўскай царкве прайшла дабрачынная выстаўка работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці. На ёй былі прадстаўлены карціны са скуры, сувеніры, вырабленыя ў тэхніцы модульнага арыгамі, вырабы са шкарлупін яйка. Усе работы былі зробленыя рукамі маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць творчую майстэрню аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама ўдзельнікамі гуртка для інвалідаў-калясачнікаў “Рукадзельніца”. Усіх гэтых людзей можна назваць умелымі стваральнікамі цудоўнага, бо яны здольны ўвасабляць прыгажосць свайго ўнутранага свету  ў непаўторнасць вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Асаблівым попытам на вербным кірмашы  карысталіся  карціны са скуры Соф’і Ігнацюк. За час наведвання аддзялення дзяўчына навучылася віртуозна валодаць скураным матэрыялам,  і яе работы дасягнулі высокага ўзроўню майстэрства. У экспазіцыі былі прадстаўлены таксама прыгожыя пасхальныя яйкі,  дэкаратыўныя лебедзі ў тэхніцы модульнага арыгамі, зробленыя Святланай Завадскай, Андрэем Катлом, Уладзімірам Касянюком, Кацярынай Крэмянной і Кацярынай Пугач. Сродкі, выручаныя ад продажу вырабаў, пойдуць на набыццё матэрыялаў і рамак для новых работ.
Нярэдка творчасць выратоўвае ад суму і дапамагае набыць упэўненасць у сваіх сілах, набыць сэнс жыцця. Кожнаму з нас неабходна памятаць, што вакол нас жывуць “асаблівыя людзі” – невідушчыя, з дрэнным слыхам, тыя, хто не мае магчымасці хадзіць, але ўмее шчыра радавацца, на­дзеленыя здзіўляючым аптымізмам і актыўнасцю.
Юлія КРЭНЬ, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.
НА ЗДЫМКУ: дабрачынная выстаўка.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.