У чаканні старту сяўбы

Вясна сёлета выдалася на дзіва позняя. Пачатак красавіка — а на палях яшчэ ляжыць снег, а таму тэхніцы, якая ў СВК “Хаціслаўскі” даўно ў поўнай “баявой” гатоўнасці, даводзіцца чакаць старту пасяўной.
З 65 трактароў, а ў “Хаціслаўскім” самы вялікі ў раёне машынна-трактарны парк, на вясенняй сяўбе, як адзначыў галоўны інжынер гаспадаркі Сяргей Тамашук, будзе задзейнічана 25. Усе яны былі гатовы да выхаду ў поле яшчэ ў сярэдзіне лютага. Амаль паўмільярда рублёў давялося затраціць гаспадарцы, каб прывесці тэхніку ў належны стан. Асаблівая ўвага надавалася энерганасычаным трактарам – двум ДжонДзірам і двум “Беларусам – 3022”. Надвор’е “прытармазіла” пачатак палявых работ. Пакуль на палі ўносяцца толькі мінеральныя ўгнаенні. Іншая тэхніка “застыла” у чаканні. З нецярплівасцю чакаюць цёплых дзён і механізатары. Для Расціслава Васільевіча Янчука, Сяргея Мацвеевіча Саўчука, Леаніда Фёдаравіча Бягезы, Сяргея Іванавіча Мірчука, Віктара Аляксеевіча Ківачука, вопытных земляробаў, вясенняя сяўба – справа прывычная. Душа кожнага з іх ірвецца ў поле.
Як толькі вясна дасць “дабро” , хаціслаўскае наваколле ажывіцца рокатам трактароў. Сёлетняя сяўба, гэта добра разумеюць у гаспадарцы, будзе асаблівая. Давядзецца правесці яе ў сціслыя тэрміны. А значыць, і нагрузка на трактары будзе большая. Таму сёння механізатары не лічаць лішнім яшчэ раз упэўніцца ў тым, што тэхніка не падвядзе, бо кожны ведае: вясенні дзень год корміць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: надзённыя праблемы абмяркоўваюць механізатары СВК “Хаціслаўскі” з галоўным інжынерам Сяргеем Тамашуком.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.04.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!