Па сцежцы творчасці

Актыўнага і пазітыўнага культарганізатара Алу Шабогіну саму можна смела назваць сапраўднай “Шкатулкай талентаў”. І за яе багатую творчую фантазію, і за ўменне зацікавіць любую публіку, і за талент пераўвасабляцца ў тых герояў, ролю якіх яна выконвае. Сваю работу, а Ала Мікалаеўна працуе ў Цэнтры дадатковага навучання, лічыць яна прызваннем і ўдзячна лёсу, што распарадзіўся ён так, каб клубок жыцця пакаціўся менавіта па творчай сцежцы.
Праўда, у школьныя гады асобымі творчымі здольнасцямі дзяўчынка Ала не вызначалася. Хіба што толькі любіла танцаваць. Але харэаграфічнага гуртка ў той час у горадзе не было, таму развіць свае здольнасці ў дзяцінстве ў яе не атрымалася. Пра творчую прафесію не думала яна і тады, калі пасля заканчэння школы выбірала далейшы шлях. Але лёс усё расставіў па сваіх месцах. Пасля няўдалай спробы паступіць у ВНУ, дзяўчына пачала шукаць работу. І неяк выпадкова ёй прапанавалі па­ехаць у вёску Ужова, у сельскі клуб. Зусім незнаёмая работа з першых дзён спадабалася, бо было цікава арганізоўваць розныя мерапрыемствы, радаваць удзячную вясковую публіку канцэртамі. Прайшло ўсяго некалькі месяцаў, а маладая загадчыца клуба ўжо была ўпэўнена, што яе далейшае жыццё будзе звязана з творчасцю.
Гады вучобы ў Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, якое закончыла яна з адзнакай, праляцелі, як адно імгненне. І вось Ала Мікалаеўна, малады, адукаваны спецыяліст, прыходзіць у гарадскі Дом культуры, дзе чакае яе пасада балетмайстра. Яна актыўна ўключылася ў работу, зацікавіўшы танцамі многіх хлопчыкаў і дзяўчынак, і вельмі радавалася таму, што можа даць цяпер дзецям тое, што некалі так не хапала ёй. З першых самастойных крокаў у прафесіі Ала Мікалаеўна змагла праявіць сябе не толькі як харэограф, але і як арганізатар цікавых забаўляльных праграм. І хоць сама творчая работа ў ГДК ёй падабалася, але дзень за днём яна ўсё больш адчувала, што яе прыцягвае работа з дзецьмі. Таму, калі дзяўчыне прапанавалі месца культарганізатара ў Цэнтры пазашкольнай работы, яна ахвотна згадзілася. Менавіта гэтая работа, якая за 17 гадоў не стала для яе менш цікавай, як лічыць Ала Мікалаеўна, і дапамагла ёй рэалізаваць усе свае здольнасці. Кожны працоўны дзень для яе – пошук новага. На занятках харэаграфічнага гуртка яна разам з дзецьмі рыхтуецца да чарговых выступленняў, у перапынках паміж заняткамі сама ці разам са сваімі калегамі шые касцюмы, а вось разам з наведвальнікамі гуртка культарганізатараў кожны раз вучыцца гуляць у новыя гульні, старанна рыхтуе рэквізіт. А яшчэ знаходзіць час, каб скласці цікавы сцэнарый, вывучыць ролю новага казачнага персанажа, які абавязкова будзе здзіўляць хлопчыкаў і дзяўчынак.
Між іншым, у якія толькі ролі не даводзілася пераўвасабляцца Але Шабогінай. Рыхтуючы штогод вялікую святочную праграму, з якой, радуючы дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў, традыцыйна выступае калектыў Цэнтра на дабрачыннай навагодняй ёлцы, творчы і артыстычны культарганізатар заўжды выконвае адну з галоўных роляў. І настолькі ўжываецца ў персанаж, што яшчэ доўга, убачыўшы яе на вуліцы ці ў школе, хлопчыкі і дзяўчынкі заўважаюць: “Дык гэта ж Пэпі – Доўгая Панчоха!”, ці “Глядзіце, да нас прыйшоў Вучоны Кот”. Ветлівай, адкрытай па сваім характары і шчырай, як у жыцці, так і на сцэне, ёй аднолькава лёгка даюцца ролі Чараўніка і Клоўна, Малпачкі, якая прыехала з далёкай Афрыкі, і Снягуркі. Дарэчы, роля Снягуркі для Алы Мікалаеўны асаблівая. Разам з Дзедам Марозам яна два гады запар удзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе “Ёлка-фэст”. Першы год, заваяваўшы другое месца ў вобласці, галоўныя навагоднія героі з Маларытчыны ездзілі ў Мінск, дзе заваявалі спецыяльны прыз ад газеты “СБ”. Удзел у конкурсе ў другі раз прынёс прыз сімпатый гледачоў. Летась Ала Шабогіна зноў пабывала на конкурсе, але на гэты раз ужо ў ролі ганаровага гледача. Яшчэ адной творчай перамогай лічыць Ала Мікалаеўна Дыплом удзельніка рэспубліканскага конкурсу гульневых праектаў, які праходзіў на базе рэспубліканскага дзіцячага лагера “Зубраня”. Такія паездкі, як лічыць культарганізатар, назапашваюць пазітыў, натхняюць на творчасць і дапамагаюць працаваць з яшчэ большым энтузіязмам.
НА ЗДЫМКУ: Ала Шабогіна.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 3.04.2013 г.

Добавить комментарий


www.optiontradingstrategies.net/binary-options-brokers/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!