Скарб, якому не пагражае інфляцыя

Калі пераступіла парог утульнага дома сям’і Дземчукоў з вёскі Перавое, уразілі чысціня і парадак, а яшчэ – ветлівасць саміх гаспадароў. Мікалай Аляксеевіч і Надзея Трафімаўна — адна з тых сямейных пар, якая можа пахваліцца не адным дзесяцігоддзем, пражытым разам. Іх сямейны багаж складае 46 гадоў. 46 гадоў кахання, узаемаразумення, павагі.
Мікалай Аляксеевіч і Надзея Трафімаўна нарадзіліся і выгадаваліся ў вёсцы Перавое, таму ведаюць адзін аднаго з самага дзяцінства. Разам і ў 7-гадовую школу хадзілі, толькі Мікалай быў на два гады старэйшы. Але гэта не перашкаджала ім сябраваць. Мажліва, менавіта тады, у тыя бесклапотныя часы, і з’явілася ў іх сэрцах першая сімпатыя адзін да аднаго. Але час не стаіць на месцы. Мікалай і Надзея раслі, закончылі школу, і ў кожнага пачалося сваё самастойнае жыццё. Так склаўся лёс, што ім давялося на некаторы час пакінуць сваю маленькую радзіму.
Мікалай
Пасля заканчэння школы малады хлопец дома працы не знайшоў, таму і адправіўся на Украіну, каб зарабіць хоць нейкія грошы. Там ён займаўся самай разнастайнай працай, якой не цураўся.
— З Украіны мы маглі прывозіць збожжа, а гэта была добрая дапамога для сям’і, бацькоў, — расказвае Мікалай Аляксеевіч. — На Украіну я ездзіў два гады, а пасля мяне прызвалі ў армію. Служыў таксама вельмі далёка ад дома – на Далёкім Усходзе. Але так склалася, што поўны тэрмін службы я не адслужыў, таму што дома памёр мой брат і мяне, як адзінага сына, адправілі дадому.
Вярнуўшыся ў Перавое, Мікалай пайшоў вучыцца ў вучылішча механізацыі. А пасля яго заканчэння быў накіраваны на працу ў родны калгас, дзе і працаваў да выхаду на пенсію то на трактары, то на камбайне. Мікалай Аляксеевіч падкрэсліваў, што цяжка ў тыя часы было працаваць. Але усе цяжкасці дапамагала пераадольваць любоў да працы.
Надзея
Пасля школы тры гады ездзіла на працу ў суседнюю Украіну і Надзея.
— У бацькоў нас было пяцёра дзяцей, а таму, безумоўна, патрэбна было дапамагаць ім, — успамінае Надзея Трафімаўна. — Ой, цяжкі тады быў час, ды і жыццё ўвогуле, але мы ніколі не апускалі рукі. Заўсёды верылі ў лепшае і спадзяваліся толькі на сябе і свае сілы. Таму пасля Украіны паехала я на цаліну. Там ніхто не пытаўся, цяжка табе працаваць ці не? Там кожны быў сам за сябе, ды і паскардзіцца можна было толькі сабе.
Пасля маладая дзяўчына Надзея яшчэ два з паловай гады працавала ва Уладзімірскай вобласці, што ў Расіі, на ткацкай фабрыцы. Але сэрца ўсё прасілася дадому, да родных. І Надзея вярнулася ў Перавое. Дома пайшла працаваць у калгас. Спачатку ў паляводстве шчыравала, а затым, да выхаду на пенсію, цялятніцай.
Мікалай і Надзея вярнуліся ў родныя мясціны і пачалі сустракацца. А ў 1967 годзе згулялі вяселле. Яно было вялікае і вясёлае, а праз год у маладой сям’і нарадзіўся сын.
Усё жыццё Мікалай Аляксеевіч і Надзея Трафімаўна трымалі вялікую гаспадарку. Яны і зараз не могуць сядзець без справы – у хляве кожны дзень догляду гаспадароў чакае жыўнасць. Мікалай Аляксеевіч і Надзея Трафімаўна маюць сына і дваіх унукаў, якіх заўсёды рады прымаць у сябе.
Як прызнаецца Надзея Трафімаўна, асабліва ніколі не сварыліся з мужам, бо гэта вялікае глупства.
— Калі мне нешта не падабалася, то я заўсёды старалася перамаўчаць, — расказвае жанчына, — бо пасварыцца лёгка, а вось потым зноў наладзіць адносіны бывае складана. У сям’і заўсёды хтосьці павінен быць больш мудрым, ісці першым на ўступкі. Інакш цяжка жыць ра­зам. А яшчэ ніколі не трэба трымаць у сабе крыўду на роднага чалавека, бо яна толькі разбурае сямейныя адносіны.
Калі размаўлялі з Мікалаем Аляксеевічам і Надзеяй Трафімаўнай, не раз лавіла іх пяшчотныя позіркі, што яны кідалі адзін на аднаго. І гэтыя позіркі гаварылі самі за сябе, гаварылі лепш, чым словы.
Анастасія Пархамук.
На здымку: Мікалай Аляксеевіч і Надзея Трафімаўна Дземчукі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 10.04.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


налоговые споры киев

мобил масла

https://www.shtory.ua