Калючыя любімцы Іны Абрамчук

Першыя свае кактусы Іна Уладзіміраўна Абрамчук прывезла ў вёску Дворышча, на радзіму мужа, з Іркуцка, дзе жыла раней іх сям’я. Кветкі тады былі яшчэ зусім маленькія, ды і не вельмі прываблівыя. Проста гаспадыні шкада было выкідваць расліны, якія, як лічыла яна, усё ж жывыя і без клапатлівай рукі чалавека загінуць. І яны, быццам усё разумеючы, на новым месцы жыхарства пачалі радаваць кветкавода сваім актыўным ростам і першымі, незвычайнай прыгажосці, кветкамі.
— Вядома, не так проста яны пачалі расці, — заўважае Іна Уладзіміраўна. – Падкормку для кветак атрымалася знайсці добрую, ды і клімат, магчыма, ім спадабаўся.
У кветкавай калекцыі Іны Абрамчук 8 відаў кактусаў. Але нават вазоны з аднолькавымі відамі кактусаў цалкам адрозніваюцца адзін ад другога. Як кожны чалавек — індывідуальнасць і непаўторнасць, так і кветкі – у кожнай свой выгляд, свае асаблівасці.
— А чаму Вас, як аматара кветак, захапілі менавіта кактусы? – цікаўлюся ў сваёй субяседніцы.
— Увогуле, я люблю розныя кветкі, але кактусы ўражваюць сваёй арыгінальнасцю і загадкавасцю. Так, яны калючыя, а таму разводзіць і даглядаць іх больш складана, яны не заўжды маюць прыгожую форму, бо растуць у залежнасці ад умоў, але, калі зацвітуць, дык вачэй не адвесці і душа радуецца, ды і здзіўляцца не перастаеш, як на такой, здавалася б, нязграбнай, калючай расліне, такія пяшчотныя, быццам казачныя, кветкі з’яўляюцца.
— А часта кактусы цвітуць?
— У тым і справа, што не часта. Кактусы ўвогуле зацвітаюць рэдка, ды і кветка, якая раскрываецца ўвечары, жыве ўсяго толькі ноч, ранкам вяне.
За больш чым 15 гадоў вопыту вырошчвання кактусаў Іна Уладзіміраўна засвоіла ўжо нямала кветаводчых сакрэтаў, якімі шчыра дзеліцца з іншымі. У вырошчванні кактусаў, як лічыць яна, самае галоўнае — правільна (метадам спроб і памылак) падабраць глебу, бо кожнаму віду падабаецца нешта сваё. Немалую ролю іграе і выбар пакоя, у якім будзе расці кветка. Калі расліне нешта не падабаецца, яна спыняе свой рост, быццам затойваецца ў чаканні, калі гаспадар падумае пра яе, паклапоціцца аб тым, каб падкарміць, адшукае больш утульнае месца. Ды і падкормку кактусы любяць і, “падсілкаваўшыся”, вясною абнаўляюцца, пускаюць новыя парасткі, ад чаго становяцца па-асабліваму прыгожыя.
Як прызнаецца Іна Уладзіміраўна, яна ніколі не можа прайсці міма новага віду кактуса, каб не ўзяць сабе хоць самы драбнюсенькі пасынак. Дзякуючы клопату гаспадыні, ён праз некаторы час ператвараецца ў прыгожую расліну.
— Я і сама ніколі не шкадую парасткі, нікому не адмаўляю, калі просяць імі падзяліцца, і не патрабую другі парастак узамен. Мне нават цікава, якім вырасце той ці іншы кактус у другога гаспадара, бо, як вядома, нават кветкі аднаго віду ніколі не бываюць аднолькавымі: у аднаго растуць вялікімі, у другога даюць шмат парасткаў, у трэцяга набываюць вычварны выгляд. Важна толькі дзяліцца кветкамі ад шчырага сэрца, тады і расці яны будуць добра, — заўважае кветкавод.
Даглядаць за кактусамі дапамагаюць Іне Уладзіміраўне дзеці. У мнагадзетнай сям’і Абрамчукоў іх чацвёра. Ад матулі ўсе яны навучыліся любіць кветкі. І апошнія радуюць гаспадароў сваімі кветкавымі сюрпрызамі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Іна Абрамчук са сваёй калекцыяй кактусаў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 10.04.2013 г.

Добавить комментарий


Seo киев детальнее на сайте.
https://www.velotime.com.ua/

http://www.monaliza.kiev.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!