Гадавальнiк талентаў

Калі спытаць у выкладчыкаў і вучняў дзіцячай школы мастацтваў: “Што такое творчасць?”, то ў адказ у адзін голас можна пачуць: “Гэта – стан душы!” А я б яшчэ дадаў: штодзённая праца, стараннае шліфаванне сваіх музычных нумароў.
— Наш калектыў у першую чаргу працуе не дзеля перамог на спаборніцтвах рознага ўзроню, — кажа Ірына Пятрухіна, дырэктар установы. – Мы імкнемся даць вучням глыбокія і грунтоўныя веды, выпрацоўваем і трывала замацоўваем набытыя ўменні, навыкі, далучаем да прыгожага, чароўнага і таямнічага свету песні, музыкі, танца… Калі заўжды старанна і добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, то заваяваныя перамогі на творчых спаборніцтвах – заканамерны і прагназуемы вынік.
А ён у дзіцячай школы мастацт­ваў, сапраўды, ёсць. Напрыканцы сакавіка ў рэспубліцы прайшло многа розных творчых спаборніцтваў. Па магчымасці ўстанова брала ў іх ўдзел. І ўдала. Толькі, напрыклад, за 4 конкурсныя дні атрымана ажно 6 узнагарод. Сваім талентам юныя маларытчане ярка заззялі на V адкрытым рэгіянальным конкурсе дзіцячай творчасці “Маленькі прынц-2013” (г.Светлагорск). Юлія Федарук (цымбалы) па яго выніках узнагароджана дыпломам І ступені, Настасся Тарасюк (фартэпіяна) – ІІ ступені, Вераніка Федарук (фартэпіяна) – ІІІ ступені (выкладчыкі – Наталля Забеліна, Ала Кавалевіч, Маргарыта Мандрова). Акрамя таго, Вераніка Федарук паказвала сваё майстэрства на V адкрытым фестывалі-конкурсе юных піяністаў “Музычныя іскрынкі” ў Клецку і на адкрытым фестывалі-конкурсе юных выканаўцаў “Пралескі”, які праходзіў у Брэсце.Там і там дзяўчынка ўзнагароджана дыпломамі ІІІ ступені (выкладчык – Маргарыта Мандрова). Яшчэ адна творчая перамога – дыплом ІІІ ступені – у скрыпачкі Анжэлы Пяшко (выкладчык – Ірына Горнік). Яна паспяхова выступіла наVІ адкрытым занальным конкурсе “Крынічка” (г. Баранавічы).
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вераніка і Юлія Федарукі, Настасся Тарасюк і Анжэла Пяшко са сваімі выкладчыкамі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.04.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!