Для душы — “Душэўная кухня”

Я не аматар абедаць і вячэраць у кафэ ці рэстаране. Традыцыйна перавагу аддаю хатняй кухні і таму, што прыгатавала жонка. Аднак нядаўна давялося парушыць,здавалася б, цвёрда ўсталяваную «завядзёнку». На абед завітаў у “Душэўную кухню”, што на Савецкай,9. На тое была падстава. Многія знаёмыя, быццам бы згаварыўшыся, у апошні час казалі, што часта бываюць там. Хвалілі, што ўсё ў “Душэўнай кухні” на вышыні: і абслугоўванне, і стравы. Яны, пераконвалі, вельмі смачныя і апетытныя… А нядаўна яшчэ стала вядома, што прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Два таўстуны”, якое ўзначальвае Сяргей Мелянчук і якое займаецца аказаннем рэстаранных паслуг, прызнана лепшым у раённым конкурсе “Лепшы прадпрымальнік года” ў намінацыі “Грамадскае харчаванне”.Пасля гэтай навіны нельга было не спакусіцца і не пайсці на абед.
Пераступіўшы парог кафэ ІІ нацэначнай катэгорыі, якое першых наведвальнікаў прыняло 2 жніўня 2011 года, пачуў ціхую прыемную музыку. Афіцыянтка адразу прапанавала распрануцца і заняць любы столік. У “Душэўнай кухні” 2 залы: абедзенная (на 32 наведвальнікі) і барная (на 20 наведвальнікаў). Мяне зачаравала першая зала. Утульна тут і неяк па-хатняму звыкла. Праз імгненне афіцыянтка-бармэн прапанавала “Душэўнае меню”. Уважліва яго вывучаю. Меню на рускай і англійскай мовах. Разгубіўся адразу, што заказаць. Назвы страў незвычайныя: “Фламенка”, “Курыца-памада”, “Аказія”, “Пастараль”, “Чонь-суй”, “Рыс па-каралеўску”, “Салата царская”… Тут жа адразу пазначана, колькі часу давядзецца пачакаць. Халодныя закускі, салаты і супы прыгатуюць за 10-15 хвілін, гарніры – за 10-20 хвілін, гарачыя стравы – за 30-40 хвілін.“Учарашнія” стравы, якія засталіся, у кафэ не прынята разаграваць. Толькі сённяшняе, натуральнае, свежае і якаснае. Усё пачынае гатавацца адразу пасля атрымання заказу. Таму ў наведвальнікаў і просяць звяртаць увагу на час, які неабходны для прыгатавання. У асартыменце ”Душэўнай кухні” таксама 8 найменняў сокаў, 10 – малочных кактэйляў, 11 – марожанага.
Я зрабіў заказ. Суп “Фламенка”, гарнір “Мехіка”, “Райская птушка”, “Салата пастуха”… Слухаю музыку і адначасова размаўляю з Сяргеем Мелянчуком, гаспадаром кафэ.
— Сяргей Анатольевіч, — цікаўлюся я, — колькі ў штаце работнікаў?
— Усяго 8. Гэта ў першую чаргу — 2 бармэны-афіцыянты, 2 повары, загадчык вытворчасці,бухгалтар-дырэктар у адной асобе. Лічу, што дасягнутаму поспеху паспрыялі: Раман Мелянчук, шэф-повар; Ларыса Аляксандраўна, загадчык вытворчасці, жонка Рамана; Ганна Сахарчук і Вольга Пішчык, афіцыянткі.
— А чым здзіўляеце наведвальнікаў?
— Мы працуем па прынцыпу: душэўнасць ва ўсім, заўжды і ўсюды.“Душэўная кухня” – для душы. Наведвальнікам прапануем стравы беларускай і італьянскай кухні, аднак больш за ўсё – аўтарскія, арыгінальныя, якія распрацаваны братам Раманам. Ён – майстар на ўсе рукі, у свой час закончыў Брэсцкі дзяржаўны прафесійны каледж па спецыяльнасці “Повар беларускай і міжнароднай кухні”.
— Сяргей Анатольевіч, для чаго ў вас меню прадублірава­на на англійскай мове? Няўжо так многа бывае англічан?
— Англічан, здаецца, пакуль яшчэ не было. Аднак у нашых сценах абедалі і вячэралі госці не толькі з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, але і з Германіі, Італіі. Для апошніх англійская мова – мова міжнародных зносін. Калі я на рабочым месцы, то перакладчык не патрэбен. (Сяргей Мелянчук па дыпломе — настаўнік нямецкай і англійскай мовы, закончыў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт). А калі няма, то без праблем іншаземныя госці змогуць заказаць стравы, прачытаўшы меню. Зручна і адпавядае патрабаванням часу.
— Што заказваюць найчасцей?
— Дранікі “Аказія”, суп “Эмпанада”, салянку мясную, — кажа Раман Анатольевіч, шэф-повар. – Карыстаецца попытам і піца. У нас 9 яе найменняў. Ахвотна заказваюць часночныя сухарыкі ўласнага прыгатавання, вострыя курыныя крылцы.
— А колькі бывае навед­вальнікаў у дзень?
— Нам хапае (смяецца). Летам і восенню іх бывае больш. Па буднях у сярэднім – да 50 чалавек, у выхадныя дні – да 150. У нас можна заказаць усю залу. Гэта можна зрабіць не раней, чым за месяц. А вось неабходную колькасць столікаў – у дзень наведвання кафэ. Заяўкі прымаем і па тэлефоне 2-18-45. Працуем штодзень, акрамя панядзелка, з 12.00 да 23.00.
— Якія планы на будучае?
— Будзем пашырацца, — гаворыць Сяргей Мелянчук. – Упершыню з прыходам цёплай пары плануем адкрыць летнюю пляцоўку на 28 месцаў.
— Ёсць мара і ў мяне, — смяецца Раман Мелянчук. – Хочацца стаць уласнікам магазіна-кулінарыі. Вопыт, здаецца, у гэтым ёсць, уменне і веды – таксама. Магчыма, ён будзе адчынены ў Маларыце, магчыма, у іншым горадзе.
***
Хвіліна ў хвіліну, як і пазначана ў меню, афіцыянтка прынесла заказаныя мною стравы. З’еў з асалодаю. Было смачна і апетытна.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Раман Анатольевіч і Сяргей Анатоль­евіч Мелянчукі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.04.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


там kls-agency.com.ua

также читайте topobzor.info

www.yarema.ua