Грошы пад нагамі?

Людзі старэйшага пакалення памятаюць, як у сваім піянерскім і камсамольскім мінулым удзельнічалі ў спаборніцтвах па зборы макулатуры і металалому. Спачатку былі актыўныя пошукі “лішняга” кілаграма лому, потым — “хаджэнне ў народ”: да суседзяў, знаёмых…
Збор макулатуры і металалому, іншай другаснай сыравіны застаецца актуальным, надзённым і сёння. Для нашай краіны, якая не валодае буйнымі запасамі асноўных прыродных рэсурсаў, выкарыстанне яе мае вялікае дзяржаўнае значэнне. Гэта дае магчымасць зэканоміць і зберагчы не толькі ўзнаўляльныя прыродныя рэсурсы, але і значныя фінансавыя сродкі. Пасля апрацоўкі такі матэрыял становіцца больш таннай крыніцай сыравіны. Калі ж, напрыклад, паперу, пластык, шкло сабраць у спецыяльна адведзеныя месцы, то яны не ператвараюцца ў смецце, якое не гніе дзесяцігоддзямі і наносіць шкоду ўсяму жывому, а пойдуць на перапрацоўку. Інфармацыя для роздуму: упаковачная папера гніе 2 гады, пластыкавая бутэлька – 10 гадоў, поліэтыленавы пакет – 150 гадоў, шкляная бутэлька – 1000 гадоў.
Збор другаснай сыравіны арганізаваны і ў раёне. Такую функцыю разам з жыллёва-камунальнай службай узяло на сябе і райспажыўтаварыства. За гэтую работу ў арганізацыі адказвае Алёна Чурбанава, начальнік сектара нарыхтовак.
— Мы традыцыйна нарых­тоўваем макулатуру, рыззё, поліэтылен, шклабой, лом чорных і каляровых металаў, а таксама шкуру жывёлін, — кажа Алёна Віктараўна. — Праз магазіны ў населеных пунктах таксама арганізаваны закуп другаснай сыравіны ў насельніцтва. Пералік таго, што прымаем, ёсць на інфармацыйных стэндах ва ўсіх гандлёвых кропках. Любы чалавек можа даць нам заяўку праз магазін райспажыўтаварыства. Можна таксама самому прывезці другасную сыравіну ў Маларыту ці нават заказаць машыну для вывазу. Пасля сартавання і ўпакоўкі другасная сыравіна са склада накіроўваецца на далейшую перапрацоўку на прадпрыемствы вобласці і краіны.
За мінулы год райспажыўта­варыства нарыхтавала, напрыклад, 825 штук сыравіны шкур; 1189,1 тоны — лому чорных металаў і 2,5 – каляровых; 9,5 тоны — другасных тэкстыльных матэрыялаў; 133,1 тоны — макулатуры; 2,6 тоны– шклабою; 9,8 тоны – другаснай палімернай сыравіны.У рублёвым эквіваленце атрымліваецца значная сума.
У сектары нарыхтоўкі працуе 12 чалавек. Менавіта іх намаганнямі дзяржаўны заказ па пастаўцы перапрацоўчым прадпрыемствам рэспублікі выкананы на 157% па ломе чорных металаў і на 110% — па ломе каляровых металаў. Ра­зам з тым, заданні па пастаўцы макулатуры склалі толькі 70% ад плана, поліэтылену – 76%, шклабою – 6%, другасных тэкстыльных матэрыялаў – 13%.
— У зборы другаснай сыравіны павінен быць зацікаўлены кожны з нас, — гаворыць Алёна Чурбанава, — нельга выкідваць тое, што можа спатрэбіцца нашым прадпрыемствам-перапрацоўшчыкам.
Макулатура, металалом, пластык і інш. — своеасаблівы капітал, нашы агульныя грошы, якія ляжаць пад нагамі. Гэта таксама спрыяе больш рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў і вырашэнню экалагічных праблем. Выкідваць проста так нешта непатрэбнае – сёння ўжо нерацыянальны падыход, не па-гаспадарску. Агульнапрызнаная практыка таксама пераконвае, што нарыхтоўка другаснай сыравіны – адзін са шляхоў да дабрабыту і росквіту грамадства.
* * *
Цяпер райспажыў­таварыства макулатуру закупляе па цане 250 руб. за кілаграм, поліэтылен – 1000 руб, лом чорных металаў – 1450 руб., лом каляровых металаў – 6250-40100 руб., шклабой – 60 руб., другасны тэкстыльны матэрыял — 300 руб. Аднак закупачныя цэны могуць мяняцца. Пункт прыёму і склад знаходзяцца па адрасе: вуліца 8 Сакавіка, 12. Час працы — з 8.00 да 17.00. Даведкі можна атрымаць па тэлефоне: 2-32-96.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: прасаўшчык склада другаснай сыравіны Мікалай Андрэевіч Навумчык і вадзіцель з 33-гадовым стажам Іван Дзмітрыевіч Кар­дзялюк.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ»  17.04.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://etalon.com.ua

https://velotime.com.ua

apach.com.ua/shop/category/upakovochnoe-oborudovanie