ЧАС ДЫКТУЕ ДЗЕЯННІ

І хоць будаўніцтва новых сучасных, высокапрадукцыйных заводаў з’яўляецца важным для любой краіны, доля рызыкі пры гэтым заўсёды ёсць. Вось і нашы заводы закрытага акцыянернага таварыства “КварцМелПрам” па вытворчасці сілікатнай цэглы і газасілікатных блокаў. Узвядзенне іх спрыяла стварэнню новых працоўных месцаў, забеспячэнню будаўнічай галіны вобласці і раёна сваім мясцовым танным матэрыялам, паступленню падаткаў у бюджэт.
Але ніхто, напэўна, і думаць не думаў, што сітуацыя на рынку рэзка зменіцца, зменшацца аб’ёмы работ, і прадпрыемства, што спецыялізуецца на вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, акажацца свайго роду заложнікам часу.
Сёння завод па вытворчасці сілікатнай цэглы, які быў уведзены ў строй некалькі гадоў таму назад і на які рабілі вялікую стаўку, працуе толькі напалову сваіх магутнасцей. Ёсць праблемы са збытам прадукцыі і на другім заводзе, па вытворчасці газасілікатных блокаў, які пачаў працаваць у канцы мінулага года. Чаму так?
Па словах намесніка дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці СЗАТ “Кварц­МелПрам” Андрэя Марозава, акрамя зніжэння аб’ёмаў будаўніцтва ў нашай рэспубліцы, адмоўную ролю адыгрываюць і такія фактары, як немалая канкурэнцыя на айчынным рынку будаўнічых матэрыялаў, аддаленасць прадпрыемства ад расійскага рынку, які на сёння з’яўляецца самым плацежаздольным і перспектыўным рынкам збыту.
Праўда, над вырашэннем гэтай праблемы пастаянна працуюць спецыялісты прадпрыемства. Вядзецца актыўная работа па пастаўках матэрыялаў на экспарт. Прагледжваецца перспектыва пашырэння рынкаў збыту ва Украіне, на долю якой не прыпадаў да нядаўняга часу ні адзін працэнт у аб’ёме паставак кварцмелпрамаўскай прадукцыі за межы Бела­русі.
— І паспрыяе гэтаму, — расказвае Андрэй Уладзіміравіч, — тое, што ўдалося вырашыць пытанне з пастаўкамі нашай прадукцыі прама з завода ва Украіну. Пры дапамозе электроннага дакляравання машыны з грузам напрамую з завода праз пункт мытнага афармлення “Макраны” будуць адпраўляцца ва Украіну.
Ёсць яшчэ адзін важны аргумент на карысць кварцмелпрамаўскай пра­дукцыі – яе высокая якасць.
— Наша цэгла, — як зрабілі заключэнне спецыялісты, — кажа Андрэй Уладзіміравіч, — не тое, што якасная, а самая лепшая па якасці ва ўсёй Беларусі. Яна вырабляецца з высакаякаснага кварцавага пяску і на самым дасканалым, высокатэхналагічным абсталяванні. Таму ў перспектыве таксама прагледж­ваюцца варыянты паставак яе на знешні рынак, асабліва каляровай цэглы, што карыстаецца павышаным попытам як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Дарэчы, сёння магутнасці па яе вырабу на заводзе загружаны на ўсе 100%.
— А будаўнічы пясок попытам карыстаецца?
— Летась мы паставілі на наш унутраны рынак каля 40 тысяч тон пяску. У асноўным у Брэсцкую вобласць. Пясок – самы танны будаўнічы матэрыял, і транспартаваць яго на далёкія адлегласці бяссэнсава. Тым больш, што згодна з тарыфамі на чыгуначныя перавозкі кошт транспарціроўкі пяску, скажам, да Брэста, у тры разы перавышае кошт самога пяску. Праўда, з 15 сакавіка г.г. чыгунка зрабіла скідкі, таму ў красавіку мы плануем адгрузіць будаўнічым арганізацыям Брэста каля 100 тысяч тон пяску.
— Як і ў чалавека, так і на прадпрыемстве бываюць спады і ўзлёты. Ваша прадпрыемства, як і многія іншыя, цяпер перажывае не лепшыя часы. А што бачыцца ў перспектыве?
— Гэта і нарошчванне вытворчых магутнасцей, і стапрацэнтная рэалізацыя прадукцыі, і павелічэнне рынкаў збыту, над чым мы штодзённа працуем.
Запісала
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік дырэктара СЗАТ “Кварц­МелПрам” па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці Андрэй МАРОЗАЎ.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.04.2013 г.

Добавить комментарий


7541.maxformer.com

узнать больше e-kirpich.kiev.ua

подробнее shtory.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!