У міжнародны дзень вызвалення вязняў канцлагераў была арганізавана сустрэча двух пакаленняў – дзяцей вайны і сённяшніх школьнікаў

За “круглым сталом” у чытальнай зале раённай бібліятэкі адбылася шчырая размова, напоўненая ўспамінамі пра жудасныя гады вайны і тыя выпрабаванні, якія давялося перажыць былым вязням.
Кадры ваеннай кінахронікі, выступленні школьнікаў, якія напомнілі, што ў гады другой сусветнай вайны на тэрыторыі нацысцкай Германіі, у яе краінах-саюзніках і на акупіраваных тэрыторыях дзейнічала 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў, вязнямі іх былі 18 мільёнаў чалавек, з якіх 11 мільёнаў — загінулі, не пакінулі абыякавымі гасцей сустрэчы. Пажылыя людзі, якім давялося ў маленстве пажыць на чужыне, цяжка працаваць, зведаць голад і нястачу, а, вярнуўшыся дамоў, шукаць сваіх блізкіх, выжываць без даху над галавой і яшчэ доўга насіць кляймо вязняў, дапаўняючы адзін другога, расказвалі пра ваеннае ліхалецце і свае пакуты.
— Нам абавязкова трэба аб гэтым памятаць, бо толькі людская памяць можа дапамагчы не паўтарыць таго, што было, — заўважыў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, які прыйшоў на сустрэчу, каб павітаць былых вязняў фашызму і яшчэ раз сказаць ім, што яны ніколі не застануцца без увагі грамадства.
Каб падарыць былым вязням фашызму некалькі прыемных хвілін, з невялікай канцэртнай праграмай прыйшоў на сустрэчу калектыў народнага хору ветэранаў гарадскога Дома культуры. Цікавую інфармацыю падрыхтавалі для прадстаўнікоў ваеннага пакалення і вучняў СШ № 1, якія сталі ўдзельнікамі праграмы, бібліятэкары раённай бібліятэкі. Расказ пра кнігу нашага земляка Леаніда Філатава “На апаленых крылах”, дзе сабраны багаты матэрыял пра былых вязняў, якія родам з Брэстчыны, захапіў усіх.
Як сімвал неўміручасці памяці, школьнікі падарылі “дзецям вайны” пунсовыя гваздзікі. За “салодкім сталом” удзельнікі сустрэчы яшчэ доўга гутарылі, успаміналі мінулае, расказвалі пра сваё пасляваеннае жыццё і шчыра дзякавалі ўсім, хто не забывае былых вязняў, якіх у раёне засталося ўсяго толькі 48 чалавек.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано  в «ГЧ» 24.04.2013 г.

Добавить комментарий


автополив
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!