Калі хочацца жыць…

…Суседзі яе паважаюць і называюць проста – наша бабуля. А яна шчыра сустракае ўсіх, хто да яе наведваецца.
Вось і мяне Матрона Макееўна Пархацюк з вёскі Арэхава сустрэла ветліва, з усмешкай, хоць ніколі нават не бачыла. Гасцінна запрасіла прайсці, прысесці.
Матрона Макееўна нарадзілася ў вёсцы Арэхава ў далёкім 1928 годзе.
— Нас у сям’і было чацвёра дзяцей і кожны меў свае абавязкі, якія патрэбна было выконваць штодзень. Мы з маленства ведалі, што за нас нашу работу ніхто не выканае, а таму, напэўна, і не спрабавалі гультайнічаць, — гаворыць Матрона Макееўна. — У нас была вялікая гаспадарка, а таму працы хапала. Напрыклад, зараз дзеці ў 6 гадоў ідуць у школу, а мы ў такім узросце самі пасвілі кароў цэлымі днямі. Пра школу ў тыя часы і не марылі, а сёння для дзетак такія добрыя ўмовы, а яны вучыцца не хочуць.
Дастаткова добра Матрона Макееўна памятае і вайну. Вайну, якая пачалася так нечакана, якая забрала дзяцінства і прынесла шмат гора.
— Вельмі добра памятаю, як пачалася вайна, — успамінае жанчына. — Да нас прыйшоў нейкі мужчына і сказаў, што прыйшла вялікая бяда. Спачатку мы добра не ўяўлялі, што гэтае слова за сабою нясе, але ўжо тады было страшна. Калі ў вёску прыйшлі немцы, мы хаваліся ў лясах. Там будавалі зямлянкі і сядзелі, нават і зімою. З сабою ў лес забіралі і хатнюю жывёлу, каб немцы не пазабіралі. А ноччу ціха мужчыны прабіраліся ў вёску да сваіх хат, каб нешта ўзяць з ежы альбо адзення. Вельмі страшна тады было, але перажыўшы такое, якая ў нас была радасць, калі мы даведаліся аб заканчэнні вайны. Усе плакалі: малыя, старыя. Гэта была, напэўна, самая вялікая радасць у маім жыцці.
Пасля вайны маладая дзяўчына пайшла працаваць у мясцовую гаспадарку. Працавала ў паляводстве, хадзіла ў брыгаду. І так ўсё жыццё, да самай пенсіі. Як расказвае Матрона Макееўна, усё тады рабілі ўручную, хоць і цяжка, але працавалі. Асабліва складана было менавіта пасля вайны, калі патрэбна было ўсё пачынаць рабіць з самага пачатку: будаваліся хаты, аднаўлялася гаспадарка.
— У тыя часы вось што было адметна: усе дапамагалі адзін аднаму. Як збярэцца талака, так і за дзень амаль хата стаіць, — гаворыць жанчына, — а зараз хіба такія людзі? Усе неяк больш сабе стараюцца…
Так і жыла жанчына – працай. Лёс, на жаль, склаўся так, што Матрона Макееўна не выйшла замуж. Яна не мае дзяцей, таму сёння жыве адна. Няма ўжо і родных сясцёр і брата, але ўсё роўна яна стараецца не смуткаваць.
— Ведаеце, жыццё часам бывае вельмі цяжкае, але патрэбна верыць, што ўсё будзе добра, усё наладзіцца, — прызнаецца жанчына, — вось і я веру, бо хочацца жыць…
Анастасія Пархамук.
На здымку: Матрона Пархацюк.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.04.2013 г.

Добавить комментарий


www.pharmacy24.com.ua

steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!