Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло пасяджэнне райвыканкама

Аб’ёмы важныя, але не для склада
Выступаючы з інфармацыяй па першым пытанні “Аб выніках выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за І квартал г.г.”, намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка адзначыў, што за студзень-сакавік выкананы асноўныя прагнозныя паказчыкі.
Так, аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 48,4 мільярда рублёў, тэмп росту ў дзеючых цэнах — 139,2%, індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці – 110,7% пры заданні – 110%.
Асноўным вытворцам прамысловай прадукцыі ў раёне па-ранейшаму з’яўляецца ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, які дае 49,5% ад усяго аб’ёму прадукцыі, 4,7% займае ў агульным аб’ёме інавацыйнай прадукцыі. За І квартал г.г. камбінат вырабіў і рэалізаваў сваіх тавараў на 24 мільярды рублёў, тэмп росту склаў 133,8%. Найбольш непакоіць сітуацыя, што склалася з рэалізацыяй будаўнічых матэрыялаў, што вырабляюцца на “КварцМелПраме”. Сёння завод па выпуску цэглы працуе на 50% сваіх магутнасцей, па выпуску блокаў – на 30%.
На прадпрыемстве прымаюцца меры па выхаду на знешнія рынкі. Ёсць дамоўленасць з Цюменскай вобласцю Расіі, куды будзе пастаўляцца цэгла, пэўныя напрацоўкі існуюць і з такім партнёрам, як Украіна. Але асноўны рэзерв, на думку Эдуарда Пятровіча, — гэта продаж прадукцыі, што вырабляецца на “КварцМелПраме”, прадпрыемствам Брэсцкай вобласці.
— Калі яны будуць працаваць на поўную магутнасць, тады і камбінат не будзе адчуваць праблем са збытам сваіх будаўнічых матэрыялаў, — падкрэсліў Эдуард Кандзярэшка.
Ніжэй, чым гадавыя прагнозы і заданні, склаліся паказчыкі па рознічнаму таварабароту – 102,5% замест 106 даведзеных. Інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі ўсяго 68,5% пры заданні 121,6%.

Асноўны паказчык — эфектыўнасць
Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў СВК склаў 103,2 пры заданні 106%.
Заданне па продажы малака выканана на 104,4%, мяса – на 94,2%.
Па вытворчасці малака не справіліся з даведзеным заданнем 7 гаспадарак. Але найгорш спрацавалі СВК “Гвозніца” (88,3%), “Ланская” (83,5%), СВК “Хаціслаўскі” (88,8%).
Па рэалізацыі малака не выканалі заданне зноў жа СВК “Ланская” (78,7%), СВК “Гвозніца” (87,8%), СВК “”Хаціслаўскі” (88,6%) і інш.
Усе сельгасарганізацыі дапусцілі зніжэнне ўзроўню рэнтабельнасці продажаў.
Менш чым 90%-ны ўзровень таварнасці малака атрыманы ва ўсіх сельгас­арганізацыях, за выключэннем СВК “Чырвоны партызан” (91,2%), СВК “Хаціслаўскі” (90,3%), СВК “Дарапеевічы” (90,1%), СВК “Чарняны” (90,5%).
У СВК “Гвозніца”, “Ланская”, “Рыта”, “Ляхаўцы”, ДзП “Радзежскае” мала ўвагі надаецца якасці малака, ні аднаго кілаграма яго не рэалізавана гатункам “экстра”, затое другім гатункам у СВК “Ланская” – 18,8%, ДзП “Радзежскае” – 15,6%, СВК “Гвозніца” – 5,2%.
Абмяркоўваючы першае пытанне, старшыня райвыканкама адзначаў, што сёння важныя не столькі паказчыкі аб’ёму, колькі эфектыўнасці вытворчасці.
— Працаваць на склад нецікава, – гаварыў Казімір Віктаравіч. – Кіраўнікам трэба арыентавацца на такі паказчык, як рэалізацыя прадукцыі на аднаго работніка. Менавіта ён сёння вызначае эфектыўнасць гаспадарання.
Самы высокі гэты паказчык у СВК “Дарапеевічы” – 40,2 мільёна рублёў, у той час як у СВК “Ланская” — 11,7, у СВК “Гвозніца” – 15,8 мільёна рублёў, у СВК “Хаціслаўскі” – 14,2 мільёна рублёў.
На пасяджэнні трымалі справаздачу Аляксандр Бойка, Іван Цымбаліст і Васіль Пішчык, кіраўнікі СВК “Ланская”, “Гвозніца” і “Хаціслаўскі”, дзе па выніках работы за І квартал не справіліся з даведзеным заданнем па вытворчасці малака, рэалізацыі яго, знізілі прадуктыўнасць кароў да адпаведнага перыяду мінулага года.
Якія прычыны перашкодзілі? Найбольш – суб’ектыўныя. А гэта і недахоп спецыялістаў жывёлагадоўлі, і недастатковая кампетэнт­насць тых, якія ёсць, і адсутнасць трывалай кармавой базы, і пралікі ў абнаўленні статка, і вядома ж, як падагульніў кіраўнік раёна, – недапрацоўка саміх кіраўнікоў, нізкая патрабавальнасць з боку іх да падначаленых, а іншы раз самая звычайная безадказнасць і безгаспадарчасць.
Аляксандр Бойка, Іван Цымбаліст і Васіль Пішчык запэўнілі, што пастараюцца паправіць сітуацыю ў сваіх гаспадарках. А ўдасца ім гэта зрабіць ці не, пакажа час.

Абаронім дзяцінства
Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, які выступаў з інфармацыяй па другім пытанні “Аб ходзе выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”, адзначыў, што ў раёне прыняты шэраг мер па забеспячэнні скаардынаванай міжведамаснай работы дзяржаўных органаў, арганізацый, што ўдзельнічаюць у рабоце з неспрыяльнымі сем’ямі ў рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усе гэтыя меры дазволілі сфарміраваць мэтанакіраваны падыход па дадзенаму накірунку дзейнасці, што садзейнічала аздараўленню абстаноўкі ў многіх неспрыяльных сем’ях, палепшыла іх матэрыяльна-бытавыя ўмовы, дазволіла вырашыць праблемы занятасці асоб, якія абавязаныя вяртаць расходы дзяржаве на ўтрыманне дзяцей, і інш.
За 2012 год, гаварыў Вадзім Паўлавіч, з раённых службаў і ведамстваў, ад жыхароў раёна паступіла 147 паведамленняў аб сямейным недабрабыце, што на 22 больш, чым у 2011 годзе. У І квартале г.г. такіх паведамленняў паступіла 53, што зноў жа на 17 больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.
Летась было выяўлена 104 дзіцяці з 47 сямей, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы.
За І квартала г.г. на такі від уліку пастаўлена 34 дзіцяці з 17 сямей, знята – 15 дзяцей з 9 сямей.
З 15 дзяцей 5 былі зняты з уліку з-за таго, што сітуацыя ў сям’і нармалізавалася.
Цяпер у раёне (па стану на 1 красавіка г.г.) налічваецца 130 непаўналетніх з 61 сям’і, якім патрэбна дзяржаўная дапамога, а гэта складае 2,2% ад агульнай колькасці непаўналетніх, што жывуць у раёне.
Летась 6 бацькоў былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да 9 непаўналетніх.
5 дзяцей з ліку тых, хто меў патрэбу ў сацыяльнай абароне, былі вернуты ў свае біялагічныя сем’і. Гэта не надта вялікі паказчык, але, на думку Вадзіма Шпетнага, у раёне не прытрымліваюцца такой практыкі, каб як мага больш вяртаць дзяцей у сем’і. Бо, як паказвае жыццё, прыняўшы паспешлівае рашэнне аб вяртанні, у хуткім часе даводзіцца прымаць і другое – зноў забраць. А гэта толькі раніць дзяцей, адмоўна ўплывае на іх псіхіку.
Вадзім Шпетны адзначаў, што ў раёне намецілася станоўчая тэндэнцыя ў павелічэнні спагнання сродкаў у раённы бюджэт з абавязаных асоб з 35,2% у 2008 годзе да 61% за І квартал г.г.
Найбольшую заклапочанасць выклікае той факт, што многія з абавязаных не лічаць неабходным працаваць, каб зарабляць на сваіх жа дзяцей. Скажам, за І квартал г.г. імі дапушчаны 171 прагул. Да ўсяго многія з абавязаных прагульшчыкаў не хочуць прагулы адпрацоўваць. Найбольш такіх у ПМК-20, ПМК-8, ДРБУ-179, ЦРБ, “Дзіона”, РАПТ, СВК “Рыта”, “Макраны”, “Арэхава”, ДзП “Радзежскае”.
Ёсць тут віна не толькі саміх прагульшчыкаў, але і кіраўнікоў названых прадпрыемстваў, якія згодна з Дэкрэтам № 18 павінны ў выпадку, калі асоба не выйшла на работу, высветліць прычыну гэтага, а затым паведаміць у міліцыю, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, каб там прынялі канкрэтныя меры.

Вольны час — працы
— Уцягненне ў працоўную дзейнасць моладзі ў вольны ад вучобы час забяспечваецца праз арганізацыі часовай працоўнай занятасці ў складзе студэнцкіх, валанцёрскіх атрадаў, арганізаваных установамі прафесійна-тэхнічнай, сярэдне-спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі, — гаварыў, выступаючы з інфармацыяй па трэцім пытанні “Аб арганізацыі другаснай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час”, начальнік аддзела моладзі райвыканкама Аляксандр Галоўчык.
У раёне, падкрэсліваў Аляксандр Міхайлавіч, штогод праводзіцца шэраг мерапрыемстваў з мэтай вырашэння пытання другаснай занятасці. Скажам, вя­дзецца дагаворная кампанія, накіраваная на пошук аб’ектаў і наймальнікаў для працаўладкавання моладзі, ствараецца база дадзеных вучняў і студэнтаў, якія жадаюць працаваць у вольны ад вучобы час.
Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама пастаянна праводзіцца інфармаванне моладзі, што вучыцца, аб магчымасцях часовага працаўладкавання праз сродкі масавай інфармацыі, а таксама ў час правядзення Дзён прафарыентацыі. У школах ёсць інфармацыйныя брашуры па гэтаму напрамку.
Каб сабраць інфармацыю аб вучнях, якія жадаюць працаўладкавацца, у райкаме БРСМ фарміруецца база дадзеных. Акрамя гэтага, моладзь можа запоўніць заяўку на сайце “Беларускага рэспубліканскага Саюза Моладзі” www.brsm.by/.
Летась аддзелам па справах моладзі і райкама БРСМ было працаўладкавана 193 чалавекі, з іх у складзе 2 студэнцкіх атрадаў – 29 чалавек.
Па праграме часовай занятасці ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама было працаўладкавана 103 чалавекі. Усімі занятымі асвоена грашовых сродкаў 157,639 мільёна рублёў.
Аднак у ходзе работы па арганізацыі занятасці моладзі ўзнікаюць і праблемныя пытанні: недастатковая колькасць аб’ектаў у раёне для студэнцкіх атрадаў і працаўладкаванне моладзі да 16 гадоў, а таксама адсутнасць у раёне ВНУ і ССНУ.
Кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый рэкамендавана штогод прадастаўляць рабочыя месцы студэнцкай моладзі і моладзі, якая вучыцца.
***
На пасяджэнні райвыканкама былі разгледжаны і іншыя пытанні. Па ўсіх іх былі прыняты канкрэтныя рашэнні.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано в «ГЧ» 2.05.2013 г.

Добавить комментарий


станозолол купить

Buy Oxandrolone online in Canada
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!