«Зялёная» эканоміка ў дзеянні

У апошні час аб зборы і перапрацоўцы другаснай сыравіны гавораць не толькі як пра сур’ёзную дзяржаўную задачу, якая ўключае ў сябе бяспечную жыццядзейнасць людзей, ахову навакольнага асяроддзя і разумнае прыродакарыстанне, але і як аб новай галіне – “зялёнай” эканоміцы. Лозунг «Адходы — у даходы!» быў папулярны ў нашай краіне шмат гадоў таму. Здавалася, што ён, як і словы «эканоміка павінна быць эканомнай», састарэў і наўрад ці знойдзе новых прыхільнікаў. Аднак час змяніўся, і сёння гэта для кожнага з нас з’яўляецца зноў актуальным. Надзённасць заключаецца ў тым, што прыродныя рэсурсы небязмежныя, а прадуманыя тэхналогіі перапрацоўкі адходаў дазваляюць іх эканоміць.
— Справа тут вось у чым, — гаворыць Генадзь Ханчук, вядучы спецыяліст па інфармацыйнай рабоце ЖКГ. – Па статыстыцы, кожны з нас смеціць у год прыблізна на 680 кг. Таму ў год на Маларытчыне ўтвараецца недзе каля 33 тысяч метраў кубічных смецця ці 17 тысяч тон. Аб’ём утварэння цвёрдых бытавых адходаў мае ўстойлівую тэндэнцыю да павелічэння. Камунальныя адходы – гэта сумесь паперы, кардону, харчовых адходаў, дрэва, каляровых і чорных металаў, тэкстылю, шкла, скуры, гумы, пластмасы…Будзе добра, калі мы прывучым сябе на 100% аддзяляць арганічныя адходы ад неарганічных: апускаць ў спецыяльныя кантэйнеры асобна шкло, бляшанкі, пластык. Усё, сабранае паасобку, накіроўваецца на перапрацоўку. А гэта – нашы грошы. Маларытчане паступова прывучаюцца выкарыстоўваць кантэйнеры па прызначэнні. На жаль, такое назіраецца не ўсюды і не заўсёды. Аб’ёмы сабранай другаснай сыравіны ўзрастаюць. Але, паўтаруся, людзі часта згружаюць ўсё непатрэбнае ў адно вядро. Ім так прасцей, напэўна, і зручней. Аднак дзяржаве ад гэтага эканамічна нявыгадна, стратна.
Асноўным спосабам утылізацыі смецця з’яўляецца іх захаванне на міні-палігонах. Сёння на Маларытчыне 30 такіх месцаў, якія маюць агульную плошчу 15,2 гектара. Акрамя таго, ёсць адзін палігон цвёрдых камунальных адходаў у горадзе.
— Генадзь Аляксандравіч, а як вядзецца раздзельны збор смецця ў раёне?
— Для санітарнай ачысткі ў ЖКГ ёсць 5 смеццявозаў. Яна праводзіцца па планава-рэгулярнаму метаду. У Маларыце абсталявана 34 пляцоўкі для раздзельнага збору, а гэта — 66 кантэйнераў. На вёсцы такое прадугледжана ў вёсках Лукава, Велікарыта, Гвозніца, Ляхаўцы, Хаціслаў (усяго – 35 кантэйнераў).
— Як быць са складанай бытавой тэхнікай, якая выйшла з эксплуатацыі?
— Яна вывозіцца па заяўцы, так, як і адходы, што ўтрымліваюць ртуць, гальванічныя элементы. Заяўку можна зрабіць з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 17.00 па телефоне: 2-03-24. Нагадаю, што ў магазіне “Тэхніка” (вул. Леніна, 19) ёсць кантэйнер для збору гальванічных элементаў сілкавання. А вось зношаныя шыны, як правіла, збіраюцца ў месцах правядзення шынамантажных і рамонтных работ.
— Генадзь Аляксандравіч, колькі ваша служба сабрала за 2012 г. другаснай сыравіны?
— Усяго – 107,8 тоны (план выкананы на 101,3%). Гэта 85,3 тоны металалому, 45,5 тоны макулатуры, 40,1 т шклоадходаў, 15,2 т тэкстылю, 9,0 т палімераў.
— Што робіцца далей са смеццем, якое сабралі раздзельна?
— Яго накіроўваем на пункт сартавання. Там смецце, як кажуць, даводзім да патрэбнай кандыцыі. На пункце сартавання ў нас сёння працуюць 4 чалавекі.
***
Ад рэалізацыі другаснай сыравіны КУШВП ЖКГ за мінулы год атрымала 142 мільёны рублёў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: на пункце сартавання другаснай сыравіны ЖКГ.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.05.2013 г.

Добавить комментарий


avrora-trans.com/services/Groupage
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!