Майстар інтэр’ера

Дрэва заўжды лічылася матэрыялам асаблівым, здольным захоўваць цеплыню рук чалавека, ствараць у доме асобую атмасферу ўтульнасці і камфорту. Напэўна, таму і вабіў гэты матэрыял Мікалая Церашчука. Аднойчы, узброіўшыся інструментам, ён адважыўся ўзяцца за справу. Рукі яго, якія быццам адчувалі дрэва, самі пачалі рабіць правільныя рухі. І вельмі хутка майстар-самавучка зразумеў – гэта яго справа.
Першымі вырабамі Мікалая былі абразы. Каб змайстраваць іх, умельцу, які ў разьбе па дрэве рабіў толькі першыя крокі, спатрэбілася шмат часу. Многае ён яшчэ не ведаў і не ўмеў, ды і далёка не ўсё задуманае атрымлівалася. Але было жаданне, былі настойлівасць і вера ў тое, што ён зможа. Абразы з прыгожымі рамкамі і сёння займаюць у пакоі цэнтральнае месца. Увогуле, у доме Церашчукоў амаль кожная другая рэч зроблена майстравітымі рукамі Мікалая. Тут і розных відаў сталы, і фігурныя падстаўкі для кветак, і табурэткі, і карнізы, і шматлікія паліцы. Інтэр’ер калідора майстар гарманічна дапоўніў выразанай з дрэва вешалкай, на кухні сцяну ўпрыгожыла вялікае разное пано. Кожная рэч зроблена з густам і, па ўсім відаць, з любоўю да справы.
— У рабоце з дрэвам я ніколі не спяшаюся. Хуткасць наадварот не спрыяе справе. Спачатку выраб трэба прадумаць, намаляваць эскіз, падрыхтаваць матэрыял. Нярэдка на ўсё гэта часу ідзе больш, чым на тое, каб зрабіць тую ці іншую рэч.
У кожнай справе ёсць свая тэхналогія, якую майстру абавязкова трэба ведаць. Напрыклад, каб зрабіць стол, мала ўзяць дошкі і надаць ім патрэбны выгляд. Дрэва, як добра ведаюць тыя людзі, хто пастаянна працуе з гэтым матэрыялам, праз пэўны час пачынае губляць сваю форму, а значыць і выраб праз некалькі гадоў стане зусім непрывабным. Таму майстар рыхтуе матэрыял для любой рэчы з нарэзаных брускоў. Яны склейваюцца паміж сабой, добра прасушваюцца і толькі тады гатовы да работы. А колькі часу трэба ўмельцу, каб распаленай ніхромавай ніццю выпаліць узор ці лобзікам выразаць цэлы малюнак! І гэта яшчэ не ўсё. Выраб, які складаецца з многіх частак, трэба сабраць у адно цэлае, патаніраваць, палакіраваць… Затое, як прыемна мець у доме сваю эксклюзіўную мэблю!
Сувеніры з дрэва, зробленыя рукамі Мікалая Церашчука, многія маларытчане маглі бачыць на выстаўках вырабаў народных умельцаў, якія штогод арганізоўвае Цэнтр народнай творчасці. Вырабы Мікалая прыцягваюць вока сваёй арыгінальнасцю.
— Кожную рэч трэба рабіць з настроем, укладваць у яе душу. Важна, каб тое, што ты робіш, падабалася самому, каб заставалася пачуццё задавальнення. Тады і іншым рэч будзе падабацца, — заўважае майстар.
НА ЗДЫМКУ: Мікалай Церашчук.

Опубликовано в «ГЧ» 2.05.2013 г.

Добавить комментарий


посмотреть

www.viagraon.com

www.progressive.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!