Цэнтр краязнаўчай работы

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі сёння – цэнтр краязнаўчай работы на Маларытчыне. Праца з мясцовым матэрыялам носіць не эпізадычны характар, а вядзецца пастаянна і планамерна на працягу многіх гадоў.
— Галіна Уладзіміраўна, што прымусіла вас узяцца за гэтую справу?
— У наш час павышаная ўвага да краязнаўства, — кажа Галіна Кучына, загадчыца аддзела. — Гэтаму феномену нельга даць дакладнае тлумачэнне. Работнікі бібліятэк ужо даўно пераканаліся, што людзі сталі больш цікавіцца гісторыяй роднага краю. Таму ўзнікла неабходнасць сабраць усё, што тычыцца матэрыялу па краязнаўству, разам. Сёння гэтым у раённай бібліятэцы займаюцца і мае калегі – Святлана Макарук і Наталля Халізева. Кіруе работай Надзея Курдзюк, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна.
— І што вы збіраеце і сістэматызуеце?
— Усё. Крыніцы даследавання краю вельмі разнастайныя па сваім характары і змесце. Сюды адносяцца, напрыклад, рэчавыя крыніцы: экспанаты матэрыяльнай культуры, эталоны мясцовай флоры і фаўны, карысных выкапняў, вырабы прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. Такія матэрыялы збіраюцца і захоўваюцца ў краязнаўчых музеях. Прынцыповае значэнне для пазнання гісторыі і культуры краю, побыту насельніцтва маюць лінгвістычныя матэрыялы (запісы мясцовых гаворак і дыялектаў), вусная народная творчасць (легенды, паданні, прыказкі, прыпеўкі…).
Каб з дробных кавалачкаў гістарычнай мазаікі скласці канкрэтную карціну мінулага Маларытчыны, спецыялісты аддзела паспрабавалі сабраць разам усіх, хто заняты пошукам і зборам звестак пра гісторыю раёна: настаўнікаў гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, мясцовых краязнаўцаў.
— Але адлікам стаў, ведаю, 2000 год?
— Так. Тады ў раённай бібліятэцы з’явіўся першы камп’ютар. Пачалася планамерная і штодзённая праца. Паступова папаўняўся і сістэматызаваўся матэрыял. Былі выдадзены цікавыя зборнікі. У іх ліку –тапанімічных назваў. Тапонімы здаўна прыцягвалі ўвагу даследчыкаў. Яны цікавяць не толькі лінгвістаў, але і географаў, гісторыкаў, этнографаў, геолагаў… Прааналізаваўшы такія назвы, можна меркаваць аб тым, хто заснаваў тое ці іншае паселішча, у які час засялялася мясцовасць, якія прыродна-геаграфічныя ўмовы паўплывалі на выбар тапанімічнай назвы. На Маларытчыне не зной­дзецца, напэўна, ні адной з іх, якая ўзнікла б выпадкова, без прычыны.
— Галіна Уладзіміраўна, што ўжо зроблена ў гэтым накірунку?
— Многае. Напрыклад, у 2009 годзе была выдадзена работа настаўніцы геаграфіі раённай гімназіі Таццяны Мартынюк “Мікратапаніміка Маларыцкага раёна”. Сумесна з ёю быў падрыхтаваны і зборнік “Ёсць вуліцы цэнтральныя”. У 2006 годзе ўбачыў свет зборнік “Маларытчына: назвы населеных пунктаў паводле легенд і паданняў”. У гэтым жа годзе выдадзена кніга “Маларытчына праваслаўная”…
У 2012 годзе супрацоў­нікамі аддзела маркетынгу распрацаваны праект «Крочым родным краем – старонкі гісторыі збіраем». У ім знайшлі адлюстраванне наступныя раздзелы: “Маларыцкі край: гісторыя і лёс”, “Віртуальная Маларытчына”, “Подзвіг бацькоў — у спадчыну сынам”, “Духоўная повязь часоў”, “Фальклорная скарбонка Маларытчыны”, “Вывучэнне жыцця славутых землякоў”. У межах гэтага праекта ўжо выда­дзены: “Летапіс вёскі Пажэжын: гісторыя і сучаснаць”, “Летапіс вёскі Арэхава: гісторыя і сучаснасць” Генадзя Ходара, а таксама — “Гісторыя Лукаўскай царквы” Мікалая Баліцэвіча.
— Галіна Уладзіміраўна, аддзел бібліятэчнага маркетынгу прапагандуе і творчасць мясцовых аўтараў.
— Безумоўна. На працягу многіх гадоў супрацоўнікі аддзела займаюцца выданнем зборнікаў вершаў мясцовых паэтаў. З 1995 па 2012 гады свет убачылі 23 зборнікі. Дзякуючы актыўнаму супрацоўніцтву з Аляксандрам Лядзінскім, была праведзена значная работа па сістэматызацыі і аналізу творчасці паэтаў Маларытчыны. Вынікам сумеснай працы сталі наступныя выданні: “Тут жылі мой бацька і дзед, і прадзед: тэма Радзімы і роднага краю ў творчасці маларыцкіх паэтаў”, “На гэтай зямлі я толькі вандроўнік: жыццё і творчасць А.І. Ізбіцкага”.
— Раённая бібліятэка імкнецца крочыць у нагу з часам?
— Гэта патрабаванне сённяшняга дня. Мы прапануем цыкл бінарных тэхналогій (сумяшчэнне кніжнага і электроннага матэрыялу) па гісторыі вёсак – прэзентацыйныя праекты, якія паказваюць усю разнастайнасць краязнаўчых матэрыялаў. Гэта дазваляе кампактна перадаваць інфармацыю, паскорыць працэс яе ўспры­мання і захавання. Новае пакаленне чытачоў выхавана на ўспрыманні “мабільнасці” навакольнага асяроддзя па прынцыпу “чытаю, бачу, чую”, таму бібліятэкі трансфармуюць падачу інфармацыі ў трохмернай прасторы.
Фонд медыярэсурсаў бібліятэк недастатковы, а мультымедыйныя праекты дапамагаюць вырашыць гэтую праблему. Сюды можна аднесці, напрыклад, “Электронны фотаархіў старой і сучаснай Маларыты”, “Віртуальнае падарожжа па г.Маларыта”, а таксама віртуальныя падарожжы па вёсках Олтуш, Ляхаўцы, Лукава, Пажэжын, Чарняны, Дарапеевічы.
Яшчэ адзін з накірункаў стварэння медыярэсурсаў – падрыхтоўка прэзентацый пра жыццё і творчасць паэтаў Маларытчыны (на сённяшні дзень іх 4). Створаны сайт РЦБС, дзе віртульным карыстальнікам прадастаўляецца інфар­мацыя аб усіх краязнаўчых выданнях аддзела маркетынгу (адрас — maloritalib.by).
У практыку краязнаўчай работы даўно і трывала ўвайшлі цыклы выстаў, слайд-падарожжаў, відэаагляды, краязнаўчыя суботы, урокі краязнаўства, дні прэзентацыйнай рэкламы…
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Галіна Кучына, Наталля Халізева і Святлана Макарук абмяркоўваюць план работы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.05.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.