Вясковы стараста

Вёска Брадзяцін невялікая. Сёння ў ёй пражывае каля 100 чалавек, дваццаці з іх – больш за 80 гадоў. Вясковае жыццё ідзе ў штодзённых клопатах. У мясцовым магазіне часта збіраюцца аднавяскоўцы і абмяркоўваюць набалелыя пытанні. Многія з іх даводзіцца вырашаць вясковаму старасту Мікалаю Леўчуку.
— Стараста – паважаны і патрэбны чалавек на вёсцы, — кажа Галіна Пракапук.–Ён з’яўляецца асаблівым сувязным звяном паміж вяскоўцамі і сельскім Саветам: камусьці неабходна дапамагчы адрамантаваць штыкетнік, добраўпарадкаваць прысядзібную тэрыторыю, нарыхтаваць сена, для кагосьці трэба, каб зямля, якую выдзяляе сельгаскааператыў пад пасадку бульбы, была не вельмі далёка ад вёскі… У кожную пару года вяскоўцы ідуць да старасты найчасцей з сезоннымі пытаннямі. І паспрабуй пакінуць іх без увагі!
— Стараста ў вёсцы як гаспадар у доме, — гаворыць Пётр Губей, старшыня райсавета дэпутатаў. – Ён павінен бачыць усе непаладкі ў гэтым доме, клапаціцца пра яго санітарна-тэхнічны стан, а таксама фарміраваць сярод насельніцтва здаровы мікраклімат, імкнуцца, каб людзям жылося ўтульна і камфортна. Старасты населеных пунктаў – гэта людзі, якія карыстаюцца ў вяскоўцаў аўтарытэтам, павагай і даверам. Мікалай Ляўчук – адзін з такіх.
— Быць старастай вёскі – для мяне надзвычай пачэсна і разам з тым адказна, — пераконвае Мікалай Васільевіч. – Нават больш, чым перад любым начальствам. Сваю ўвагу імкнуся накіроўваць у першую чаргу туды, дзе асабліва патрэбна канкрэтная дапамога. Ра­зам з работнікамі Гвозніцкага сельскага Савета імкнемся своечасова рэагаваць і на асаблівыя сітуацыі, калі яны здараюцца. Напрыклад, расчыстку дарог ад снегу, ліквідацыю аварыйных дрэў і абарваных правадоў электраперадач… У цесным кантакце працуем з брыгадзірам СВК Нінай Гардзіеўскай.
Мікалай Ляўчук – душа вёскі. Ён не абмяжоўваецца звыклым колам абавязкаў па пасадзе. Мікалай Васільевіч працуе ў цесным кантакце з грамадскімі аб’яднаннямі, сваю ўвагу скіроўвае на тыя ўчасткі работы, дзе асабліва патрэбна канкрэтная дапамога, дзе можа прымяніць свае сілы, веды і багаты жыццёвы вопыт.
* * *
Мікалай Ляўчук – карэнны жыхар в.Брадзяцін. Тут нарадзіўся, вырас. Пасля заканчэння ВНУ атрымаў спецыяльнасць “Настаўнік біялогіі”, у Брадзяцінскай 8-гадовай школе на працягу 10 гадоў выкладаў фізічную культуру. З верасня 1978г. стаў працаваць настаўнікам Гвозніцкай школы. Праз 11 гадоў на агульным сходзе працоўнага калектыву быў абраны яе дырэктарам. Мікалай Васільевіч установу адукацыі ўзначальваў ажно 21 год. Вучыць дзяцей ён яшчэ і зараз.
— На заслужаным адпачынку я ўжо некалькі гадоў. Напрацаваўся, як кажуць, за сваё жыццё, а вось нешта яшчэ ўтрымлівае, не адпускае. Напэўна, у настаўніка доля такая: вучыць, пакуль ёсць сілы. А яшчэ я – класны кіраўнік у 10 класе. Для мяне гэта – вельмі адказна, бо там вучыцца мой унук Іван Лук’янчук.
* * *
Грамадскай дзейнасцю Мікалай Ляўчук займаецца даўно. З 1978г. ён — нязменны дэпутат сельсавета, а з 1992г. – намеснік старшыні Гвозніцкага сельсавета. Быў ў жыцці Мікалая Васільевіча такі перыяд, калі ён амаль год выконваў абавязкі старшыні сельсавета.
— Можна было б працаваць на гэтай пасадзе, — успамінае Мікалай Ляўчук. – Усё задавальняла. Аднак школа не адпусціла. А грамадская дзейнасць – жаданне дапамагчы вяскоўцам. Калі табе давяраюць, то спадзяванні людзей нельга не апраўдаць. Такі мой жыццёвы прынцып.
* * *
У лютым 2011г. на агульным сходзе жыхары в.Брадзяцін аднагалосна выказаліся за тое, каб Мікалай Васільевіч стаў старастам… Рашэннем прэзідыума райсавета дэпутатаў 26 склікання ад 22 сакавіка г.г. быў зацверджаны новы склад райсавета стараст, у які ўвайшоў і Мікалай Васільевіч. 29 сакавіка на пасяджэнні савета стараст Мікалай Ляўчук быў абраны яго старшынёй. У гэты ж дзень ён быў узнагароджаны Пісьмом падзякі райвыканкама за добрасумленную і шматгадовую працу, актыўную жыццёвую пазіцыю.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Мікалай Ляўчук, стараста в. Брадзяцін.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 4.05.2013 г.

Добавить комментарий


https://www.best-cooler.reviews

http://biceps-ua.com

полотенца бумажные
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!