“Нашу вёску спалілі…”

9 Мая… Свята… Радасць… Але ці разумеюць людзі сёння, што стаіць за гэтымі словамі? Боль… Пакуты… Страты… Слёзы… Людское жыццё…
На жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш людзей, якія памятаюць вайну і могуць расказаць, што адбывалася тады на нашай зямлі.
Карп Еўдакімавіч Пархамук, што з вёскі Зеляніца, у свае 87 год памятае той жудасны час дакладна і ўспамінаць без слёз яго не можа. Ды гэта і зразумела, рана тая не загоіцца ніколі, боль той і дагэтуль не пакінуў сэрца.
Нарадзіўся Карп Еўдакімавіч у вёсцы Арэхава ў 1926 годзе. У сям’і, акрамя яго, было яшчэ трое дзяцей. У той час Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Польшчы, таму і ў школу тры гады хадзіў менавіта польскую. А вось у савецкую пасля не пайшоў – саромеўся, што вялікі ўжо вучыцца. Кожная сям’я тады працавала сама на сябе, таму з маленькага працавалі і дзеці. Бацькі Карпа Еўдакімавіча таксама не сядзелі без справы. У сям’і было 18 гектараў зямлі, 10 кароў, 30 авечак, і ўсё гэта патрабавала гаспадарскага догляду. Як расказваў Карп Еўдакімавіч, з ранку да вечара тады працавалі. Малыя дзеці пасвілі кароў, старэйшыя больш складаную працу рабілі, але кожны меў свой абавязак.
… 15-гадовы падлетак Карп, што пачалася вайна, зразумеў адразу. Над галавою ляталі нейкія дзіўныя, шумныя, вялізных памераў птушкі. Людзі перагаворваліся, не ведалі, што рабіць, але кожны дакладна разумеў, што прыйшла бяда. Расказваючы пра вайну, Карп Еўдакімавіч плакаў. Мужчына, які на сваім жыццёвым шляху бачыў многае, не мог стрымаць слёз, слёз болю.
— Гэта быў вельмі страшны час. Не дай Божа, каб некалі такое паўтарылася, — са слязамі на вачах гаварыў мужчына, — бо няма нічога страшней, чым вайна. Калі немцы даведваліся, што да некага ў хату прыходзяць партызаны, то ўсю сям’ю расстрэльвалі. Каму шанцавала, то тыя паспявалі схавацца ў лесе. У лес яны не хадзілі – баяліся. Таму гэта быў адзіны наш паратунак. Яшчэ вельмі добра памятаю той момант, калі ў вёску прыехалі немцы, сабралі ўсіх жыхароў і пачалі выклікаць па спісу. Не­дзе 15 чалавек выклікалі і расстралялі на нашых вачах. Там былі нават малыя дзеці, а ў чым жа яны вінаватыя? Што яны зрабілі? Гэта жудасна. А пасля і ўвогуле здарылася вялікае ліха – нашу вёску спалілі, не засталося ні адной хаты. Нават царкву не пашкадавалі. Для лю­дзей гэта было гора. Усім нам не было, дзе жыць. Хто на хутары свае вяртаўся, хто зямлянкі будаваў, хто як. А мы сталі жыць у Дрочаве ў будынку школы. У армію мяне прызвалі толькі ў пачатку 1945 года, таму што раней я хварэў на тыф. Спачатку нас прывезлі ў Бабруйск, дзе рыхтавалі на фронт. Пасля пераправілі ў Лат­вію, куды мы прыехалі менавіта 9 мая, таму на фронт нас ужо не адпраўлялі.
З Латвіі малады хлопец Карп трапіў ў Брэст. Там правяралі людзей, якія вярталіся з Германіі. Хлопец увесь час хацеў хоць хвілінку пабыць дома, але не ведаў, што родных ён пабачыць яшчэ не хутка.
— З Брэста нас адправілі ў Маскву на “Цёплы стан”, гэта так аэрадром называўся, — расказваў Карп Еўдакімавіч, — там мы абслугоўвалі самалёты. А калі ў 1949 годзе пачалася вайна ў Карэі, то ўсю нашу дывізію пераправілі ў Кітай. Доўга ў эшалонах мы ехалі. Страшна было вельмі, бо нават не ведалі, куды нас вязуць. У Кітаі нас апранулі ў кітайскую форму, сталі мы ўжо там абслугоўваць самалёты. Увесь час мне хацелася дадому. Усё думаў, як там мая сям’я. У 1952 годзе вярнуўся дадому, пабачыў сям’ю, родную зямельку, бо на працягу сямі год усё гэта я бачыў толькі ў сне. У мірны час пачалося новае жыццё. Патрэбна было будавацца, завесці гаспадарку, стварыць сям’ю. Так, у 1954 годзе я ажаніўся. Жонка мая, Вольга Іосіфаўна, таксама з Арэхава, але сталі мы жыць у Зеляніцы. З цягам часу нарадзілася ў нас 4 дзетак. А сёння ўжо маем 9 унукаў і 9 праўнукаў.
Усё жыццё Карп Еўдакімавіч і Вольга Іосіфаўна працуюць на зямлі. Калі стварыўся калгас, то ў ліку першых запісаліся ў яго. Карп Еўдакімавіч працаваў на гусенічным трактары, а Вольга Іосіфаўна — у паляводстве. Як успамінае сямейная пара, зарплату грашыма не плацілі, давалі крыху зерня альбо бульбы. Усю працу і ў калгасе, і дома рабілі ўручную, бо не было ніякай тэхнікі. Але ніхто тады не скардзіўся, не плакаўся, бо ведалі, што самае страшнае ўжо перажылі.
— Усё ў жыцці можна пераадолець, перамагчы, толькі б вайны не было, бо гэта страшна. Я нават і словамі не магу ўсё выказаць, як было страшна, але, дзякуй Богу, наш народ выстаяў, не зламаўся, і мы перамаглі. Гэта такое для ўсіх нас было шчасце, што ўсе плакалі, — успамінае Карп Еўдакімавіч, — галоўнае – гэта мір, мірнае жыццё, калі кожны дзень можна прачынацца і не хвалявацца за сваё жыццё і жыццё сваіх родных. Калі можна атрымліваць асалоду ад таго, як спяваюць птушкі, як ідзе дождж, свеціць сонейка. Паверце, гэта шчасце, і яго патрэбна цаніць, бо ніхто не ведае, што нас чакае заўтра.
Слухаючы Карпа Еўда­кімавіча, усё глядзела ў яго вочы, і ўвесь час яны былі напоўненыя слязьмі. Нібы ў рэчцы вады, іх станавілася то больш, то менш. А яшчэ мяне ўразілі рукі гэтага пажылога чалавека. Яны такія вялікія, напрацаваныя, з мазалямі, што лішні раз пацвярджае: яны не баяліся ніякай работы.
Пагутарыўшы з Карпам Еўдакімавічам, падзякавала яму. А ён разгублена спытаў, за што. Дзякуй за тое, што змагаліся, за тое, што дажылі і расказалі аб тым жудасным часе. Дзякуй за слёзы, непадманныя эмоцыі. Дзякуй за мір!
Анастасія Пархамук.
в. Зеляніца.
На здымку: Карп Еўдакімавіч Пархамук разам з жонкай Вольгай Іосіфаўнай.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 8.05.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


топ 10 самых богатых людей мира

www.profvest.com