Адна любоў на ўсіх

Алена Жук, цяпер ужо шматдзетная маці, шчыра прызналася: калі даведалася, што цяжарная, была ў шоку. Старэйшыя ж дочкі ўжо школу закончылі, вучацца, ды і адвыкла больш чым за 15 гадоў з малымі вазіцца. А тут яшчэ і ўрачы падлілі масла ў агонь: западозрылі ў цяжарнай нейкую сур’ёзную паталогію і намякалі на тое, што роды будуць цяжкія. А ў такім выпадку не пазбегнуць ускладненняў. Таму, маўляў, трэба добра падумаць, перш чым збірацца радзіць. Але, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, сама Алена спынілася на адной думцы: калі Бог даў дзетак, не трэба адмаўляцца ад іх, тым больш па сваёй волі пазбаўляцца ад такога шчасця. Падтрымаў Алену і муж. Ён шчыра ўзрадаваўся, калі даведаўся, што ў іх будуць хлопчыкі, ды не адзін, а адразу двое. Радасць з бацькамі раздзялілі і старэйшыя Юля і Аня. Яны таксама вельмі былі задаволены, што ў іх з’явяцца брацікі. Ды і цікава было дзяўчатам хоць на нейкі момант пабыць у ролі мам. Не маглі дачакацца, калі брацікі будуць дома. Імёны самі кожнаму падбіралі. праўда, тата згадзіўся толькі з адным – Ігарам, а другому хлопчыку даў сваё любімае імя – Віктар.
Цяпер Аня і Юля, якія вучацца ў Навагрудскім і Столінскім каледжах, з нецярплівасцю чакаюць кожных выхадных, каб паехаць дахаты, пазабаўляцца з брацікамі, паціскаць гэтых маленькіх “лялечак”, даць магчымасць маме адпачыць. Бо, як-ніяк, а з двума малымі дзецьмі адной спраўляцца не вельмі лёгка.
— Калі Юля і Аня прыязджаюць дахаты, ні на хвілінку не адыхо­дзяць ад малых, я тады адпачываю, — расказвала Алена. – Яны так любяць іх, шкадуюць. Праўда, Віктар — татаў сынок. Ён любіць толькі з ім забаўляцца.
— Дагледжаныя хлопчыкі, чысціня і парадак, утульнасць у хаце. Правільна кажуць, што гаспадарлівае вока зробіць больш, чым дзве рукі. А рабіць усё па-гаспадарску Алена навучылася з маленства. У іх шматдзетнай сям’і асноўным быў такі прынцып: працавітасць – душа ўсякай справы і задатак дабрабыту. Бацькі любілі працаваць, стараліся, каб у хаце заўсёды рубель быў, каб дзеці былі апранутыя і накормленыя, каб яны ведалі цану працы і шанавалі тое, што працай нажыта.
Старалася і стараецца Алена не толькі дома, але і на рабоце. Ху­дзенькая, кволенькая з выгляду, яна не адставала ад іншых даярак, калі трэба было раней уручную кармы раздаваць, не разгублялася, калі неабходна было карове з яе групы дапамагчы расцяліцца ці адной падаіць кароў у сваёй групе і ў групе напарніцы. Яна любіла працу і ведала, што грамадская жывёла нічым не адрозніваецца ад сваёй. І ёй патрэбен належны догляд, і яна любіць чалавечую ласку, і яна хоча, каб нічым не крыўдзілі. Каровы ў Ленінай групе заўсёды былі чыстыя, накормленыя, дагле­джаныя. Яна клапацілася аб іх, як аб сваіх. Таму і надоі атрымлівала найбольшыя. Скажам, у 2010 го­дзе Алена была ў раёне ў ліку тых аператараў, якія надаілі амаль па 6 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. І ў тым жа 2010 годзе яна была заахвочана Ганаровай граматай Савета Міністраў нашай краіны. А праз год згодна з Указам Прэзідэнта нашай рэспублікі Алена Жук была ўдастоена яшчэ больш высокай узнагароды — медаля “За працоўныя заслугі”. У Нацыянальнай бібліятэцы заслужаную ўзнагароду ёй, Алене, як і многім іншым добрасумленным працаўнікам рэспублікі, уручаў сам прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
Хочацца пажадаць, каб Алена дасягнула высокіх поспехаў і ў плане выхавання сваіх дзяцей. А выгадаваць іх годнымі людзьмі не меншы подзвіг, чым подзвіг працоўны.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Дарапеевічы.
НА ЗДЫМКУ: Алена ЖУК і яе любімыя сыночкі Віктар і Ігар.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 15.05.2013 г.

Добавить комментарий


https://salon-svadebny.com.ua/

https://oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!