Лёс Ксеніі Бярчук

Слухаць расказы старых людзей, якія шмат чаго за сваё жыццё бачылі, мне заўсёды цікава. Ад такіх людзей можна пераняць шмат жыццёвай мудрасці, якая заўсёды можа падказаць выйсце ў цяжкай сітуацыі.
Сабраўшыся да Ксеніі Рыгораўны Бярчук, што жыве ў вёсцы Перавое, ведала толькі адно, што ёй 91 год. Вось і ўяўляла гэтую жанчыну менавіта на такі ўзрост. Але наблізіўшыся да яе дома, шчыра была здзіўлена тым, які на двары пануе парадак, а ў хаце дык увогуле ўсё зіхаціць чысцінёй. Не ў кожнай маладой гаспадыні сустрэнеш такі парадак.
Ксенія Рыгораўна сустрэла мяне ветліва, нібы роднага чалавека, у вачах яе я ўбачыла дабрыню і пяшчоту. Жанчына, калі дазналася, чаму я прыйшла, расчулілася, бо, як сама прызналася, не прывыкла да такой увагі.
З яе жыцця можна напісаць кніжку ці нават зняць фільм аб жыцці простай жанчыны, аб яе радасцях, бедах, перамогах, аб яе мацярынскім сэрцы. А сэрца ў Ксеніі Рыгораўны і сапраўды вялікае – любові і чуласці ў ім хапіла на 8 дзяцей, а цяпер хапае і на 25 унукаў, 37 праўнукаў, 4 прапраўнукаў.
Ксенія нарадзілася ў 1922 годзе ў простай сялянскай сям’і. Дзяцей у бацькоў было шмат, і Ксенія — самая старэйшая. А таму з маленства на плечы дзяўчынкі лёг клопат аб малодшых.
— Ой, калі ўсё расказваць аб маім жыцці, то і дня не хопіць, — усміхаючыся, гаворыць Ксенія Рыгораўна, — З дзяцінства мы не ведалі, што такое гульні, адпачынак, бо амаль увесь наш час займала праца. Патрэбна было дапамагаць бацькам. Мы, малыя дзеці, даглядалі за малодшымі, прыбіралі ў хаце, пасвілі жывёлу, гадавалі яе і шмат чаго іншага рабілі. У школу я таксама амаль што не хадзіла. Нас тады ніхто не прымушаў вучыцца. Калі бацькі мелі грошы на сшыткі, кніжкі, алоўкі, то хадзілі, а калі не – сядзелі дома. Я пачала хадзіць у школу, бацька назбіраў грошы, купілі мне нейкія сшыткі. Але, на жаль, нядоўга я наведвала школу, таму што прастудзіла вочы. Урач сказаў, што на працягу нейкага часу мне нельга чытаць і пісаць. Так я засталася дома і больш ужо не пайшла ў школу. Тады на гэта асаблівай увагі ніхто не звяртаў. Не да таго было. Час быў цяжкі, грошай не хапала, ежы таксама. Таму, калі мне споўнілася 12 гадоў, пайшла я наёмнай служыць да людзей, якія былі больш багатымі. Наймалася да гаспадара на год. У той сям’і і працавала, і жыла. Калі год праходзіў, то альбо заставалася ў таго ж гаспадара, альбо наймалася да новага. Плацілі мне не шмат, але ўсё ж падтрымка бацькам была. Так я наймалася пяць год, а пасля стала працаваць на сваёй гаспадарцы з бацькамі.
17-гадовая Ксенія была прыгожай дзяўчынай, а таму, безумоўна, маладыя хлопцы не зводзілі з яе вачэй. Але не хадзілі тады на дыскатэкі, вячоркі, бо ўвесь час займала праца. На маё пытанне, як жа Ксенія Рыгораўна знайшла сабе другую палавіну, — з усмешкай адказала:
— Мы з мужам ведалі адзін аднаго, але мой Васіль быў старэйшы за мяне. Неяк на полі ён мне сказаў, каб я выходзіла за яго замуж. А я тады ў яго запыталася, чаму ён яшчэ не ажаніўся. На гэта ён адказаў, што, маўляў, чакаў, пакуль я вырасту. Я думала, што ён так жартуе, але яшчэ праз нейкі час зноў пытаецца ці надумала я. Так, у 18 год выйшла замуж. А праз год, у 1941-м, нарадзіла першае дзіцё.
Вайну Ксенія Рыгораўна памятае добра і ўспамінаць яе без слёз не можа, бо не забыліся тыя пакуты і боль. Як успамінае жанчына, час быў страшны, жорсткі, невыносны.
— Вайна прынесла нам шмат пакут. Калі прыйшлі немцы, мы хаваліся ў лясах, хатнюю жывёліну стараліся забіраць таксама з сабою, бо інакш усё забіралі немцы. Такое было, што не дай Бог, каб паўтарылася. Быў вялікі голад. Усю ежу, што была, стараліся аддаваць малым дзецям. Самі елі, калі прыйдзецца. Бульбу закопвалі, каб не знайшлі немцы. Яны вельмі былі жорсткімі, — са слязьмі на вачах гаворыць жанчына, — палілі хаты, здзекваліся. Асабліва памятаю выпадак, калі, адыходзячы, яны высыпалі на зямлю наша зерне і змяшалі яго з пяском. Усё гэта было вельмі балюча для нас.
У 1944 годзе мужа Ксеніі Рыгораўны прызвалі ў армію. Дома яго не было больш года. Увесь гэты час маладая жанчына працавала і за сябе, і за мужа, і за дзецьмі даглядала.
— Памятаю, давалі нам тады коней, каб мы маглі нешта рабіць. Але мне не пашчасціла, — успамінае Ксенія Рыгораўна, — мой конь быў хворы. Я гаварыла аб гэтым, але мяне ніхто не слухаў. Праз некаторы час каня не стала. Мяне за гэта асудзілі, далі вельмі вялікі штраф. Але грошай зусім не было. Тады я прыйшла і сказала, што няма чым плаціць, няхай у турму садзяць, а дзяцей забіраюць. Цяжка мне было так казаць, але іншага выхаду я не бачыла. Тады вырашылі, што гэтую суму буду аддаваць на працягу шасці месяцаў. Калі скончылася вайна і вярнуўся муж, я была вельмі рада. Удваіх стала лягчэй. Да стварэння калгасаў мы працавалі на сваёй зямлі, а пасля пайшлі ў гаспадарку. Ды як тады гэтыя калгасы ствараліся?! Усё ў людзей забіралі, прымушалі ісці працаваць у калгас. А за гэта амаль нічога не плацілі. Але Бог дапамог, неяк выжылі, адбудаваліся. Калі падраслі дзеці, сталі яны ездзіць на заробкі, тады стала лягчэй. А мы з мужам усё сваё жыццё працавалі ў калгасе. Шмат чаго я бачыла за сваё жыццё. Бог даваў сілы, каб вытрымаць усе цяжкасці. Бог і цяпер дае сілы, каб са старасцю змагацца
Развітваючыся з Ксеніяй Рыгораўнай, падзякавала ёй за цікавую размову , а яна ўсміхнулася шчырай усмешкай і пажадала ўсяго добрага. Пасля выйшла на ганак мяне правесці, нібы роднага чалавека.
Крыху адышоўшы, азір­нулася, а Ксенія Рыго­раўна ўсё яшчэ стаяла на ганку і праводзіла мяне позіркам… У тую хвіліну яна чамусьці ўразіла мя­не яшчэ больш сваёй дабрынёй, чуласцю, як у мамы.
Анастасія Пархамук.
На здымку: Ксенія Рыгораўна Бярчук.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 22.05.2013 г.

Добавить комментарий


Cialis 60 mg en ligne

https://cialis-viagra.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!