Паштовыя станцыі

З 1557 г. на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі і землі сучаснай Маларытчыны, стала наладжвацца паштовая служба. Уздоўж  галоўных дарог праз 20-30 міль былі створаны ямы – паштовыя станцыі. Спачатку яны былі ў асноўным драўляныя, а каменныя сталі з’яўляцца ў ХІХ ст. Гэтыя будынкі адрозніваліся пэўнай архітэктурай, многія з іх былі тыпавымі. Такія праекты распрацоўваліся ў С.-Пецярбургу. Існавала чатыры іх серыі – 1820, 1823, 1843 і 1846 гадоў. Гэта былі не адзінкавыя пабудовы, а цэлы комплекс, які ўключаў цэнтральны будынак, дзе размяшчаліся пакоі для запісу падарожных, станцыйнага наглядчыка і для тых, хто праязджаў (яны былі правобразам гасцініц). У агульным памяшканні да паслуг падарожнікаў быў самавар і лёгкія закускі. А на станцыях больш высокага рангу можна было атрымаць і гарачае харчаванне. Комплекс таксама ўключаў флікель (жылыя прыбудовы), дзе жылі ямшчыкі,  і сістэму гаспадарчых пабудоў: канюшні, хлявы для калёс і карэт, захавання сена. Асноўны будынак сваім фасадам абавязкова выходзіў на дарогу. У ім  таўшчыня сцен часам дасягала да метра. Заслугоўвала ўвагі і сістэма ацяплення: унутры сцен былі пракладзены спецыяльныя каналы, дзякуючы якім ўсе памяшканні маглі абагравацца адной печкай.
У канцы 1830-х гадоў сталі з’яўляцца шасіраваныя дарогі,  дзе ўпершыню было прыменена пакрыццё новага тыпу. Для іх спецыяльна распрацоўвалі нормы азелянення і добраўпарадкавання. Уздоўж такіх дарог былі ўстаноў­лены чорна-белыя верставыя слупы. Паштовыя тройкі развівалі вялікую па тым часе хуткасць — 80-90 км у гадзіну. Гонарам і візітоўкай быў паддужны званочак, які не дазвалялася прымацоўваць нікому, акрамя развозчыкаў карэспандэнцыі. Гэта было ўведзена прыкладна ў 1783 г. У персанала паштовых станцый  з’явіўся надзейны і просты сродак для апавяшчэння аб прыбліжэнні троек, каб паспець  своечасова падрыхтаваць змену коням, што стаміліся. У яснае надвор’е званочак быў чутны за 5 вёрст. Для станцыйных наглядчыкаў абавязковымі атрыбутамі былі фуражка, пінжак з залатымі гузікамі і нагрудныя паштовыя знакі. Інструкцыя для гэтай катэгорыі служачых прадпісвала заўжды быць у форменным адзенні. Яны павінны трымаць у належным стане тэрыторыю і сачыць за дысцыплінай. Акрамя таго, дакумент прадпісваў неадкладна выконваць усе патрабаванні тых, хто праязджаў, катэгарычна забаранялася грубіяніць. Паштовы наглядчык ў абавязковым парадку павінен быў правяраць дакументы, па якіх раней адбываліся любыя перамяшчэнні.
На Беларусі, у залежнасці ад велічыні мястэчка ці горада, былі станцыі ад 1 да 6 класаў. Першакласныя станцыі ў сваім распараджэнні мелі па 50-70 коней. Жыхары тых мясцовасцей, праз якія праходзілі паштовыя тракты, абкладваліся павіннасцю – грашовым зборам.  Акрамя гэтага, яны ўтрымлівалі ў належным стане дарогі, масты, падводы. Праезд не быў бясплатным. Напрыклад, у 1770 г.  існавала плата – 12 капеек за 10 вёрст,  у 1827 г. —  2,5 капейкі серабром за аднаго каня на вярсту.
Да сённяшняга дня (па дадзеных энцыклапедычных выданняў) у нашай краіне захавалася 36 будынкаў станцый  і кантор. Два з іх знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна. Размешчаны яны ў вёсках Гусак (пабудаваны ў 1850 г.) і Макраны (пабудаваны ў сяр. ХІХ ст.). На сённяшні дзень гэта жылыя дамы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: паштовая станцыя ў в.Гусак.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Грузия туры

https://progressive.ua

https://man-ms.com.ua