Рамуальд Траўгут

Пры ўездзе ў в. Астроўе (Чарнянскі сельсавет) стаіць помнік-крыж Рамуальду Траўгуту. На ім на беларускай і польскай мовах напісана: ”Тут, у былым фальварку Востраў, з 1862 па 1863 гг. жыў Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 – 1864 гг. Удзячныя нашчадкі. 2003 г.” Хто ж такі Рамуальд Траўгут?
Ён нарадзіўся 28 студзеня 1826 года. Хлопчыку было ўсяго два гады, калі памерла маці. У 1842 годзе Траўгут закончыў з сярэбраным медалём Свіслацкую гімназію, аднак паступіць у інжынерную акадэмію ў Пецярбургу Рамуальд не змог. Таму пайшоў служыць ў Трэці сапёрны батальён, які знаходзіўся за восемдзесят кіламетраў ад Варшавы. Першае воінскае званне (прапаршчык) Траўгут атрымаў толькі пасля трох гадоў службы. У 1852 годзе ў жыцці Рамуальда адбылася значная падзея: ён ажаніўся з дачкой варшаўскага ювеліра Ганнай Пікель. Праз год нарадзілася першая дачка, названая ў гонар маці. Але хутка Траўгуту зноў давялося адправіцца на вайну. У канцы 1853 г. ён прымаў удзел у ваенных дзеяннях у Дунайскіх княствах. Лёс быў літасцівы да Рамуальда Траўгута: ён ацалеў у віхуры баёў на самых небяспечных участках севастопальскіх умацаванняў. У ліпені 1855 года Траўгут быў пераведзены ў Харкаў, у штаб Паўднёвай арміі. Тут ён служыў казначэем, а пасля старшым ад’ютантам. Праз два гады Рамуальда перавялі ў Пецярбургскі корпус ваенных інжынераў. Аднак з пераездам у Пецярбург на сям’ю абрынуліся ўдары лёсу: памерлі двое малалетніх блізнят, за імі — бабка Юстына, а ў снежні 1859 года і жонка. Ад вялікай дружнай сям’і застаўся толькі прыгнечаны горам удавец з дзвюма маленькімі дочкамі.
У лютым 1860 года Траўгут атрымаў паведамленне яшчэ аб адной смерці – у сваім маёнтку Востраў Кобрынскага павета (зараз – вёска Астроўе) памёр брат бабкі Юстыны Віталіс Шуйскі. Рамуальд быў яго наследнікам. З’явілася магчымасць інакш уладкаваць сваё жыццё, а галоўнае – дзяцей. Загад аб адстаўцы з’явіўся 14 ліпеня 1862 года. Пачаўся новы перыяд у жыцці Траўгута. Яго новы шлюб, верагодна, быў прадыктаваны клопатамі пра дзяцей. Другой жонкай Рамуальда стала Антаніна Касцюшка, траюрадная пляменніца знакамітага правадыра паўстання.
Жыццё ў маленькай палескай вёсачцы ішло спакойна і павольна. Але і сюды данеслася вестка: за Бугам – паўстанне! Неўзабаве стала вядома пра баі пад Бярэсцем і пераправу паўстанцаў праз Буг… На вялікай частцы тэрыторыі Беларусі рыхтавалася ўзброенае выступленне. Паўстанцкі атрад Кобрынскага павета ўзначаліў Траўгут. Атрад, кіраўніцтва якім прыняў на сябе Рамуальд, налічваў усяго 160 чалавек “са шляхты, чыноўнікаў, невялікай колькасці памешчыцкіх служачых і сялян”.
…Супраць Траўгута былі накіраваны ўсе наяўныя ў гэтым раёне сілы. Рамуальд з атрадам зрабіў дваццацікіламетровы марш і заняў пазіцыі за шэсць вёрст ад месца папярэдняга бою. Тут, 25 мая, і быў трэці, самы цяжкі для атрада бой. Сілы праціўніка значна пераўзыходзілі сілы атрада Траўгута. Нечакана ён атрымаў загад не вяртацца ў Кобрынскі павет, а рухацца на паўночную Валынь. Аддаляючыся ад сваіх баз, праз лясы і балоты рухаўся атрад у глыбіню Палесся. Сілы пакідалі паўстанцаў, голад і ліхаманка выводзілі людзей са строю. Сам Рамуальд ужо з цяжкасцю рухаўся, яго вялі пад рукі двое маладых паўстанцаў. Ён распусціў атрад і аддаў загад невялікімі групамі прабірацца ў Берасцейскі і Кобрынскі паветы і далучыцца да тых атрадаў, якія там знаходзіліся. Так завяршыўся палескі паход палкоўніка Рамуальда Траўгута.
У ліпені 1863 года ён выехаў у Варшаву. 2 жніўня нацыянальны паўстанцкі ўрад прысвоіў Рамуальду званне генерала. У жніўні 1863 года Траўгут быў накіраваны ў Парыж, а 17 кастрычніка узначаліў нацыянальны ўрад і кіраваў паўстаннем у найбольш цяжкія апошнія шэсць месяцаў. Арыштаваны, у турме Рамуальд вёў сябе як і жыў – спакойна і мужна: нікога не выдаў са сваіх паплечнікаў, не адмовіўся ад сваіх перакананняў. Горда стаяў Траўгут на эшафоце перад тысячамі варшавян, якія прыйшлі паглядзець на таямнічага дыктатара і выказаць сваю салідарнасць з ім.
Пасля смерці Траўгута яго маёнтак у Востраве быў спалены.
Вясной 1933 года ў невялікай вёсачцы Востраў Кобрынскага павета, на месцы, дзе стаяў дом Траўгута, быў устаноўлены памятны знак – вялікі дубовы крыж і высечаны словы “Рамуальду Траўгуту – вялікаму сыну Палесся”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: помнік-крыж Рамуальду Траўгуту пры ўездзе ў в.Астроўе.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 29.05.2013 г. 

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

www.adulttorrent.org

adulttorrent.org
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!