НЕ ЗАБЫВАЙЦЕ ПРА САМАБЯСПЕКУ

Ужо зусім хутка прыйдзе да нас доўгачаканае лета, а гэта значыць час водпускаў і адпачынку. Але, на жаль, сустракаюцца часта ў нашым жыцці такія выпадкі, калі адпачынак заканчваецца бядой. І каб такога пазбегнуць, патрэбна ўлічваць шматлікія фактары самабяспекі. Якія? На гэтыя і іншыя пытанні дае адказы начальнік райаддзела ўнутраных спраў Віталь Ганчарук у інтэрв’ю карэспандэнту рэдакцыі.

— Віталь Іванавіч, раскажыце аб аператыўнай абстаноўцы ў нашым раёне на сённяшні дзень?
— Аператыўная абста­ноўка ў нашым раёне характарызуецца зніжэннем злачыннасці з 50 да 45 і з 43 да 26 па лініі крымінальнага вышуку. Калі гаварыць пра сельсаветы, што найбольш падвергнуты злачынствам, то гэта Велікарыцкі, Макранскі, Хаціслаўскі, Олтушскі і горад Маларыта. У горадзе з пачатку года зарэгістравана 20 злачынстваў. У параўнанні з мінулым годам трывогу выклікаюць Лукаўскі, Гвозніцкі, Хаціслаўскі сельсаветы, на тэрыторыі якіх назіраецца рост злачынстваў. Сярод апошніх пераважную большасць складаюць кра­дзяжы. Таксама, на жаль, назіраецца і рост колькасці злачынстваў, што ўчынілі непаўналетнія. Што датычыцца раскрывальнасці злачынстваў, дык яна вырасла на 14,1% у параўнанні з мінулым годам і сёння складае 76,9%. Мы ўдзячны людзям, якія нам давяраюць і звяртаюцца за дапамогай.
— Якая сітуацыя ў нас у раёне з дарожнай бяспекай?
— На тэрыторыі раёна за 4 месяцы зарэгістравана тры дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх пацярпелі людзі: 1 чалавек, у той час, як у мінулым — тры. Адно дарожна-транспартнае здарэнне было ўчынена вадзіцелем ў стане алкагольнага ап’янення. Асноўныя прычыны дарожна-транспартных здарэнняў — гэта перавышэнне хуткасці дарожнага руху, парушэнне правілаў манеўравання. За чатыры месяцы выяўлена 39 вадзіцелей, якія кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Таксама выяўлена 373 парушэнні хуткаснага рэжыму. А ў мінулым годзе на гэты час іх было 496. Такім чынам, мы можам назіраць дынаміку зніжэння.
— Хутка пачнецца лета, перыяд адпачынку, што вы можаце сказаць наконт гэтага?
— Летам мы прагназуем складаную аператыўную сітуацыю ў месцах масавага адпачынку людзей, а таксама рост крадзяжоў. Гэта звязана з тым, што людзі масава едуць на адпачынак і пакідаюць свае дамы, кватэры без нагляду, што ні ў якім разе рабіць нельга. Каб зберагчы сваю маёмасць, рэчы, патрэбна папрасіць суседзяў, каб яны глядзелі за домам альбо кватэрай. Забіралі газеты, каб паштовая скрынка не была поўнай, палівалі кветкі. Таксама нельга пакідаць ключы ад дома, як гэта не смешна, пад дыванком, хаця многія яшчэ так робяць. У першую чаргу патрэбна заўсёды самому думаць аб сваёй уласнай бяспецы.
— Віталь Іванавіч, што яшчэ патрэбна памятаць, каб адпачынак не абярнуўся бядой?
— Безумоўна, хочацца звярнуць увагу на праблему купання ў забароненых месцах. Маларыцкім райвыканкамам прынята рашэнне, што купацца можна ў Лукаўскім, Олтушскім азёрах, а таксама ў вадаёме гарадскога парку. У астатніх забаронена. Калі ж такія выпадкі будуць выяўлены, то парушальнікі будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказ­насці і аштрафаваны на суму ад 1 да 3 базавых велічынь. Часта людзі проста не разумеюць, чаму ў тых ці іншых вадаёмах купацца нельга. А гэта ў першую чаргу ўсё робіцца дзеля саміх іх і іх здароўя. Забаронена купацца там, дзе не абследавана дно вадаёмаў альбо вада па сваіх хімічных і біялагічных паказаннях няякасная. А вось там, дзе можна купацца, ёсць і спецыяльны чалавек, які назірае за ўсім, і ў выпадку, калі гэта патрэбна, можа прыйсці на дапамогу. Яшчэ патрэбна звярнуць увагу і на распіццё ў грамадскіх месцах спіртных напояў, да якіх адносіцца і піва. За такое правапарушэнне таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 8 базавых велічынь.
Ужо на сённяшні дзень зарэгістравана 8 фактаў гібелі людзей на вадаёмах, усе, хто загінуў, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Вось да чаго можа прывесці чалавечая неасцярожнасць. Хочацца звярнуць увагу і на тое, што з 52 зарэгістраваных злачынстваў 19 былі ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення. Таму, спа­дзяюся, людзі задумаюцца над сваімі паводзінамі, а лета для іх стане добрым і бяспечным адпачынкам.
Анастасія Пархамук.
На здымку: начальнік райаддзела ўнутраных спраў Віталь Ганчарук.

Опубликовано в «ГЧ» 29.05.2013 г. 

Добавить комментарий


автополив hunter

arbud-prom.com.ua

срочный автовыкуп
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!