Майстар ад Бога

Менавіта так называюць Тамару Паўлаўну Бойка, жыхарку вёскі Ланская,калегі і ўсе тыя, каму даводзілася сутыкацца з яе талентам. А ён і сапраўды ад Бога, бо любімай справе яна нідзе не вучылася. Проста неяк паспрабавала зляпіць фігурку, і рукі самі стварылі цуд.
Быў час, калі жанчына працавала на фабрыцы сувеніраў і размалёўвала маскі. Аднак хутка змяніла прафесію – стан здароўя значна пагоршыўся. Некаторы час працавала прыбіральшчыцай. А калі выпадала вольная хвіліна, ляпіла гліняныя статуэткі, пасля размалёўвала іх. Першай заўважыла майстрыху суседка — і адразу ж расказала пра яе талент дырэктару вясковай школы Ганне Максімаўне Шпетнай. Так сямнаццаць гадоў назад Тамара Паўлаўна трапіла ў навучальную ўстанову, пачала працаваць з маленькімі майстрамі. А справа тая нялёгкая і патрабуе асаблівага цярпення. Бо статуэтка робіцца не менш як тры тыдні. Мала зляпіць гліняную фігурку. Спачатку яе трэба высушыць (а на гэта спатрэбіцца тыдзень часу), пасля пафарбаваць, яшчэ раз высушыць і толькі тады замацаваць паркетным лакам і паставіць сохнуць на паліцу.Але дзецям падабаецца такі занятак. Разам з імі майстрыха кожны год прывозіць дамоў граматы з конкурсаў. Першую заваявала на фестывалі народнага мастацтва Беларусі “Беларусь – мая песня” яшчэ ў 1997 годзе, апошнюю – за работы Элы Касцючык на мінскай выставе. А колькі разоў пасля выстаў працы Тамары Паўлаўны адпраўляліся ў Германію і Польшчу ў якасці сувеніраў?!
— Ведаю, многія, хто займаецца нечым падобным, прадаюць свае творы, — заўважае кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці. — Але я не хачу. Бо ў кожную з маіх статуэтак укладзена часцінка маёй душы. А душа не прадаецца. І ўсе ідэі маіх прац бяруцца з галавы — не з кніжак.
Юлія ЛАШЧУК.
НА ЗДЫМКУ:  Тамара Паўлаўна БОЙКА за работай.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.06.2013 г.

Добавить комментарий


заказ воды на дом

www.oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!