Саксонцы на Маларытчыне

У нашым горадзе з трохдзённым візітам пабывала дэлегацыя з г.Лёбау (Германія, зямля Саксонія).
— У нас гасцілі тыя нямецкія сем’і, у якіх мінулым летам на аздараўленні пабывала 14 маларыцкіх падлеткаў, — кажа Святлана Хальпукова, кіраўнік аддзялення фонду “Дзецям Чарнобыля”. – Нашы партнёры выказалі жаданне паглядзець, у якіх умовах жывуць і выхоўваюцца дзеці з сем’яў перасяленцаў.
У першы дзень знаходжання ў Маларыце для саксонцаў была праведзена азнаямляльная экскурсія на горадзе. Госці таксама наведалі раённы Цэнтр народнай творчасці.
Насычаным стаў трэці дзень. Амаль 4 гадзіны нямецкая дэлегацыя знаходзілася ў сценах раённай гімназіі. Сустракалі яе тут з хлебам-соллю на вышытым ручніку.Затым вучні ўстановы адукацыі на нямецкай мове расказвалі пра гімназію, свае вучэбныя кабінеты, пра тое, чым захапляюцца, як праводзяць вольны час. Размова атрымалася пазнавальнай і насычанай. Замежныя госці таксама цікавіліся матэрыяльнай базай установы адукацыі, арганізацыяй навучальнага працэсу. На працяглы час саксонцы затрымаліся ў бібліятэцы гімназіі. Тут яны разважалі пра адукацыю Германіі, праводзілі паралелі з Беларуссю, выказвалі свае думкі пра ролю кнігі ў жыцці сучасных дзяцей, а таксама пазнаёміліся з вучэбнымі дапаможнікамі па нямецкай мове для вучняў 5-11 класаў.
Вельмі захапіў немцаў і краязнаўчы музей “Спадчына”.
— Багатая ў вас матэрыяльная і духоўная спадчына, — казалі госці, — і вы здолелі яе захаваць. Гэта – важны наглядны элемент для выхавання маладога пакалення. Спадчыну свайго народа неабходна ведаць, вывучаць і зберагаць. Яна з’яўляецца своеасаблівым апазнавальным знакам нацыі, яе душой.
Асабліва ў захапленні дэлегацыя была ад касцюмаў Маларыцкага строю адзення. Немцаў вельмі ўразіў і зачараваў наш фартушок. Не менш было здзіўленняў і ад убачаных вышытых карцін, якіх у музеі захоўваецца амаль 2 дзясяткі…
Затым паміж вучнямі гімназіі, якія вывучаюць нямецкую мову, і гасцямі ў кабінеце інфарматыкі адбылася “Свая гульня”. Усе пытанні ў ёй былі звязаны з Германіяй: яе гісторыяй, літаратурай, музыкай, архітэктурай, вядомымі людзьмі…
— Чым уразіла вас Маларыта? – не мог не пацікавіцца я ў замежных гасцей.
— Вельмі прыгожы і сучасны гарадок, чысты, утульны, — адказалі яны. – У нашым г. Лёбау пражывае прыкладна 13 тысяч жыхароў. Параўноўваючы 2 населеныя пункты, мы прыйшлі да высновы, што Маларыта імкліва набліжаецца да еўрапейскага ўзроўню. У чымсьці, магчыма, ужо і пераўзышла яго. Нам запомніцца ваш горад цішынёй, спакоем, размеранасцю жыцця, елкамі і цвіценнем кветак на плошчы, усмешкамі маларытчан, сонечнымі днямі і шчырасцю сэрцаў людзей.
* * *
Асноўным перакладчыкам на працягу знаходжання гасцей з Германіі была Святлана Хальпукова, дапамагала ёй Данута Ткачук. Саксонцы падкрэслілі высокі ўзровень валодання настаўніцамі нямецкай мовай.
Мікалай Навумчык.
На здымку: у час наведвання нямецкай дэлегацыяй раённай гімназіі.

Опубликовано в «ГЧ» 1.06.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


заказ воды киев

у нас dopingman.com.ua

ry-diplomer.com/kupit-diploma-ekonomista