Залатая чаша жыцця

Колькі людзей, столькі і лёсаў. Непаўторных, асаблівых.
Уладзімір Канстанціна­віч Трафімюк нарадзіўся і вырас на Украіне, Таццяна Мікалаеўна – на Лунінеччыне. А вось сваё шчасце яны знайшлі за многа кіламетраў ад роднага дому, на чужыне. Маларыта стала тым месцам на зямлі, дзе лёсы Уладзіміра і Таццяны, як магнітам, назаўжды прыцягнуліся і злучыліся ў адно цэлае.  Гісторыя знаёмства гэтай прыгожай пары — адна з самых што ні ёсць простых і звычайных. Можа, нават тыповая.
…Танечка ў школе вучылася добра. У атэстаце сталасці была толькі адна чацвёрка. Пасля заканчэння Мікашэвіцкай СШ дзяўчына падалася ў Брэсцкі педінстытут на матэматычны факультэт. На першае месца працы паехала ў Маларыту і трапіла ў СШ №1. Неяк, калі стаяла ля кабінета дырэктара, убачыла ўпершыню яго, Валодзю. Праходзя­чы разам з калегамі, жартуючы, ён падміргнуў маладой настаўніцы. Спыніўшыся, хлопец усміхнуўся і здзекліва спытаў: “Ой! Вы да нас? А ці надоўга?” Ад нечаканасці Таня нават неяк разгубілася і сарамліва адказала: “Назаўжды!” і паспешліва зай­шла да дырэктара. Назаўтра яны сустрэліся зноў. Дакладней, Уладзімір шукаў Таню сам, каб папрасіць прабачэння за ўчарашняе. Тая даравала. Хлопец ад радасці папрасіў  дазволу пабачыцца і на наступны дзень. Такой сустрэчай сталі пачынацца ўсе дні. Настаўніца матэматыкі і настаўнік чарчэння ўсюды  з’яўляліся разам. Дакладней, Уладзімір паўсюль хадзіў за Танюшай і як бы ахоўваў яе, асабліва на танцах ад іншых хлопцаў. І блізка нікога не падпускаў.
— Гавораць, што ісці ў ЗАГС пасля некалькіх месяцаў знаёмства, легкадумна, — усміхаецца Таццяна Мікалаеўна. — Як правіла, такі шлюб не дажывае і да года. А яшчэ сцвярджаюць, што так робіць толькі сучасная моладзь, што такога раней не было. Не, было. Мы ж так зрабілі.
Уладзімір Канстанціна­віч прапанаваў Таццяне руку і сэрца ўжо праз некалькі дзён пасля першага знаёмства, а праз месяц сыгралі камсамольскае вяселле. Тагачасная адміністрацыя дазволіла гэта зрабіць у будынку школы. Касцёр кахання, запалены ў красавіку 1960 г., да гэтага часу не тлее, а гарыць гарачым агнём яркай любові і сагравае сваёю цеплынёю. Залаты юбілей сумеснага жыцця – значная вяха, да якой Уладзімір і Таццяна ішлі доўгіх 50 гадоў. Трафімюкі ніякіх дат у сямейным жыцці ніколі не планавалі. Усё складвалася само па сабе. Проста кахалі і паважалі адзін аднаго. 50 гадоў разам – лепшы доказ узаемнай любові, шчырай, праўдзівай, трывалай, праверанай часам. Паўвека разам… У сумесным жыцці, безумоўна, бываюць і радасныя, і горкія моманты. Але гледзячы на гэтых па-сапраўднаму шчаслівых людзей, пачынаеш верыць, насуперак думцы скептыкаў і песімістаў, што сапраўднае каханне, шчырае, трапяткое, усё ж такі існуе.
Сямейны шлях Ула­дзіміра і Таццяны Трафі­мюкоў не быў усыпаны ружамі. Больш таго, з чашы свайго лёсу ім давялося выпіць многа цяжкасцей, нягод і гора. Але ўсё гэта пераадолелі з гонарам, годнасцю, мужнасцю, бязмерным цярпеннем і вераю ў будучае.
— У формуле сямейнага шчасця шмат сас­таўных частак,-разва­жае Уладзімір Кан­стан­цінавіч. — Яна адначасова і надзвычай простая, і вельмі складаная. З якога боку на яе глядзець, такой яна і здаецца. Галоўны сакрэт нашага даўгавечнага сямейнага жыцця – у пачуцці любові, прыцягненні адзін да аднаго і закона “трох Т”: “терпения, труда, таланта дипломатии”. На першае месца я ўсё ж такі ў гэтым радзе, напэўна, паставіў бы талент дыпламатыі. Каханне дваіх людзей без гэтага асуджана на смерць. А яшчэ неабходны, як паветра для дыхання, уменне заўжды і ва ўсім дараваць, а таксама – самая звычайная чалавечая шчырасць і падтрымка. Для мяне сям’я заўжды была і да гэтага часу з’яўляецца тым месцам, дзе цёпла, утульна і куды хочацца вяртацца.
— Я хацела б сказаць, — дадае Таццяна Мікалаеўна, — што вельмі важна ніколі і ні пры якіх умовах не папракаць, не дакараць свайго спадарожніка. Для шчаслівага сямейнага жыцця нельга гаварыць мужу ці жонцы пра недахопы, асабліва на людзях. Гэта вельмі балюча раніць, а загаіць бывае цяжка. Сказанае дрэннае слова можа крывавіць не адзін тыдзень ці нават месяц. Гэтага трэба асцерагацца і па магчымасці ніколі не рабіць. Усе мінусы свайго мужа я імкнулася, калі яны, праўда, былі, лічыць добрай якасцю, якая ёсць толькі ў яго. Спачатку такое даецца з цяжкасцю. У адмоўным бачыць толькі станоўчае – майстэрства, якое прыходзіць з гадамі.
— І яшчэ маленькі штры­шок, — кажа Уладзімір.- Усе гэтыя 50 гадоў мне вельмі цікава знаходзіцца побач з Таццянай. Хоць, здаецца, усё ужо абмер­кавалі, абгаварылі. І не адзін раз. Але калі яе доўга няма, адчуваю сябе адзінокім, а побач – пустату, якую нічым не запоўніць.
P.S. Алена Самусенка, настаўніца:
— З Таццянай і Уладзі­мірам  Трафімюкамі пра­­цавала не адзін год. Цу­доўныя і высокаінтэлі­гентныя лю­дзі, праўдзі­выя, адкрытыя. Як любілі вучні іх урокі! Ведаю іх як тых, хто самааддана прысвяціў сябе выхаванню маладога пакалення. Пра гэта, напрыклад, сведчыць і такі факт. Калі нарадзілася дачка, то Таццяна Міка­лаеўна ў дэкрэтным водпуску была толькі 4 месяцы, а потым выйшла працаваць намеснікам дырэктара. І мы, настаўнікі, на «фортках» па чарзе бегалі даглядаць малую Нонку.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: «Калі мы былі маладыя…»
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий


www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua/%D0%BE%D1%85%D1%80%D0%B0%D0%BD%D0%B0-%D0%B7%D0%B0%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%BE%D0%B2/

www.cialis-viagra.com.ua

https://citroen.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!