ЧАРГОВЫ ТРЫУМФ

Чарговы трыумф заваяваў нядаўна дзіцячы фальклорны клуб «Крынічка» Хаціслаўскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Галіны Хомік. Калектыў заняў першае месца на абласным аглядзе-конкурсе дзіцячых фальклорных калектываў «Таночак» і атрымаў права ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня».
Свята праходзіла ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна. Напэўна, месца правядзення яго было абрана невыпадкова. Уявіце сабе цэлы комплекс драўлянай сялянскай архітэктуры і прылад: хатка, кало­дзеж, хлеў, павець, дрывотня, клуня, воз, масток. А яшчэ тут размяшчаецца знакаміты музей народнага мастацтва «Бездзежскі фартушок», дзе сабраны ўнікальныя экспанаты жаночых фартушкоў, вырабленых рукамі мясцовых майстрых. Усё было прасякнута духам самабытнасці і непаўторнасці, спрыяла творчаму натхненню і раскрыццю талентаў. Вось сярод гэтага казачнага хараства давялося нашым юным фалькларыстам спаборнічаць з калектывамі з Жабінкаўскага, Драгічынскага, Бярозаўскага і Столінскага раёнаў. Трэба адзначыць, што, знаёмячыся з праграмамі іншых раёнаў, безумоўна, кожны раз бярэш для сябе пэўны вопыт, майстэрства, бо пласт фальклору сапраўды невычарпальны. Колькі б новых ідэй ты адтуль ні чэрпаў, ён, здаецца, расце і пашыраецца ўсё больш і больш.
Так было і на гэты раз. З імправізаванай фальклорнай сцэны ліліся мілагучныя песні, вясёлыя прыпеўкі, гучалі байкі, легенды, паданні, наладжваліся там і імклівыя танцавальныя скокі. Душа міжволі радавалася ад таго, што менавіта дзеці ажыццяўляюць гэтыя імпрэзы, далучаюцца самі і далучаюць іншых да гэтага цудоўнага свету.
У той дзень на конкурс калектывы прыехалі з праграмамі, складзенымі ў пяці намінацыях: абрадавая песня, найгрыш, народная проза, побытавы танец, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Выступленні ацэньвала журы ў складзе творчых спецыялістаў абласнога грамадска-культурнага Цэнтра: Марыі Дзмітрыеўны Аласюк, загадчыцы аддзела аматарскага мастацтва, старшыні журы, і Ларысы Мікалаеўны Быцко, загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры, а таксама Івана Міхайлавіча Булаткіна, этнамузыколага, мастацкага кіраўніка народнага аматарскага ансамбля «Гарошына» Бранскай вобласці Расіі; Аксаны Аляксандраўны Мяцельскай, выкладчыцы харэаграфічных дысцыплін УА «Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў» і іншых.
Што датычыцца выступлення нашага калектыву, то яно, безумоўна, было лепшым з лепшых, дзякуючы своеасаблівай манеры падачы фальклорнага матэрыялу свайго рэгіёна, выкарыстанню мясцовага дыялекту, яркай індывідуальнасці выканаўцаў. Усе гэтыя фактары адыгралі пазітыўную ролю ў вылучэнні калектыву на прызавое месца. А кіраўнік Галіна Хомік разам са сваімі калегамі, як заўжды, прыклала ўсе намаганні і выкарыстала свой багаты фальклорны вопыт, каб знайсці новыя цікавыя абрадавыя песні, невядомыя байкі, легенды, побытавыя танцы, прыпеўкі і найгрышы. Таму калектыў паказаў самае высокае выканаўчае майстэрства, самабытнасць і традыцыйнасць у дэманстрацыі аўтэнтычнай культуры свайго краю.
Па рашэнню аргкамітэта дыпломам ІІІ ступені калектыў узнагароджаны ў намінацыі «Танец» за выкананне мясцовага традыцыйнага танца «Хаціслаўская драбатуха»; дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана Ганна Круглей у намінацыі «Вусная народная творчасць» за выкананне байкі «Бочка пуд гуркы»; дыпломам І ступені узнагаро­джана Марына Бяльчук у намінацыі «Песня абрадавая» за выкананне мясцовай вясельнай песні «Чэрэз ліс дорожэйка»; дыпломам І ступені ўзнагароджаны ансамбль музыкаў у намінацыі «Інструментальная творчасць» за выкананне найгрышаў з прыпеўкамі «Хотіславскыі вытрэбэнькі». Усе пераможцы атрымалі таксама каштоўныя падарункі.
Агульны святочны настрой з поспехам дапаўнялі самадзейныя фальклорныя гурты з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы. Кожны з іх адрозніваўся, па-першае, своеасаблівымі касцюмамі, якія адлюстроўвалі нацыянальныя асаблівасці таго ці іншага рэгіёна па-другое, адметным рэпертуарам, не падобным на наш, мясцовы. І гэта ўспрымалася гледачамі з вялікай цікавасцю і сімпатыяй.
Завяршылася чарговае фальклорнае свята, але доўга яшчэ над маляўнічай драгічынскай вёсачкай луналі песні, музыка і той незвычайны душэўны настрой, цеплыня, што надоўга кранаюць душу і абуджаюць сэрца. Дзякуй, “Крынічка”, за нястомную творчасць, за актыўнасць і энергію. Добрых табе шляхоў і творчых дасягненняў!
Наталля Галавій, дырэктар раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі дзіцячага фальклорнага клуба «Крынічка» з Хаціслава.

Опубликовано в «ГЧ» 5.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.