НАВОШТА ВЫ, ХЛОПЦЫ І ДЗЯЎЧАТЫ, КУРЫЦЕ?

Адной з самых распаўсюджаных і шкодных для здароўя чалавека звычак ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў з’яўляецца курэнне. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя кураць больш чым палова мужчын і чвэрць жанчын планеты. За ўсё папярэдняе стагоддзе ад хвароб, звязаных з курэннем, памерла каля 100 мільёнаў чалавек. Цяпер штогод па гэтай жа прычыне памірае звыш 4 мільёнаў, а ў Беларусі больш чым 15,5 тысячы чалавек. І калі не прыняць кардынальных мер, дык да 2020 года тытунь стане прычынай штогадовай смерці 10 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце.
Але статыстыка не ўлічвае колькасць так званых “пасіўных” курыльшчыкаў, а калі больш дакладна, “заложнікаў” курыльшчыкаў. Не менш чым 90% тых, хто не курыць, — дзяцей, падлеткаў і дарослых — не па сваёй волі штодзённа аказваюцца ў палоне абкуранага, забруджанага адходамі паветра. І ад гэтага яны пакутуюць не менш, а мабыць, і больш, чым тыя, хто курыць.
Дык, чым небяспечнае курэнне для акружаючых, сацыяльныя фактары яго, уплыў тытуню на арганізм, метады лячэння тытунёвай залежнасці – пра гэта гаварылі ўдзельнікі “круглага стала”, што быў арганізаваны ў цэнтральнай райбальніцы, Жанна Саўчук, урач-нарколаг-псіхіятр райбальніцы, Вольга Кавалеўская, урач-валеолаг райбальніцы, Зоя Алесік, старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, былы акушэр, Вікторыя Клачан, інструктар-валеолаг, Валянціна Ібрагімава, бібліятэкар раённай бібліятэкі, Алена Чурбанава, спецыяліст райспажыўтаварыства, Людміла Бягеза, метадыст райаддзела культуры, Віктар Астапук, былы курыльшчык з больш чым 30-гадовым стажам.

Ірына Касцевіч:
— У нашай краіне курэнне таксама шырока распаўсюджана. Пры гэтым адзначана, што рады курыльшчыкаў папаўняюцца за кошт падлеткаў і моладзі. Дык чаму людзі кураць?
Жанна Саўчук:
— Важнымі прычынамі курэння з’яўляюцца “міфы”, што існуюць у грамадстве. Шырока распаўсюджана меркаванне, што тытунь павышае працаздольнасць. Пад уплывам тытунёвага дыму адбываецца пэўная актывацыя мозгу, што і ўспрымаецца суб’ектыўна, як прыліў новых сіл. Але праз некалькі хвілін ужо развіваецца зніжэнне актыўнасці мозгу, прычым яно бывае больш выражаным, чым раней. У выніку ўзнікае зніжэнне працаздольнасці і жаданне павысіць яе новай цыгарэтай, інакш кажучы, нікацін становіцца “допінгам” для работы.
Таксама сцвярджаюць, што цыгарэта змяншае стомленасць, у выніку чаго курэнне можна лічыць сродкам барацьбы са стомленасцю. Кароткачасовы ўздым сіл, які назіраецца пасля выкурвання цыгарэты, хутка заканчваецца, што вядзе да ўпаду энергіі.
Існуе распаўсюджанае ўяўленне, што курэнне змяншае пачуццё голаду. Растлумачваецца гэтая з’ява тым, што атрутныя рэчывы тытунёвага дыму, усмоктваючыся ў кроў, дзейнічаюць на нервовыя канцы, размешчаныя ў сценках страўніка і кішэчніка, і быццам бы блакіруюць перадачу нервовых імпульсаў, што сігналізуюць пра голад. Шкода ж, што наносіцца такім “голадам” арганізму, вельмі відавочная.
У нейкай ступені дзеянне нікаціну напамінае стан стрэсу, і таму “здымаць стрэс” нікацін на самой справе не можа. Ён стварае ўспрыманне адчування “зніжэння стрэсу”, для захавання якога давядзецца выкурыць яшчэ не адну цыгарэту.

Ірына Касцевіч:
— Назіраючы, як курыльшчыкамі становіцца ўсё больш і больш людзей, задаеш сабе пытанне: якія фактары рызыкі, што садзейнічаюць пачатку курэння і развіццю залежнасці ад нікаціну?
Жанна Саўчук:
— Было выяўлена вельмі шмат фактараў рызыкі. Гэта ў першую чаргу сацыяльныя фактары, да якіх адносяцца дапытлівасць, рызыкоўныя паводзіны, сум, перайманне.
Адной з важных прычын шырокай распаўсюджанасці курэння з’яўляецца рэкламная актыўнасць кампаній – вытворцаў цыгарэт. Новыя акцыі, цікавыя прызы, выкарыстанне значных для падлеткаў вобразаў (свабода, сіла, незалежнасць) успрымаюцца вельмі захапляльна і аказваюць значны ўплыў на маладых людзей, нягле­дзячы на тое, што продаж цыгарэт непаўналетнім лічыцца супрацьзаконным.
Вольга Кавалеўская:
— Рызыка развіцця залежнасці ад нікаціну вызначаецца і такімі псіхалагічнымі характарыстыкамі чалавека, як агрэсія, азарт, недахоп пазітыўных эмоцый, сарамлівасць. Такія асобасныя рысы, як імкненне да інтэнсіўных адчуванняў, абумоўліваюць больш высокую рызыку развіцця курэння.
Тыя, хто вырас у сем’ях, дзе курылі, таксама маюць большую рызыку пачаць ужываць тытунь. Гэта так званы біялагічны фактар залежнасці ад нікаціну.
Жанна Саўчук:
— Трэба сказаць, што першыя спробы курэння не прыносяць прыемных адчуванняў. Назіраюцца сімптомы атручвання нікацінам лёгкай ступені (“дзярэ” ў горле, больш часта б’ецца сэрца, у роце адчуваецца непрыемны смак).
Калі развіваецца псіхічная залежнасць, таксічнае дзеянне нікаціну паступова слабее і на першы план выходзіць дзеянне тытуню, што ўзбуджае. Пры штодзённым курэнні праз 2 месяцы ўжо можа сфарміравацца псіхічная залежнасць ад нікаціну. На наступным этапе развіваецца фізічная залежнасць: чалавек пачынае ўсведамляць, што курэнне прыносіць яму не толькі задавальненне, але і нязручнасці: раздражняльнасць, нервовасць, прыгнечанасць, слабасць, парушэнне сну, боль у сэрцы.
Вольга Кавалеўская:
— Тыя, хто выкурвае па пачку цыгарэт у дзень на працягу года, атрымліваюць сумарную дозу апраменьвання ў 500 рэнтген. Па сваёй таксічнасці тытунёвы дым пераўзыходзіць аўтамабільны ў 4,5 раза, 100 выкураных цыгарэт роўныя году работы з таксічнымі рэчывамі, якія здольны выклікаць рак.
Зоя Алесік:
— Жанчыны, якія кураць, хутка старэюць. З гадамі змяняецца іх знешні выгляд: ён становіцца грубым, менш прыцягальным, змяняюцца тэмбр голасу, колер скуры. Непапраўная шкода наносіцца будучаму дзіцяці, калі курыць цяжарная жанчына. У тых, хто курыць, узнікаюць раннія і познія таксікозы, у 2-3 разы часцей бываюць заўчасныя роды.
Дзяўчатам, якія кураць, трэба ведаць, што каварства тытунёвай атруты можа праявіцца праз некалькі гадоў “тытунёвага стажу”.
Вольга Кавалеўская:
— Шкоднасць курэння для падлеткаў узмацняецца яшчэ і тым, што яны кураць тайна, спешна, больш зацягваючыся тытунёвым дымам, а пры хуткім згаранні тытуню ў дым пераходзіць у 2 разы больш нікаціну, чым пры марудным. Падлеткі, што пачынаюць курыць, робяцца раздражняльнымі, горш вучацца, адстаюць у спорце, больш часта хварэюць, у іх зніжаецца слых.
Асноўныя хваробы курыльшчыкаў – гэта рак губы, рота, гартані, стрававода, горла, лёгкіх; сардэчна-сасудзістыя захворванні: высокі артэрыяльны ціск, стэнакардыя, інфаркт міякарда; рэспіраторныя захворванні: запаленне лёгкіх, хранічны бранхіт, бранхіяльная астма, эмфізема; захворванні страўнікава-кішачнага тракту: язва страўніка і 12-перснай кішкі, крывацячэнні і інш.
Жанна Саўчук:
— У большасці людзей курэнне прыводзіць да развіцця залежнасці ад нікаціну, таму яго трэба лічыць не шкоднай звычкай, а хваробай, не менш небяспечнай, чым залежнасць ад алкаголю і наркотыкаў.

Ірына Касцевіч:
— Любую хваробу трэба лячыць. Якія метады лячэння тытунёвай залежнасці існуюць?
Вольга Кавалеўская:
— Каля 90% дарослых курыльшчы­каў спрабуюць кінуць курыць самастойна. Падставай для гэтага служаць спецыфічныя і агульныя праблемы са здароўем, клопат пра здароўе сям’і ці дзіцяці, нараджэння якога чакаюць, імкненне паказаць станоўчы прыклад дзецям і інш.
Вікторыя Клачан:
— Згодна са статыстычнымі дадзенымі, каля 70% тых, хто кінуў курыць, зноў пачынаюць, як правіла, на працягу 3 месяцаў. Аднак з кожнай чарговай спробай верагоднасць таго, што курыльшчык назаўсёды развітаецца з цыгарэтай, узрастае.
Вольга Кавалеўская:
— Існуюць як фармакалагічныя, так і нефармакалагічныя метады лячэння. Яны ўключаюць шматлікія адмовы ад курэння. Ключавым момантам такога падыходу з’яўляецца тое, што пацыент бярэ на сябе адказнасць як за прыняцце рашэння змяніць паводзіны, звязаныя з курэннем, так і за тое, каб самастойна падтрымліваць гэтыя змяненні.
Віктар Астапук:
— Так было і ў мяне. 35 год я курыў. Старэйшы брат, Васіль, які таксама доўга курыў і кінуў, пераканаў мяне на ўласным прыкладзе, што толькі з курэннем звязаны праблемы са здароўем.
«Кінь курыць, — казаў мне Васіль не раз, — і забудзеш пра праблемы з сэрцам». Акрамя таго, і дзеці, і жонка настойвалі, каб я не курыў. А тут яшчэ і выпадак: у сям’і сына чакалася папаўненне. І я паставіў перад сабой мэту да гэтай радаснай падзеі кінуць курыць раз і назаўсёды. Пайшоў у царкву. Пагутарыў з айцом Віктарам, папрасіў у яго благаславення на такую добрую справу, а ў Бога дапамогі. Цяжка было спачатку. Памятаю, зайду на работу, мужыкі кураць, а мне так хочацца. Тытунёвы дым мне проста пахнуў. Але папрашу ў хлопцаў цыгарэту, панюхаю і назад аддам.
Быў вельмі павышаны апетыт. Калі быў дома, не адыходзіў ад халадзільніка, набраў нават лішнюю вагу, але з цягам часу ўсё прыйшло ў норму. Вялікія змяненні адчуў у сваім арганізме пасля таго, як кінуў курыць. Жыву ў доме на 5-м паверсе. І калі раней мне трэба было ўзнімацца на 5 паверх з перадышкамі, цяпер забягаю за 5 секунд, і сэрца больш не турбуе.
Усім курыльшчыкам, хто хоча і спрабуе кінуць курыць, жадаю сілы волі, настойлівасці. Пастарайцеся сябе пераканаць, што звычка курыць прыносіць вашаму арганізму не карысць, а толькі шкоду.
Жанна Саўчук:
— Між іншым, за 4 месяцы г.г. 10 чалавек з ліку курыльшчыкаў былі нашымі пацыентамі і выказвалі жаданне кінуць курыць. Дарэчы, курыльшчыкі паслядоўна прахо­дзяць праз 5 фаз адмовы ад курэння: першая – папярэдняя фаза (атрыманне інфармацыі аб шкодзе курэння); другая – фаза разваг (перакананне сябе кінуць курыць); трэцяя – актыўная (робяцца спробы кінуць курыць); чацвёртая – фаза адмовы ад курэння; пятая – фаза падтрымкі (пасля паспяховай адмовы спроба ўстрымацца ад цыгарэт).

Ірына Касцевіч:
— А колькі курыльшчыкаў у нас у раёне?
Жанна Саўчук:
— Статыстыкі такой няма, але магу сказаць, што за 4 месяцы г.г. метадам апытання ў раёне выяўлена 224 курыльшчыкі. У рэспубліцы кураць 32% мужчын і 16% жанчын.

Ірына Касцевіч:
— З пункту гледжання медыцыны, якая самая асноўная перашкода на шляху адмовы ад курэння?
Вольга Кавалеўская:
— Нікацінавая залежнасць. І тут асноўная задача медыцыны — умець паўплываць на звычку і паводзіны чалавека.
У лячэбных установах трэба фарміра­ваць матывацыю адмовы ад курэння, інфармаваць насельніцтва, аказваць курыльшчыкам псіхалагічную і сацыяльную падтрымку.
Зрэшты, мы больш гаворым пра медыцыну. Але сёння павінны быць усе зацікаўлены ў тым, каб курыльшчыкаў станавілася менш. Хацелася б пачуць, што ў аддзеле культуры робіцца па барацьбе з курэннем?
Людміла Бягеза:
— Па-першае, у кожнай установе культуры стаяць стэнды з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця. Кожная ўстанова культуры лічыцца зонай, свабоднай ад курэння. На дыскатэках у Дамах культуры рэгулярна праводзім інфармацыйныя хвілінкі, дзе расказваецца аб шкодзе курэння. На жаль, яны не даюць станоўчага эфекту. Бо большасць маладых людзей, у тым ліку і дзяўчат, лічаць за гонар курыць. А між тым, цывілізаванае грамадства на Захадзе раздзялілася на 2 класы – тых, хто не курыць, і тых, хто курыць. Апошнім забаронена з’яўляцца з цыгарэтай у грамадскіх месцах, а першыя часта атрымліваюць надбаўку да заработнай платы. І нават галівудскія “зоркі” ўжо не зацягваюцца, а жуюць нікацінавыя гумкі і хваляцца, што завязалі з дрэнным мінулым. Гэта ўсвядомленая мода на здароўе. У нас жа пакуль няма, не прыдуманы стымулы для таго, каб чалавек не курыў.
Валянціна Ібрагімава:
— На маю думку, трэба больш старацца пераконваць маладых лю­дзей, якія пасябравалі з цыгарэтай, наколькі яны самі сабе падрываюць здароўе. Неяк прыйшлі да нас на мерапрыемства 10-класнікі са школ горада. На ім абмяркоўвалася тэма здаровага ладу жыцця. Акрамя ўсяго, мы прапанавалі ім пагля­дзець відэаролікі, якія яскрава пераконвалі, што алкаголь, наркотыкі і тытунь – гэта монстры. Пераканаліся юнакі і дзяўчаты і ў тым, якую пагрозу для арганізма чалавека ўяўляе пасіўнае курэнне. Да прыкладу, калі дзіця знаходзіцца ў адным і тым жа памяшканні з актыўнымі курыльшчыкамі на працягу 1 гадзіны, яно ўдыхае такую дозу некаторых газападобных складаемых частак тытунёвага дыму, якая роўная выкурванню паловы цыгарэты.
Самі падлеткі прызналіся, што ўбачанае прымусіла іх задумацца і больш паўздзейнічала, чым лекцыя. Вывад напрошваецца сам па сабе.
Мне здаецца, каб адбіць ахвоту курыць, можна выкарыстаць і такі метад, як павышэнне цаны на цыгарэты. У Германіі 1 пачак іх каштуе ад 7 еўра і больш. Высокая цана абмяжоўвае запыт, бо не кожны малады чалавек, а яны, як правіла, не маюць уласных даходаў, не можа дазволіць сабе купіць дарагія цыгарэты.

Ірына Касцевіч:
— Бяда ў тым, што наша дзяржава ў адносінах да цыгарэт займае дваякую пазіцыю: з аднаго боку мы адстойваем здаровы лад жыцця, а з другога – усякімі метадамі стараемся рэалізаваць тавар, што выпускаюць тытунёвыя фабрыкі. Цыгарэты ў магазіне знаходзяцца на самым бачным месцы. Гандаль стымулюе продаж гэтага тавару, хоць, на першы погляд, і схавана, але такім чынам рэкламуе яго. І той, хто курыць, ніколі не забудзе ў магазіне купіць цыгарэты, бо яны заўсёды на вачах.
Алена Чурбанава:
— Тут гаварылі пра павышэнне цаны на цыгарэты. Мы ў райспажыўтаварыстве прааналізавалі і зрабілі вывад, што найбольш праз гандлёвую сетку рэалізоўваецца не танных цыгарэт, а наадварот, дарагіх. Курыльшчыкі лічаць, што дарагія менш шкодныя. Хаця гэта не так. Бяспечных тытунёвых вырабаў няма, як няма бяспечных доз выкурвання цыгарэт. Наконт схаванай рэкламы. Гэта не рэклама цыгарэт, а зручнасць для прадаўца.
Вольга Кавалеўская:
— Я так не думаю. Работнікі гандлю добра ведаюць, якія тавары даюць найбольшую выручку. Сярод такіх і цыгарэты, таму і даюць ім зялёнае святло.

Опубликовано в «ГЧ» 5.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


121.granit-sunrise.com.ua

https://topobzor.info

http://best-cooler.reviews/