АЎТАЛАЎКА ПРЫЕХАЛА!

Можна шмат гаварыць аб перавагах стацыянарных магазінаў, але ўтрымліваць іх у населеных пунктах, дзе жывуць 10 ці крыху больш чалавек, а ў іншых нават 3-5, вельмі нявыгадна. І ў першую чаргу самім гандлёвым арганізацыям. Таму аўтамагазіны, ці крамы на колах, – добрая альтэрнатыва гандлёвым кропкам у аддаленых маланаселеных вёсках.
У нашым раёне аўтамагазіны райспажыўтаварыства абслу­гоўваюць 2733 жыхары 47 маланаселеных пунктаў. Тысяча з іх – гэта жыхары малых вёсак непасрэдна і 1733 – вялікіх вёсак, дзе ёсць стацыянарная гандлёвая сетка. Дадатковае аўтаабслугоўванне жыхароў вялікіх вёсак арганізавана з той мэтай, каб вяскоўцам было больш зручна атаварвацца. Згадзіцеся, ісці з аднаго канца Радзежа ці Лукава, Макран, альбо Чарнян, Збуража, Ляхаўцаў, у другі, дзе непасрэдна магазін, не кожны з вяскоўцаў можа. Тым больш, што ў гандлі цяпер ставіцца задача аб стварэнні магазінаў крокавай даступнасці. Аўтаабслугоўванне – адзін з варыянтаў вырашэння гэтай задачы.
Тры аўтамагазіны працуюць у райспажыўтаварыстве: 2 спецыялізаваныя і 1 прыстасаваны. Але кіраўніцтва гандлёвай арганізацыі думае над тым, як набыць яшчэ адзін спецыялізаваны аўтамагазін. Бо ён мае шэраг пераваг. А найбольшая, што ў ім ёсць халадзільнае абсталяванне, якое дазваляе дастаўляць у вёску такія прадукты, як марожанае, каўбасныя вырабы, мяса птушкі і паўфабрыкаты, пельмені, рыбную прадукцыю і інш.
Распрацаваны маршруты руху і графікі прыезду ў кожную вёску. Усяго такіх 3 маршруты. Вадзіцелі і прадаўцы стараюцца прытрымлівацца графікаў, бо добра ведаюць, што ў кожнай вёсцы іх чакаюць у вызначаны час. А калі і бываюць затрымкі, дык яны толькі па аб’ектыўных прычынах.
— Для жыхароў аддаленых вёсак аўталаўка – адзіная сувязь са знешнім светам, — гаворыць Яніна Станіславаўна Крываблоцкая, жыхарка в. Новае Раматова. — Таму яе прыезду чакаюць усе без выключэння. Нехта, каб купіць тавары першай неабходнасці ці прадукты, а нехта разам з тым прыходзіць, каб пачуць свежыя навіны, падзяліцца вясковымі і інш. Гэта наша выратаванне.
Перавага магазіна на колах у тым, што ён прыедзе да вяскоўцаў у любое надвор’е.
Пры падборы кадраў кіраўніцтва райспажыўтава­рыства ўлічвае менавіта такія якасці работнікаў аўтамагазіна, як уменне зносіцца з людзьмі, чуласць, дысцыплінаванасць і адказнасць.
Як адзначылі ў гандлёвай арганізацыі, усе прадаўцы і вадзіцелі, што працуюць на 3 маршрутах, заслугоўваюць толькі добрых слоў. А гэта Святлана Салаўчук і Алег Крэнь, Марыя Цяліпка і Анатоль Галато, Ніна Наўрось і Сяргей Кардзялюк.
Прычым кадравы састаў у аўтамагазінах пастаянны, а гэта азначае, што тут сапраўды працуюць людзі невыпадковыя, якія любяць сваю справу. Праўда, нядаўна прыйшла ў гандаль Марыя Цяліпка. Яе працоўны стаж пакуль яшчэ невялікі, усяго толькі 8 месяцаў. Але, як прызналася сама прадавец, яна не шкадуе, што па прапанове Цэнтра занятасці згадзілася паехаць на курсы ў Брэст, дзе і набыла прафесію прадаўца. Штодзённа ёй, як і яе калегам, даводзіцца абслугоўваць жыхароў 5-7 вёсак. Стараецца нікуды не спазніцца, бо добра ведае, як чакаюць вяскоўцы аўталаўку. Балазе, напарнік у Марыі вадзіцель Анатоль Галато таксама з ліку работнікаў адказных. За машынай сваёй даглядае так, каб яна заўсёды была і на хаду, і чыстай, каб аўтамагазін адпавядаў усім санітарным патрабаванням.
У асартыментным пераліку ў аўтамагазінах больш за 50 найменняў тавараў. Прычым не толькі паўсядзённага попыту, прадукты. На многія з тавараў можна зрабіць заяўку. І яна абавязкова будзе выканана.
У сярэднім за май кожны аўтамагазін рэалізаваў тавараў больш чым на 100 мільёнаў рублёў, хаця некалькі месяцаў таму назад тавараабарот складаў 80-90 мільёнаў рублёў. А за 5 месяцаў г.г. аўтамагазіны выручылі 1 мільярд 340 мільёнаў рублёў.
У будучым у райспажыўтава­рыстве плануюць арганізаваць аўтагандаль у вёсках не 2, а 3 разы, каб у вяскоўцаў было яшчэ больш магчымасцей рэалізаваць свае спажывецкія правы.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Марыя ЦЯЛІПКА і Анатоль ГАЛАТО.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 8.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий